Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўніца зьнешнепалітычнага ведамства Эўразьвязу Кэтрын Эштан выступіла сёньня з адмысловай заявай --> http://www.consilium.europa.eu/uedocs/cms_data/docs/pressdata/EN/foraff/128733.pdf наконт расейскіх выбараў.

Як стратэгічны партнэр Расеі і яе непасрэдны сусед, Эўразьвяз з асаблівай цікаўнасьцю сачыў за выбарчым працэсам і грамадзкай дыскусіяй у Расеі на выбарах у Дзярждуму ў сьнежні мінулага году і на прэзыдэнцкіх выбарах, якія адбыліся ўчора. Эўразьвяз прымае да ведама папярэднія вынікі прэзыдэнцкіх выбараў і відавочную перамогу Уладзімера Пуціна. Міжнародныя назіральнікі ад Парлямэнцкай асамблеі Арганізацыі па бясьпецы і супрацоўніцтве ў Эўропе, Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЭ і Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы адзначаюць значную ангажаванасьць грамадзянскай супольнасьці ў кампанію, той факт, што ўлады дазволілі правесьці ў краіне акцыі пратэсту і не дапусьцілі неапраўданага ўмяшаньня ў іх хаду. Міжнародныя назіральнікі таксама адзначылі недахопы і парушэньні ў падрыхтоўцы і правядзеньні гэтых выбараў.

Выбар быў абмежаваны. ЭЗ заклікае Расею да выпраўленьня гэтых недахопаў.

Эўразьвяз спадзяецца на супрацоўніцтва з новым прэзыдэнтам Расеі і абноўленым урадам з мэтай усебаковай падтрымкі праграмы мадэрнізацыі, якая ўвасобіцца ў правядзеньні як эканамічных, так і палітычных рэформаў. Мы перакананыя, што новы кіраўнік расейскай дзяржавы будзе гатовы ажыцьцяўляць гэтыя рэформы, будуючы дыялёг з насельніцтвам і грамадзянскай супольнасьцю.


Прэзыдэнт Францыі Нікаля Сарказі выказаў упэўненасьць, што партнэрства Францыі і Расеі зробіць унёсак ва ўмацаваньне сусьветнай стабільнасьці. «Я накіроўваю Вам віншаваньні і пажаданьні посьпехаў Расеі і расейскага народу. Я хачу выказаць шчырую падтрымку вашым намаганьням па мадэрнізацыі эканомікі і разьвіцьцю дэмакратычнага грамадзтва», — гаворыцца ў лісьце Сарказі Пуціну.

Прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі Дэйвід Кэмэран у тэлефоннай размове з Пуціным запэўніў, што брытанскія ўлады настроеныя працаваць з выбраным прэзыдэнтам Расеі над пераадоленьнем складанасьцяў у адносінах дзьвюх краін.

Канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель у тэлефоннай размове з расейскім прэм’ерам павіншавала яго зь перамогай і падкрэсьліла, што разьлічвае на ўмацаваньне стратэгічнага партнэрства дзьвюх краін.

З афіцыйнай ацэнкай расейскіх выбараў Злучанымі Штатамі выступіла прэсавы сакратар дзярждэпартамэнту Вікторыя Нуланд:

Злучаныя Штаты віншуюць расейскі народ з завяршэньнем прэзыдэнцкіх выбараў, і спадзяюцца на супрацоўніцтва з абраным прэзыдэнтам пасьля таго, як вынікі выбараў будуць правераныя і ён будзе прыведзены да прысягі.

Злучаныя Штаты падтрымліваюць папярэднюю справаздачу місіі назіральнікаў Арганізацыі па бясьпецы і супрацоўніцтве ў Эўропе і Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы, і вітае многія іншыя ацэнкі выбараў прэзыдэнта Расеі расейскімі назіральнымі групамі. Мы адзначаем заяву кіраўніка дэлегацыі ПАРЭ, што выбары мелі відавочнага пераможцу з абсалютнай большасьцю галасоў. Мы адзначаем таксама заяву назіральнікаў АБСЭ пра ўмовы, у якіх была праведзеная кампанія, неправамернае выкарыстаньне дзяржаўных рэсурсаў, працэсуальныя парушэньні ў дзень выбараў і пра шэраг іншых праблемаў.

Мы заклікаем улады Расеі правесьці незалежнае і дакладнае расьсьледаваньне ўсіх паведамленьняў аб парушэньнях падчас выбараў. Як падкрэсьліваецца ў дакладзе АБСЭ, мы таксама адзначаем новыя крокі, якія Цэнтральная выбарчая камісія зрабіла з мэтай падвышэньня празрыстасьці выбарчага працэсу ў параўнаньні з парлямэнцкімі выбарамі ў сьнежні мінулага году. Мы заклікаем расейскія ўлады зрабіць гэтыя крокі, каб гарантаваць, што гэтыя працэдуры падчас будучых выбараў будуць больш празрыстымі.

Мы рады бачыць, што так шмат расейскіх грамадзян узялі ўдзел у галасаваньні, назіраньні за выбарамі, скарысталіся сваім канстытуцыйным правам на свабоду сходаў і мірнага выказваньня свайго меркаваньня аб палітычных і выбарчых працэсах. Колькасьць расейскіх назіральнікаў была беспрэцэдэнтнай і зьяўляецца знакам таго, што расейскае грамадзтва імкнецца ўдзельнічаць ва ўдасканаленьні дэмакратычных інстытутаў у Расеі. Мы таксама прызнаем намаганьні ўладаў па рэфармаваньні палітычнай сыстэмы, у тым ліку вяртаньне прамых выбараў губэрнатараў, спрашчэньне працэдур рэгістрацыі партый, і зьніжэньне колькасьці подпісаў, неабходных для рэгістрацыі кандыдатаў у прэзыдэнты.


Тым часам адзін з кандыдатаў у прэзыдэнты ЗША ад Рэспубліканскай партыі Міт Ромні назваў мінулыя выбары ў Расеі «зьдзекам». «Тое, чаму сьвет стаў сьведкам 4 сакавіка, было зьдзекам над дэмакратычнай працэдурай. Замест таго каб заяўляць, што яна „віншуе расейскі народ з завяршэньнем прэзыдэнцкіх выбараў“, як паступіла адміністрацыя Абамы, ёй варта было б асудзіць грубыя маніпуляцыі і абмежаваньні дзейнасьці СМІ, якія скампрамэтавалі гэтыя выбары», — заявіў Ромні.
XS
SM
MD
LG