Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Я ня ведаю, як ратаваць Сяргея Каваленку. Але ведаю дакладна, што мы ўсе павінны паспрабаваць гэта зрабіць.

Як бы жорстка на першы погляд гэта ні гучала, але жывы ён Беларусі патрэбны. А мёртвы — піша былая палітзьняволеная і жонка палітвязьня Ірына Халіп на сайце Хартыі97.

Можна пайсьці на скрайнюю ахвяру і пакінуць сваіх блізкіх у адвечнай скрусе, калі ведаеш дакладна, што сваёй сьмерцю ты выратуеш іншых людзей. У выпадку зь Сяргеем Каваленкам — ня выратуеш нікога. І ўжо напэўна не беларускі народ. Хіба мала было сьмерцяў, у тым ліку забойстваў і самагубстваў? Вераніка Чаркасава, Алег Бябенін, Генадзь Карпенка, Дзьмітры Завадзкі, Яна Палякова — сьпіс можна працягваць. Ці ўскалыхнуліся народныя масы? Вядома, не. А зараз і пагатоў: у эпоху перамогі сацыяльных сетак як галоўнага спосабу самавыяўленьня адчайнае самаахвяраваньне Каваленкі, калі ён дойдзе да канца, выкліча толькі некалькі дзясяткаў тысяч дадатковых выкрыкаў «ШОС!» у інтэрнэце. Мужыкі зь віламі адстойваць чалавечую годнасьць беларускага народу ня выйдуць, хоць ты сотнямі абвяшчай галадоўкі і памірай.

Я выдатна разумею, што Каваленка ня можа спыніцца. Для яго гэта пытаньне не жыцьця і сьмерці, а рэпутацыі. Але рэпутацыя Аляксандра Казуліна зусім не пацярпела, калі ён спыніў галадоўку. Наадварот, усе пераканаліся ў тым, што ён ня толькі мужны чалавек, але і разумны палітык, які думае пра будучыню Беларусі. А сыход Казуліна з палітыкі пасьля вызваленьня з турмы быў яго асабістым усьвядомленым выбарам, які ніхто ня мае права асуджаць.

На жаль, шмат хто зараз сочыць за галадоўкай Сяргея з прагнай цікаўнасьцю спартыўных заўзятараў: спыніць ён яе ці ня спыніць? Памрэ ці не памрэ? А калі памрэ, як павядзе сябе грамадзтва? Ды ніяк не павядзе, гэта ўжо ясна. Нельга паміраць дзеля «ШОСаў» у сацыяльных сетках. Наагул нельга паміраць, калі ёсьць магчымасьць выжыць і працягваць барацьбу. Каваленка пра гэта ўжо ня думае — ён абраў іншы шлях. Наўрад ці ён спадзяецца, што можа сваёй галадоўкай дамагчыся адмены прысуду: уся гэтая судзейска-пракурорская навалач пляваць хацела і на яго жыцьцё, і на ўласнае сумленьне. Сяргей, думаю, гэта выдатна разумее. Наўрад ці ён спадзяецца, што сваёй сьмерцю ён пазбавіць грамадзтва ад страху і пасыўнасьці і пасьмяротна прымусіць устаць пад тыя самыя бел-чырвона-белыя сьцягі, за якія яго пасадзілі, і ісьці вызваляць краіну ад лукашызму: сьцягоў дадасца хіба што на аватарах у сацсетках. Значыць, выратаваць яго жыцьцё ўсё ж такі павінны мы з вамі. Ня ведаю, як гэта зрабіць. Яшчэ ў студзені ўсе сваякі палітвязьняў пісалі яму лісты з просьбай спыніць галадоўку. Да яго зьвяртаўся Зянон Пазьняк — галоўны маральны аўтарытэт для любога чальца КХП-БНФ. Усё было безвынікова. Цяпер «Малады фронт» прапануе пісаць лісты ў Генпракуратуру з просьбай перавесьці Каваленку пад хатні арышт з прычыны стану здароўя. Але, як паказвае досьвед усіх сем’яў, дзе ёсьць палітвязьні, ліставаньне з генпракуратурай — бессэнсоўнае марнаваньне часу. Празь месяц, калі Сяргея ўжо можа ня быць у жывых, аўтары падобных зваротаў атрымаюць стандартныя адказы наконт таго, што мэдычная дапамога асуджаным аказваецца паводле Крымінальна-выканаўчага кодэксу, ці яшчэ нешта настолькі ж бессэнсоўнае.

Так што пісаць трэба. Але не ў генпракуратуру, а самому Сяргею Каваленку. Давайце закідаем яго лістамі і тэлеграмамі з просьбай спыніць галадоўку. Адна справа, калі пішуць родныя палітвязьняў ці палітычныя дзеячы, і зусім іншае — калі гэта зробім мы ўсё: той самы беларускі народ, дзеля якога ён гатовы памерці. Нам патрэбны жывы Сяргей Каваленка, а не легенда для нашчадкаў пра чалавека, які ахвяраваў сабой дзеля краіны. Нам патрэбна яго жыцьцё, але зусім не яго сьмерць.

Магчыма, і гэта не падзейнічае. Але іншых магчымасьцяў я ня бачу, не магу прыдумаць. У каго ёсьць ідэі — прапануйце. Я толькі ведаю, што Сяргея Каваленку трэба ўратаваць. А часу засталося мала.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG