Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскія спэкулянты трымаюць беларускі рубель?


Беларускі рубель ад пачатку году ня толькі не саступае пазыцый адносна асноўных валют, але нават умацоўваецца. Зьнешняй стабілізацыі, на думку экспэртаў, спрыяе нечакана падвышаны попыт на беларускія грошы з боку замежных бізнэс-структураў. Цікавасьць да ўтрая дэвальваванага рубля выказваюць пераважна расейцы, якія такім чынам зарабляюць на звышпрацэнтах па кароткатэрміновых укладах. Ці можна казаць, што на паверхні нацыянальную валюту трымаюць фінансавыя спэкулянты?

Ва ўмовах доўгатэрміновай непрадказальнасьці рублёвага курсу ўсё большую папулярнасьць набываюць кароткатэрміновыя дэпазыты. Банкі дзеля прыцягненьня сродкаў прапануюць разьмяшчэньне рублёвых укладаў ад двух тыдняў да трох месяцаў пад фіксаваную стаўку 45–50%. У выпадку значных сумаў і адносна прагназаванай эканамічнай пэрспэктывы эфэкт ад высокіх працэнтаў досыць адчувальны. Ці ня першымі на гэтым вырашылі зарабіць расейскія нерэзыдэнты. Гаворыць старшы аналітык «Forex Club» у Беларусі Валеры Палхоўскі:

«Калі ўважліва сачыць за аб’ёмамі таргоў, якія ў нас праходзяць на валютным рынку апошнія два месяцы, тыя ж студзень-люты, то нельга адназначна казаць, што мы бачым нейкае вельмі істотнае павелічэньне аб’ёмаў. Але пры гэтым можна адзначыць, што па расейскім рублі павелічэньне адбылося заўважнае, дзесьці на 20%. Таму калі меркаваць, што ў краіну ідзе спэкулятыўны капітал, то ён, хутчэй за ўсё, мае расейскую прыналежнасьць. І тут па дынаміцы можна рабіць пэўныя высновы. А што да даляра ці эўра, то, як і звычайна, да крызісу, натаргоўваецца прыкладна 200 мільёнаў па даляру і 100 мільёнаў па эўра».

Каб неглыбокі беларускі рынак не захлынуўся ад лішку рублёвай масы, Нацыянальны банк мусіць ствараць штучныя бар’еры. Зьменшыць прывабнасьць кароткатэрміновых дэпазытаў мяркуецца, у прыватнасьці, за кошт зьніжэньня ад 1 сакавіка стаўкі рэфінансаваньня з 45% да 38%. Але тут, як лічыць фінансавы аналітык Валеры Палхоўскі, хаваецца іншая скрайнасьць: зьніжэньне ставак пацягне адток укладаньняў і падвышаны попыт на валюту, што перакрэсьліць усе ранейшыя заявы пра стабілізацыю:

«Так, у прынцыпе, гэта можа справакаваць адток назад, але тут павінен быць нейкі часавы лаг. Бо людзі, якія ўводзілі валюту ў беларускія рублі і разьмяшчалі іх на дэпазытах, павінны сачыць за тэрмінамі. Паколькі гаворка пра тэрміновыя ўклады, яны, натуральна ж, хочуць зафіксаваць свой прыбытак. Але наўрад ці гэта будзе рух, які пачнецца проста зь месца ў кар’ер. Хутчэй за ўсё, ён будзе мець плаўны характар. Аднак тое, што зьніжэньне стаўкі рэфінансаваньня зьніжае прывабнасьць укладаў у беларускіх рублях — гэта зразумела, і зразумела, што будзе адток капіталу. І калі мы, зноў жа, убачым, што попыт на расейскую валюту па-ранейшаму будзе трымацца высокі, вырастуць аб’ёмы таргоў па расейскім рублі, то можна будзе меркаваць, што ён сыходзіць кудысьці назад у Расею».

Сёньня беларускі рубель зноў умацаваўся ў адносінах да асноўных валют, зафіксаваўшыся на адзнацы 8180 за даляр і 10 800 за эўра. Аналітык кампаніі «BusinessForecast» Аляксандар Муха кажа, што ўлады маюць магчымасьць ажыцьцяўляць ручное кіраваньне курсаўтварэньнем, але толькі да таго часу, пакуль насельніцтва і прадпрыемствы не пачнуць хаваць валюту пад падушкі:
Гэты курс у поўнай ступені рынкавы, паколькі попыт і прапанова на ўнутраным валютным рынку застаюцца збалянсаванымі.

«Пытаньне цікавае, бо тут дзейнічае цэлая сукупнасьць фактараў. Прычым зараз яны ў нас пераплятаюцца, як у нябачнай чорнай скрыні, і нельга сказаць, што менавіта гэты фактар уплывае на курсаўтварэньне ці нейкі іншы. Але ў любым разе магу адзначыць: гэты курс у поўнай ступені рынкавы, паколькі попыт і прапанова на ўнутраным валютным рынку застаюцца збалянсаванымі. Больш за тое, Нацбанк дае магчымасьць набываць любую валюту ў неабмежаванай колькасьці на ўнутраным рынку. Гэта зьвязана перадусім з тым, што і насельніцтва, і прадпрыемствы ў студзені-лютым — чыстыя прадаўцы замежнай валюты. То бок гэта азначае, што яны на чыстай аснове прадаюць замежнай валюты больш, чым набываюць».

Давер да банкаўскай сыстэмы ва ўмовах Беларусі — паказьнік, далёкі ад пастаяннай велічыні. Але нават мінулагодні досьвед абясцэньваньня ўкладаў у выніку амаль 200-працэнтнай дэвальвацыі і больш чым 100-працэнтнай інфляцыі ня стаў урокам для беларусаў, якія працягваюць несьці грошы ў банкі. Пэнсіянэрка Ніна Мірашнічэнка, страціўшы некалькі тысяч даляраў, на ўласным прыкладзе пераканалася: банкаўскія ўстановы, апынуўшыся ў складанай сытуацыі, пра кліентаў успомняць у апошнюю чаргу:
Я, можа, ня столькі абураная гэтай дэвальвацыяй, што яны ўчынілі, як абабралі, колькі закранае тое, што так падманулі старую бабу ў 81 год.

«Я калі пайшла ў банк на прыём, каб параіцца наконт укладу, запыталася: можа, пакласьці ў расейскіх рублях? Бо мне ў прынцыпе ўсё роўна, абы ляжалі ў надзейным месцы. Кансультант мне сказаў: ой, навошта вам гэта рабіць? Маўляў, з расейскіх рублёў атрымаеце толькі 8%, а зь беларускіх — ажно 22%. Разумееце, агітуюць толькі на сваю карысьць. Хоць я перакананая: яны ўжо тады ведалі, што скончыцца ўсё менавіта так. Але ўсё роўна агітуюць. Бачыце, што робіцца? Суцэльны падман! Падманулі як апошнюю дурніцу, загналі ў шокавы стан. Таму я, можа, ня столькі абураная гэтай дэвальвацыяй, што яны ўчынілі, як абабралі, колькі закранае тое, што так падманулі старую бабу ў 81 год. Вось што мяне найбольш абурае».

Спробы вярнуць страчаныя прыбыткі праз суд плёну для менскай пэнсіянэркі ня мелі. Экспэрты кажуць, што падобны прэцэдэнт меў бы катастрафічныя наступствы для ўсёй банкаўскай сыстэмы краіны, бо лік пацярпелых ад эканамічнай палітыкі дзяржавы ідзе на дзясяткі тысяч.
XS
SM
MD
LG