Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абама кажа Нэтаньягу: Астынь!


Прэзыдэнт ЗША Барак Абама заклікаў прэм’ер-міністра Ізраілю Бэньяміна Нэтаньягу аддаць перавагу дыпляматыі і эканамічным санкцыям перад вайсковай акцыяй у пытаньні недапушчэньня Ірану да стварэньня ядзернай зброі.

«Мы верым, што ўсё яшчэ існуе магчымасьць, якая дапускае дыпляматычнае вырашэньне гэтага пытаньня», — сказаў Абама падчас сустрэчы з Нэтаньягу ў Белым доме 5 сакавіка.

Паводле The New York Times, Абама пераконваў Нэтаньягу, што міжнародныя і фінансавыя эканамічныя санкцыі супраць Ірану прымусяць улады ў Тэгеране сесьці за стол перамоваў на тэму іранскай ядзернай праграмы, таму вайсковыя ўдары па іранскіх ядзерных устаноўках не зьяўляюцца неабходнасьцю.

У сваю чаргу Нэтаньягу заявіў, што Ізраіль пакідае за сабою магчымасьць нанясеньня такіх удараў. Выступаючы 5 сакавіка ў Амэрыканска-ізраільскім камітэце публічных справаў у Вашынгтоне, ізраільскі прэм’ер-міністар адзначыў:

«Мы цьвёрда намераныя не дапусьціць, каб Іран стварыў ядзерную зброю. Мы пакідаем усе магчымасьці адкрытымі, але палітыка стрымліваньня да гэтых магчымасьцяў не належыць. Габрэйская дзяржава не дазволіць тым, хто імкнецца нас зьнішчыць, займець сродкі дзеля дасягненьня гэтай мэты. Трэба спыніць ядзернае ўзбраеньне Ірану».

Барак Абама, паводле The New York Times, выступае за дыпляматычнае ўрэгуляваньне іранскай ядзернай праблемы, але напярэдадні сустрэчы з Нэтаньягу прызнаў, што «калі справа закранае бясьпеку, Ізраіль мае сувэрэннае права прымаць уласныя рашэньні».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG