Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як зрабіць рэжым нябачным


Дамагчыся перамен у Беларусі з дапамогай выбараў немагчыма. Перамагчы рэжым на прэзыдэнцкіх ці парлямэнцкіх выбарах — тое самае, што дабіцца зьнікненьня СССР у выніку выбараў у Вярхоўны Савет СССР недзе ў 1960-х. А абвяшчаць байкот — такая самая дурасьць, як спадзявацца, што СССР можна зруйнаваць байкотам выбараў у Вярхоўны Савет СССР у 1960-х. Байкот асабліва сьмешны цяпер, калі заходні вэктар зьнешняй палітыкі зьнік і патрэбы ў прыгожай гульні ў дэмакратычную парлямэнцкую кампанію больш няма. Ня будзе апазыцыйных кандыдатаў, правядуць з тымі, якія будуць. Аднак размова не аб тым.

СССР для мяне асабіста пачаў крышыцца у той момант, калі вычарпаў сябе эстэтычна. Калі энэргетычны запал Віктара Цоя аказаўся больш натуральным ды праўдападобным, чым усе «Галубыя аганькі» ды «Песьні-86», якія трансьляваліся па ЦТ.

На мінулым тыдні ў беларускіх мэдыях дзяржава атрымала адну вялікую паразу. Не ў галіне палітыкі. У галіне культуры. Адразу дзьве падзеі прагучалі так моцна і так праўдападобна, што нічога дзяржаўнага нават побач не стаяла. Па-першае, на «Гарызонце» адчынілася вялікая эўрапейская па духу выстава «Радыюс Нуля», якую ў першыя гадзіны наведалі некалькі тысяч (!) чалавек. Па-другое, у літаратуры афіцыёзу паказалі дуліну літаратурнай прэміяй Гедройца. Гедройц, ды «Радыюс нуля», ды хуткі надыход яшчэ адной прэміі — Максіма Багдановіча, ды «будзьмаўская» ініцыятыва пра цмока, ды праект «Прэс фота 2011», ды нашумелы спэктакль «Маналёгі вагіны», ды іншае, іншае — абсалютна не пакідала прасторы для нейкіх дзяржаўных культурных варушэньняў. «Органы кіраваньня культурай» былі нябачнымі гэтымі днямі ў прыватных СМІ. А калі аб іх нешта і было чутно, дык выключна ў сувязі зь нейкай дурасьцю, кшталту руйнаваньня Купалаўскага ці скандалу вакол Ланской.

Я не кажу, што гэта прыкмета хуткай перамогі. Я кажу, што гэта дазваляе зразумець, як тая перамога будзе выглядаць.

1. У іканічным для перабудовы фільме «Асса» Сяргея Салаўёва ёсьць момант, дзе ў Віктара Цоя сонная цётачка-чыноўніца высьвятляе, ці ёсьць у яго спэцыяльная сцэнічная адукацыя, ці ёсьць вакальныя дадзеныя ды іншае, і вось, наўпрост пасярэдзіне «гутаркі» кумір разварочваецца ды абыякава ідзе прэч, праходзіць па шматлікіх пустынных калідорах ды выходзіць у апошнія дзьверы, за імі — сцэна, за ёй — тысячы фанатаў. Я ня ведаю, як так сталася, што пачынаючы недзе ад 1982-га, СССР зь ягоным «Міру мір» ды «Мір. Труд. Май», пачаў выглядаць, як цяпер кажуць, як «панылае лайно». Здаецца, кіравалі краінай не калхазаны ды ня гопнікі (ёсьць з чым параўноўваць). Дык чаму не прапанавалі грамадзянам нічога больш цікавага за кубік рубіка ды італьянскую папсу? Можа з-за таго, што краіна была герантакратычнай, узрост насельнікаў палітбюро быў калямаразматычным? Таямніца! Аднак я здагадваюся, чаму беларуская культура пачынае выглядаць усё болей up to date. Краіне бракуе грошай. Міліцыю яшчэ неяк падтрымліваюць. А культура ў крызыс цярпіць. Бо, здаецца, шмат каму наверсе не зусім зразумела, навошта яна наогул патрэбная, тая культура. Лядовыя палацы ёсьць, да Чэмпіянату сьвету па хакеі рыхтуемся, якая тут яшчэ культура? І вось з кожным днём усё больш бачнымі робяцца прыватныя ініцыятывы — на тле зьнікненьня ініцыятываў дзяржаўных.

2. Абедзьве буйныя культурныя падзеі, што ўскалыхнулі Менск на мінулым тыдні, цікавыя тым, што існуюць аўтаномна ад дзяржавы. Беларускіх афіцыйных грошай няма ні там, ні там — дапамаглі палякі ды прыватны бізнэс. Заўважце, у Беларусі зьяўляюцца мэцэнаты, здольныя выдаткоўваць грошы ня толькі на сумнеўныя па ўзроўні густа афіцыйныя папсовыя праекты, але і на дасканалыя выставы, літаратуру і г. д. Так хутка дойдзе да таго, што зьявіцца вялікае прадзюсэрскае кіно. Зь цягам часу можа скласьціся сытуацыя, калі слова «дзяржава» ў культуры будзе асацыявацца з коснасьцю ды дзівацтвам. Крызіс, неабходнасьць «эканоміць» ды выдаткоўваць грошы на «самае асноўнае» непазьбежна прывядзе да таго, што прыватных пасьпяховых ініцыятываў у галіне эстэтыкі зробіцца болей, чым дзяржаўных.

3. На другі дзень пасьля адкрыцьця «Радыюсу нуля» патэлефанаваў сябра фатограф ды пачаў вельмі ўсхвалявана тлумачыць, што нічога падобнага ў Менску яшчэ не было, што само адкрыцьцё пакінула ўражаньне падзеі з жыцьця бэрлінскага ці парыскага арту. Што больш за ўсё ўразіла колькасьць наведнікаў. У сваю чаргу, колькасьць наведнікаў была менавіта такой з-за таго, што аб выставе раструбілі літаральна ўсе газэты ды сайты! Як тут не напісаць, калі ў адным праекце зьядналі высілкі Ўладзімір Цэсьлер, Руслан Вашкевіч, Ігар Саўчанка ды іншыя «не заўважныя» для афіцыйнай культуры «хэдлайнэры» беларускага мастацтва. Тое самае — з Гедройцам, які зацьміў усе падзеі ў «дзяржаўнай літаратуры» апошніх месяцаў. Што можа афіцыйны саюз супрацьставіць таму валу рэцэнзіяў, інтэрвію, конкурсаў, які стварыў Гедройц? На працягу двух месяцаў любое буйное выданьне вымушана было рэагаваць спачатку на стварэньне журы, потым на абвяшчэньне «лонг-лісту», потым на беспрэцэдэнтна, скандальна вялікую прызавую суму — 105 мільёнаў. Урэшце, па неафіцыйнай літаратуры прайшла хваля цікавасьці да актуальных тэкстаў на мове. Можна запярэчыць, што бачныя былі ўсе гэтыя падзеі выключна ў маленькім гета недзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі. І што большая частка краіны працягвае глядзець БТ ды ні пра Гедройца, ні пра «Радыюс нуля» нічога ня чула. Аднак гэтых гаротнікаў не абудзіш. А вось у тых, хто ня сьпіць, зьявіўся выбар: правесьці вечар перад ТБ, ці наведаць «Радыюс». Альбо набыць кніжку каго з шорт-лістэраў Гедройца — Касьцюкевіча, Бахарэвіча, Федарэнкі, Ахроменкі, Клінава, Лукашука — ды дакрануцца да жывога беларускага слова. Прынцыпова тут тое, што менавіта ў недзяржаўных мэдыях сталі пераважаць інфармацыі пра недзяржаўныя ініцыятывы ў культуры. І гэта добра, бо ў палітыцы нават размову пра падрыхтоўку вулічных акцыяў бывае пабудуюць цяпер так, што галоўнымі героямі яе робяцца не альтэрнатыўныя дзейныя асобы, а — КДБ ды ягоныя «агенты».

4. Яшчэ раз паўтаруся: я не лічу, што заўважаная ды апісаная тэндэнцыя зьяўляецца прыкметай хуткага крушэньня рэжыму. Я проста кажу аб тым, што гэта дазваляе зразумець, як будзе візуальна аздоблена аслабленьне рэжыму (калі яно некалі адбудзецца). Як толькі ў блёках грамадзкіх, сацыяльных, палітычных навінаў на сайтах пачнуць пераважаць нататкі па інфармацыйных нагодах, створаных не дзяржавай, гэта будзе прыкметай хуткіх пераменаў. Як толькі галоўнымі дзейнымі асобамі ў палітыцы зробяцца не кіраўнік краіны ці ўраду, не дэпутаты, а прадстаўнікі незалежных прафсаюзаў, стваральнікі грамадзкіх кампаніяў, актывісты рухаў, флэш-мобэры — гэта будзе першым крананьнем надзеі. Жадаеце адчуць, што я маю на ўвазе? Пачытайце пра культуру на сайтах!
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG