Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады адмаўляюцца рэгістраваць наваствораную пярвічную арганізацыю незалежнага прафсаюзу гарнякоў на вытворчым аб’яднаньні «Граніт» у Мікашэвічах. Тым часам адміністрацыя прадпрыемства звальняе з працы найбольш прынцыповых актывістаў.

Падрабязнасьці пра гэту сітуацыю, а таксама пра выпадкі, калі звольненыя актывісты незалежных прафсаюзаў у іншых рэгіёнах ня могуць уладкавацца на працу, удакладняюць нашы карэспандэнты.

Іх паведамленьні — у рэгіянальным аглядзе Радыё Свабода.
БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА

«Будзем судзіцца з «Гранітам»

У Мікашэвічах ня могуць працаўладкавацца звольненыя з «Граніту» Алег Стахаевіч і Людміла Літвінка. Яны працягваюць дамагацца, каб іх аднавілі на працы.

Кіраўнік незалежнага прафсаюзу на «Граніце» Алег Стахаевіч накіраваў у Берасьцейскі абласны суд скаргу на пазбаўленьне пасьведчаньня кіроўцы. Акрамя таго, спадар Стахаевіч плянуе судзіцца з прадпрыемствам, каб яго аднавілі на працы:

Звальненьне — гэта адказ на актыўнасьць у незалежным прафсаюзе

Алег Стахаевіч

Алег Стахаевіч

Алег Стахаевіч кажа, што адміністрацыя «Граніту» звычайна дае тым кіроўцам, якія пазбаўленыя правоў, працу на іншай пасадзе. Таму ён перакананы, што звальненьне — гэта рэакцыя на ягоную актыўнасьць у незалежным прафсаюзе.

Працягвае дабівацца аднаўленьня на працы і Людміла Літвінка, чый муж — сакратар незалежнага прафсаюзу на «Граніце». Спадарыня Людміла працавала на замене дэкрэтнага адпачынку, але яе звольнілі, не прапанаваўшы іншай працы. Анатоль Літвінка кажа, што ў аднаўленьні на працы Людміле чыняць перашкоды:

«Уводзяць у зман наконт прыёму на працу...»

«У афіцыйным адказе з прадпрыемства ёй прыйшло, што вакансіі ўсе ў цэнтры занятасьці ў нас знаходзяцца. Яна зьвярнулася ў цэнтар занятасьці, а там ёй патлумачылі, што „Граніт“ прысылае вакансіі толькі тыя, на якія самі не змаглі падабраць кадры. То бок уводзяць яе ў зман наконт парадку прыёму на працу».

Анатоль Літвінка кажа, што жонка хадзіла да выканаўцы абавязкаў дырэктара «Граніту» Эдуарда Гаўрылковіча. Аднак той нічога ёй не паабяцаў:

«Яна да гэтага была ў яго на прыёме. І ён адказаў ёй, што, маўляў, на справядлівасьць ёй разьлічваць не выпадае...»

Аднак спадарыня не здаецца — яна ізноў запісалася на прыём да кіраўніка «Граніту».

7-га сакавіка ў Берасьці — пікет салідарнасьці

Тым часам звальненьні на «Граніце» атрымалі шырокую агалоску, выклікалі пратэсты міжнароднай супольнасьці. Незалежныя прафсаюзы ў розных рэгіёнах краіны выказваюць салідарнасьць з гранітаўцамі. Гэтак, у Берасьці рэгіянальная кіраўніца прафсаюзу РЭП падала заяўку на правядзеньне 7 сакавіка пікету салідарнасьці са звольненым Алегам Стахаевічам.
МАГІЛЁЎШЧЫНА

Пазбавілі працы за прафсаюзную дзейнасьць

У Магілёве бясплённа шукаюць працу двое прафсаюзных актывістаў — Аляксей Паўлоўскі ды Алег Аксёнаў. У Бабруйску беспрацоўным застаецца іхні калега — Канстанцін Локцеў.

Актывіст прафсаюзу работнікаў РЭП, муляр Аляксей Паўлоўскі — беспрацоўны ад 10 лютага. Звольнілі яго з акцыянэрнага таварыства «Прамжылбуд» па сканчэньні тэрміну дзеяньня працоўнага кантракту. Калегі па брыгадзе выступілі супраць рашэньня адміністрацыі, але гэта не дапамагло. Знайсьці сабе працу высокакваліфікаваны спэцыяліст ня можа.

Аляксей Паўлоўскі

Аляксей Паўлоўскі

Паўлоўскі: «Я наведаў пяць месцаў ужо. Два буйныя будаўнічыя трэсты. Усюды адмаўляюць. Зразумела, што ўва ўсіх будаўнічых арганізацыях парушаецца працоўнае заканадаўства, калектыўныя дамовы, а Паўлоўскі — той чалавек, які зможа зрабіць, каб гэта ўсё выконвалася. А ім гэта ня трэба. Пазбавілі мяне працы за прафсаюзную дзейнасьць».

Фармулёўку звальненьня замянілі на «скасаваньне кантракту з ініцыятывы працоўнага...»

Актывіст Свабоднага прафсаюзу мэталістаў Алег Аксёнаў — беспрацоўны ад 17 лютага. На Магілёўскім домабудаўнічым камбінаце ён узначальваў страйкам. Адміністрацыя прадпрыемства звольніць Аксёнава зьбіралася, як і Паўлоўскага, па заканчэньні працоўнага кантракту. Страйкамавец, аднак, адбараніўся. Фармулёўку звальненьня зьмянілі на «Скасаваньне кантракту з ініцыятывы працоўнага ў сувязі з парушэньнямі ўмоваў кантракту наймальнікам». Знайсьці працу Аксёнаў ня можа:

«Ня любяць людзей, якія бароняць свае правы...»

Алег Аксёнаў

Алег Аксёнаў

Аксёнаў: «Зьвяртаўся і ў дзяржаўныя прадпрыемствы, і ў прыватныя кампаніі. Разгортваюць працоўную кніжку: „А што гэта вы з прадпрыемствам судзіліся?“ Адразу зьяўляюцца нейкія перашкоды, каб узяць на працу. Ня любяць у нас людзей, якія бароняць свае правы».

Беспрацоўным застаецца ў Бабруйску актывіст прафсаюзу РЭП Канстанцін Локцеў. Яго звольнілі нібыта за прагул 17 студзеня. Даведаўся пра тое актывіст на пачатку лютага. Цяпер ён зьбірае дакумэнты, каб аспрэчыць рашэньне адміністрацыі раённага жылкамгасу ў судовым парадку. Гаворыць Канстанцін Локцеў:

«Я агітаваў людзей, каб яны ўступалі ў незалежныя прафсаюзы...»

«Я агітаваў людзей, каб яны ўступалі ў незалежныя прафсаюзы, для таго, каб яны хаця б мелі юрыдычную падтрымку. Адміністрацыя пра гэта даведалася і вырашыла ад мяне пазбавіцца. Я ня ўпэўнены, што знайду працу, бо, як я разумею, на мне ўжо стаіць крыж, але ж паспрабую»

ГАРАДЗЕНШЧЫНА

«Існуе пэўны „чорны сьпіс“ тых, каго непажадана браць на працу...»

Уладкавацца на працу па спэцыяльнасьці, калі ты быў сябрам незалежнага прафсаюзу, немагчыма ня толькі на дзяржаўнай працы, але нават у шмат якіх прыватных фірмах — так сьцьвярджаюць тыя, каму давялося прайсьці гэты няпросты шлях.

Сябра незалежнага прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці, гарадзенец Раман Юргель распавядае, што яшчэ ў 90-я гады быў сябрам афіцыйнага прафсаюзу. Выйшаў зь яго шэрагаў, калі той прафсаюз адмовіўся яго абараняць у канфлікце з працадаўцам. Пасьля гэтага з пачатку двухтысячных ён у складзе незалежнага прафсаюзу.

Праўда, Юргель сьцьвярджае, што менавіта з гэтага часу і пачаліся праблемы з працаўладкаваньнем. Па адукацыі ён вэтэрынар. Зьвяртаўся ў самыя розныя фірмы, зьвязаныя зь ягоным профілем, як дзяржаўныя, так і прыватныя, але адказ паўсюль быў адзін і той самы.

«Адмаўлялі і прычыны не тлумачылі»

Раман Юргель

Раман Юргель

Юргель: «Адмаўлялі і прычынаў не тлумачылі. Праўда, некаторыя ўсё ж казалі, што ты займаесься грамадзкай дзейнасьцю, будзеш тут людзей бударажыць, а нам гэта, маўляў, непатрэбна. А яшчэ будзеш улёткамі ўсё закідаць ці распаўсюджваць непатрэбную інфармацыю».

Асабліва Рамана Юргеля ўразіла стаўленьне адміністрацыі прыватных фірмаў. Ён некалькі разоў спрабаваў уладкавацца ў гіпэрмаркет «Алмі» звычайным ахоўнікам альбо рабочым, але нават і там яму адмаўлялі. Юргель лічыць, што існуе пэўны «чорны сьпіс» тых, каго непажадана працаўладкоўваць, і гэты сьпіс, зь ягоных слоў, даведзены і прыватным фірмам.

«Існуе негалосная забарона на працаўладкаваньне грамадзка актыўных людзей»

Юргель: «Усё гэта можна патлумачыць тым, што і дзяржаўныя прадпрыемствы, і прыватныя фірмы зьвязаныя з уладаю. І таму існуе негалосная забарона на працаўладкаваньне грамадзка актыўных людзей, каб яны ня мелі заробкаў і зьяжджалі з краіны».

Сябра незалежнага прафсаюзу РЭП Сьвятлана Руткоўская пяць гадоў стаяла на ўліку ў цэнтры занятасьці, мае вышэйшую адукацыю, скончыла яшчэ некалькі розных курсаў, але на працу яе нідзе доўгі час ня бралі. Жыхары некалькіх дамоў абралі яе ўзначальваць жыльлёва-будаўнічы каапэратыў, але і тут пачаліся праблемы.

«Кожны дзень жыву ў чаканьні правакацыі...»

Руткоўская: «І я кожны дзень жыву ў чаканьні правакацыі, хоць што я дрэннага зрабіла для тае адміністрацыі? Усё добрае, што я раблю для дома, атрымліваецца дрэнным для адміністрацыі. Вось такая сытуацыя...»
Камэнтар «Свабоды»:

Старшыня Беларускага прафсаюзу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП) Генадзь Фядыніч: «Незалежныя прафсаюзы не павінны «заўчасна й проста падстаўляць людзей».

Існуе дакладная статыстыка, што за апошнія два гады колькасны склад Незалежнага прафсаюзу гарнякоў (НПГ) павялічыўся на 1,5 тысячы чалавек. Гэтую станоўчую тэндэнцыю, як лічыць Генадзь Фядыніч, абяцае ўзмацніць створаная ўжо пярвічная арганізацыя ў Мікашэвічах. Але, па словах суразмоўцы, цяперашняя сытуацыя вымагае канкрэтных дзеяньняў:

Генадзь Фядыніч

Генадзь Фядыніч

«Трэба на месцы там праводзіць і пікеты і, калі трэба, мітынгі, каб людзі адчувалі падтрымку. А ня толькі абмяркоўваць сытуацыю ў незалежных СМІ й на сайтах у інтэрнэце. Трэба зь людзьмі размаўляць на месцы, каб і ўлада бачыла, што людзі змагаюцца за свае правы і яны ў гэтым не адны. Таму калі гэтага цяпер не рабіць і калі ўлады з „Гранітам“ разьбяруцца так, як яны мараць, то наўрад ці ў бліжэйшы час на буйным прадпрыемстве можна будзе стварыць арганізацыі незалежнага прафсаюзу...

Па-мойму, таксама час ствараць рэгіянальныя структуры незалежнага прафсаюзу, каб грунтоўна рыхтаваць актывістаў, а не „засьвечваць“ іх загадзя. А калі арганізацыя стане шматлікай і складзе прыкладна палову колькасьці працоўнага калектыву, то тады заяўляць пра сябе ва ўвесь голас. А заўчасна і проста так людзей не падстаўляць...»

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG