Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебскі гарвыканкам забараніў праводзіць акцыі 25 сакавіка


Аляксей Гаўруцікаў, адзін з заяўнікаў акцый

Аляксей Гаўруцікаў, адзін з заяўнікаў акцый

Арганізатары, якія заплянавалі ў Дзень Волі шэсьце і гарадзкі сход, зьвярнуліся ў суд, каб аспрэчыць забарону.

25 сакавіка віцебскія актывісты хочуць правесьці невялікае шэсьце па цэнтры гораду і сход на плошчы Свабоды, апавёў Аляксей Гаўруцікаў, адзін з заяўнікаў акцый:

«Мы зьвярнуліся ў гарвыканкам, бо хочам правесьці імпрэзы на тэрыторыях двух раёнаў. Атрымалі адмову: маўляў, мы просім дазволу на шэсьце і мітынг ня ў тых месцах, якія вызначылі пад масавыя акцыі раённыя адміністрацыі. Але ж у рашэньні Віцебскага гарвыканкаму № 881 ад 10 ліпеня 2009 году сказана, што ў кожным канкрэтным выпадку разглядаецца магчымасьць дазволу на акцыі ў іншых месцах гораду. У адмове, якую мы атрымалі, нічога не сказана пра тое, што нашы заяўкі разглядаліся адмысловым чынам. Таму мы зьвяртаемся са скаргай у суд. Тым больш што цягам апошніх гадоў мясцовыя ўлады не дазволілі ніводнай акцыі, падрыхтаванай апазыцыйнымі актывістамі, — адмаўляюць на розных, часам незаконных, падставах».

Апошнія забароненыя акцыі — гэта былі таксама шэсьце і гарадзкі сход, заплянаваныя на 19 сьнежня мінулага году на знак салідарнасьці з палітвязьнямі. Тады заяўнікам адмовілі, бо яны не прадставілі дамовы на абслугоўваньне мерапрыемства са службай ЖКГ, міліцыяй і хуткай дапамогай. Атрымаўшы такую адмову, актывісты зьвярнуліся са скаргай у Міністэрства ўнутраных спраў на абласную ўправу МУС, бо іхні пісьмовы зварот наконт заключэньня дамовы супрацоўнікі міліцыі праігнаравалі.

Гаўруцікаў: «Тады, перад 19 сьнежня, адмова з гарвыканкаму прыйшла са спазьненьнем, а з управы МУС мы ўвогуле нічога не атрымалі. Цяпер няма адказу ад мэдыкаў: пра магчымасьць заключыць дамову на мэдычнае абслугоўваньне нічога нам не напісала віцебская гарадзкая цэнтральная паліклініка, хоць усе тэрміны для адказу ўжо прамінулі».

Віцебская гарадзкая служба ЖКГ адмовілася скласьці дамову на 25 сакавіка, патлумачыўшы, што тэрыторыю, дзе заплянаваныя акцыі, прыбірае прадпрыемства «Гардармост». Але гэтае прадпрыемства ня згадваецца ў рашэньні гарвыканкаму, якое рэглямэнтуе парадак заключэньня дамоваў на абслугоўваньне мерапрыемстваў.

Віцебскія актывісты лічаць, што іхныя правы парушаны, і просяць суд прызнаць адмову на правядзеньне імпрэзаў незаконнай, а таксама абавязаць адпаведныя структуры заключыць неабходныя дамовы.
XS
SM
MD
LG