Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МВФ:спачатку рэформы, а потым крэдыт


Крыс Джарвіс

Крыс Джарвіс

Місія МВФ, якая скончыла працу ў Беларусі, рэкамэндуе беларускім уладам стрымліваць інфляцыю, адмовіцца ад значнага павышэньня заробкаў і лібэралізаваць цэны.

Таксама місія заклікае правесьці структурныя рэформы ў эканоміцы і ўмацаваць ролю прыватнага сэктару. Аглядная місія МВФ працавала ў Менску з 22 лютага.

Падчас працы місія МВФ абмеркавала зварот беларускіх уладаў у МВФ па фінансавую падтрымку. Пра гэта заявіў кіраўнік місіі Крыс Джарвіс. Ён адзначыў, што перамовы пра крэдыт залежаць ад таго, ці праявяць урадавыя структуры, у тым ліку і на самым высокім узроўні, згоду ажыцьцявіць комплексны і пасьлядоўны пакет захадаў, накіраваных на аднаўленьне стабільнасьці. Таксама беларускі ўрад павінен стаць на шлях правядзеньня «глыбокіх структурных рэформаў». «Нам таксама патрэбная ўпэўненасьць у тым, што новая праграма будзе падтрымана краінамі-сябрамі МВФ», адзначыў Джарвіс. На пытаньне, як паўплывае цяперашні стан беларуска-эўрапейскіх стасункаў на магчымасьць новага крэдыту МВФ, Крыс Джарвіс адказаў так:

«Насамрэч мы ня можам цяпер спрабаваць перадугадваць, што будзе ўплываць на рашэньне і паводзіны краін-сябраў МВФ. Мы хацелі б аказаць падтрымку ўраду і Нацбанку ў распрацоўцы надзейнай і абгрунтаванай палітыкі, якая магла б быць падтрымана краінамі-сябрамі МВФ. Толькі калі мы ўбачым добрыя пэрспэктывы, што ўсе ўрадавыя структуры могуць падтрымаць рэалізацыю праграмы, толькі тады мы будзем гатовыя пракансультавацца з краінамі-сябрамі МВФ адносна таго, ці гатовыя яны падтрымаць такое рашэньне».

Крыс Джарвіс адзначыў, што Беларусь здольная пагашаць запазычанасьць перад МВФ і іншымі зьнешнімі крэдыторамі. І гэты доўг застанецца на эканамічна прымальным узроўні пры ўмове правядзеньня патрэбнай палітыкі. Для Беларусі, на думку спадара Джарвіса, гэта значна важней, чым атрыманьне новага фінансаваньня.
Мы павінны быць упэўненыя, што структуры, адказныя за прыняцьце рашэньняў на самым высокім узроўні ў краіне, падтрымліваюць правядзеньне рэформаў.

«Пры гэтым рэзэрвы застаюцца ў Беларусі, як і раней, на нізкім узроўні. Нават пры ўмове правядзеньня неабходнай палітыкі, магчыма, было б карысным дадатковае фінансаваньне дзеля нарошчваньня рэзэрваў і для большай надзейнасьці зьнешняй пазыцыі краіны. І гэта стала б базай для разгляду Міжнародным валютным фондам магчымасьці даць фінансавую падтрымку ў рамках новай праграмы. Мы не рэфінансуем той доўг, які краіна мае перад МВФ. Мы разглядаем поўнасьцю плацёжны балянс краіны. І на гэтай аснове робім высновы пра неабходную падтрымку краіны».

Ці называліся нейкія лічбы магчымага крэдыту для Беларусі? Спадар Джарвіс сказаў, што вызначэньне аб’ёму — гэта адзін з апошніх крокаў.

«Мы павінны быць упэўненыя, што структуры, адказныя за прыняцьце рашэньняў на самым высокім узроўні ў краіне, падтрымліваюць правядзеньне рэформаў. І гэта ўсё павінна быць зроблена да таго, як мы пачнём кансультацыі з краінамі-сябрамі МВФ пра аб’ём той дапамогі, якая можа быць неабходная краіне.Таму для таго, каб мы пачалі разгляд пытаньня, нам неабходна пераканацца,што такая падтрымка прапанаваных захадаў і рэформаў насамрэч існуе».

Місія МВФ зрабіла высновы, што беларускія ўлады павінны распрацаваць пасьлядоўны плян для эканомікі. Яна лічыць, што заплянаваны рост валавога ўнутранага прадукту на 5% не адпавядае мэце далей зьніжаць інфляцыю. Таксама місія МВФ лічыць памылковым рашэньне значна павысіць заробкі ў той сытуацыі, калі трывалая стабільнасьць яшчэ не дасягнутая. Першачарговай, прыярытэтнай задачай, паводле місіі МВФ, павінна стаць забесьпячэньне стабільнасьці ў эканоміцы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG