Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У апошнія гады ў прамовах кіраўніка дзяржавы нярэдка гучаць выразы "нас не нахіляць, нас хочуць нахіліць", што зьяўляецца эфэмізмам гомасэксуальнага згвалтаваньня. На мінулым тыдні Аляксандар Лукашэнка, гаворачы пра міністра замежных справаў Нямеччыны Гіда Вэстэрвэле, заявіў: "Лепш быць дыктатарам, чым «блакітным". Гэта ня першая заява Аляксандра Лукашэнкі такога кшталту на адрас нямецкага міністра - адкрытага гея. У чым карані гэтага шырокага выкарыстаньня ў палітычным лексыконе падобнай тэматыкі? З гэтым пытаньнем мы зьвярнуліся да палітэмігранта, былога начальніка ізалятара №1 МУС Беларусі Алегу Алкаеву.

Алкаеў: Я ня ведаю, магчыма Лукашэнка хоча быць найбольш даходлівым да нашых грамадзянаў, сярод якіх працэнтаў 50 ці самі ці іх сваякі сядзелі ў турмах. Падобны лексыкон, зразумела, непрымальны для такога ўзроўню. Тым больш што ў Нямеччыне гэтым нікога не пакрыўдзіш. Тут да гэтага абсалютна спакойнае стаўленьне. Напачатку гэта выклікала зьдзіўленьне, але ўсе прызвычайваюцца да таго, што нетрадыцыйныя сэксуальныя арыентацыі прымальныя. Тут цярпіма ставяцца да гэтых пытаньняў. Тут у Лукашэнкі быў відавочны намер пакрыўдзіць і прынізіць.

У Лукашэнкі быў намер пакрыўдзіць і прынізіць.

Дракахруст: У крымінальнай культуры (і ў засвоенай ад яе культуры карпарацыі сілавікоў) - наколькі згвалтаваны мужчына ці гей лічыцца ізгоем, асобай, якая знаходзіцца ў самым нізе гіерархіі?

Алкаеў: У крымінальным сьвеце гэта абсалютна так. Калі чалавек быў пасіўным партнэрам у сэксуальным кантакце - па згодзе ці бяз згоды - ён безагаворачна апынаецца ў самым нізе, бяз права голасу і нават бяз права сядзець за адным сталом з «нармальнымі» людзьмі. Але гэта чыста крымінальная культура. Яна і ў ЗША такая, і ў Нямеччыне, і ў нашым знакамітым Гулагу.

Дракахруст: А наколькі гэтае разьмеркаваньне роляў, статусаў засвойваюць прадстаўнікі сілавых структур - МУС, КДБ, наколькі яны прасякаюцца культурай тых, каго яны ловяць і ахоўваюць?

Алкаеў: Гэта даволі моцна ўплывае. Мы камунікуем падчас службы з усёй катэгорыяй, нягледзячы на статусы. Напрыклад, не прынята вітацца за руку з асуджанымі. Не таму, што гэта забаронена. А таму, што ты ня ведаеш, хто перад табой, а раптам ты павітаўся за руку з "апушчаным". І тады няважна, хто ты - лейтэнант, палкоўнік ці генэрал - ты губляеш аўтарытэт у вачах іншых асуджаных. Таму лепш ні з кім не вітацца за руку і гэтае правіла захоўваецца.

Дракахруст: А як вы мяркуеце - адкуль гэта ў Лукашэнкі? Ён не сядзеў. Да таго ж, здаецца, гэтая тэрміналёгія - наконт "нахіляць", "нагнуць" - узьнікла ў яго прамовах некалькі гадоў таму, раней ён так не гаварыў. Можа, нейкія новыя людзі ўзьніклі побач зь ім?

Можа да псыхіятраў трэба зьвярнуцца, каб яны высновы зрабілі.

Алкаеў: Я таксама зьвярнуў увагу на тое, што ў яго ўзьнікла такая лексыка. Ня ведаю чаму – можа да псыхіятраў трэба зьвярнуцца, каб яны высновы зрабілі. Я сам валодаю гэтай тэрміналёгіяй, але ніколі яе не выкарыстоўваю – "нахіляць" і іншае. На мяне паглядзелі б, як на вар'ята, маўляў, чаго ты такія параўнаньні прыводзіш? Яны для мяне асабіста абразьлівыя.

Дракахруст: А наколькі такая лексыка прынятая ў размовах паміж сабой афіцэраў праваахоўных органаў?

Алкаеў: Не, не прынятая. Жартам так могуць казаць, за келіхам, такая ж балбатня, як у сьлесараў ці шахтораў. Але публічна - я ўпэўнены, што ад афіцэра МУС вы такое ніколі не пачуеце. Гэта непрымальна. Можа, нешта памянялася за 10 гадоў, але калі я служыў, такая лексыка ў публічным абароце не віталася.
Там да гэтага сур'ёзна ставяцца. І ня трэба прымяраць на сябе тэму, хваравітую для многіх людзей, якія сталі ахвярамі гвалту. Я наагул не разумею, навошта прэзыдэнту гэта на сябе прымяраць - мяне хочуць, мяне хочуць. Хіба прыгажун такі ці што?
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG