Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У турме цяжка. У беларускай турме яшчэ цяжэй. Жанчынам у беларускай турме цяжэй за ўсё. Супраць быдлячых умоў утрыманьня яны маюць толькі мары. І аб гэтых марах адмысловы фотапраект дванаццаці сукамерніц — «Ізаляцыя», піша інтэрнэт-выданьне "Тут і цяпер" --> http://www.svabodaby.net/by/151/society/1276/%D0%A2%D1%83%D1%80%D0%BC%D0%B0-%D0%BC%D0%B0%D1%91%D0%B9-%D0%BC%D0%B0%D1%80%D1%8B-%D1%84%D0%BE%D1%82%D0%B0%D0%BF%D1%80%D0%B0%D0%B5%D0%BA%D1%82-%D0%B1%D0%B5%D0%BB%D0%B0%D1%80%D1%83%D1%81%D0%BA%D1%96%D1%85-%D0%B0%D1%80%D1%8B%D1%88%D1%82%D0%B0%D0%BD%D1%82%D0%B0%D0%BA.htm#.T1Ddtez1UMM.facebook .

Дзяўчат схапілі на вуліцы і пасадзілі за краты. Так яны і пазнаёміліся: пакуль дзялілі нары ў камэры № 10 на другім паверсе сталічнага ізалятару часовага ўтрыманьня, што па вуліцы Скарыны. Сёньня ўжо вольныя грамадзянкі рыхтуюць да выхаду праект «Ізаляцыя», які засяроджваецца на побытавым баку пакараньня турмой.

Тым, хто трапляе за краты, закон гарантуе мінімальныя стандарты ўтрыманьня. У беларускіх турмах не выконваецца нават гэты мінімум. Прычыны розныя: няма грошай, няма жаданьня, няма ўпэўненасьці, што арыштант — таксама чалавек.

Дзяўчаты пераканаліся, што ў камэры ізалятару марамі становяцца самыя банальныя рэчы. Есьці суп і піць гарбату, а не рознакаляровыя памыі. Права на жаночую бялізну — таксама мара. Чысьціць зубы над ракавінай, а не над дзіркай у падлозе. Ня мерзнуць ад холаду. Спаць хаця б на нарах, а не на падлозе (не хапае месцаў). Зірнуць на божы сьвет, пабачыць свой твар, памыць галаву, пастрыгчы пазногці. Усе гэтыя выпрабаваньні леглі ў аснову 12 сюжэтаў фотапраекту.

Аўтарка праекта «Ізаляцыя» Даша Сапранецкая расказвае, як нарадзілася ідэя гэтага календара:

«Мы сядзелі ў камэры, і нам вельмі хацелася пра ўсё гэтае бясчынства расказаць. Тады мы іранізавалі, што падорым Лукашэнку наш каляндар, як калісьці студэнткі — Пуціну. Аднак не хацелася літаральна паказваць усё тое, што з намі было, альбо рабіць яшчэ адзін бессэнсоўны каляндар «зь дзевачкамі». Таму ідэя паказаць мары аб нармальных рэчах, на якія ў звычайным жыцьці не зьвяртаеш увагі, нараджалася ў пакутах».

Праект «Ізаляцыя» цалкам можна будзе пабачыць на прэм’ернай прэзэнтацыі, якая неўзабаве адбудзецца ў Менску. Кампанія «Наш дом», пры падтрымцы якой рэалізоўваецца фотапраект, заплянавала таксама шэраг прэзэнтацый у краінах ЭЗ.





Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG