Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паўла Вінаградава вызвалілі, пратакол накіравалі на дапрацоўку


Павал Вінаградаў

Павал Вінаградаў

Пратакол затрыманьня вярнулі ў міліцыю Маскоўскага раёну Менску. Ён быццам бы складзены неадпаведным чынам.

Судзьдзя Яўген Хаткевіч накіраваў пратакол, складзены супрацоўнікамі Маскоўскага РУУС на Паўла Вінаградава, на дапрацоўку. Вінаградава адпусьцілі на свабоду. Празь некалькі дзён яго чакае наступнае судовае паседжаньне.

2 сакавіка а палове на сёмую вечара актывіста грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!» Паўла Вінаградава павінны былі вызваліць пасьля адбыцьця 10-суткавага арышту з ізалятара на Акрэсьціна. Туды ён трапіў за акцыю пратэсту плюшавых цацак. Але родныя і сябры дарма чакалі Паўла. Ягоны бацька Юры Вінаградаў апавёў:

«Прыехаў на Акрэсьціна я загадзя, у 17:50, каб сустрэць сына. А палове на сёмую выйшаў супрацоўнік, запытаўся, каго мы чакаем, і сказаў, што Пашу вызвалілі раней. На ўсе пытаньні адказваць адмовіўся. Мы прачакалі да сёмай гадзіны, а потым паехалі дадому, пачалі тэлефанаваць у шпіталі, моргі, усе РУУСы. У выніку патэлефанаваў міліцыянт на хатні тэлефон жонкі Паўла Сьвятланы і сказаў, што на Вінаградава складзены пратакол і ён ужо зноў на Акрэсьціна».

Паводле вэрсіі міліцыянтаў, Павал пасьля вызваленьня на ганку крамы «Базар», што ў Малінаўцы на вуліцы Ясеніна, крычаў «Я на свабодзе!» і нецэнзурна лаяўся. Яго затрымалі і даставілі спачатку ў пастарунак, дзе склалі пратакол, а потым адвезьлі ў Цэнтар ізаляцыі правапарушальнікаў. Пратакол падпісалі ўчастковыя міліцыянты Давыдзюк і Лістапад.

Павал Вінаградаў распавёў зусім іншую гісторыю:
Паказалі з вакна краму, каля якой я быццам бы лаяўся матам, і я адразу зразумеў, што паеду назад на Акрэсьціна.

«Супрацоўнікі міліцыі прыехалі ў Цэнтар ізаляцыі правапарушальнікаў за гадзіну да таго, як мяне павінны былі выпусьціць — магчыма, каб людзі, якія мяне будуць сустракаць, не заўважылі, як мяне будуць вывозіць. Забралі, прывезьлі мяне ў ГАМ № 2 Маскоўскага раёну, там на мяне склалі пратакол, паказалі з вакна краму, каля якой я быццам бы лаяўся матам, і я адразу зразумеў, што паеду назад на Акрэсьціна».

Судзьдзя Яўген Хаткевіч даволі скрупулёзна вывучаў пратаколы, апытваў сьведак-міліцыянтаў, двойчы абвяшчаў перапынкі і ўрэшце вярнуў справу на дапрацоўку.

Праваабаронца Алеся Якубоўская тлумачыць: «Пасьля дапрацоўкі абавязкова будзе наступны суд, дзе мы зможам ужо пачуць сапраўдны вырак».

Павал Вінаградаў з жонкай Сьвятланай

Павал Вінаградаў з жонкай Сьвятланай

Паколькі затрымалі Паўла ў пятніцу ўвечары, наперадзе былі выходныя, Вінаградаў да суду амаль трое сутак адседзеў у ізалятары. Жонка Паўла Сьвятлана спадзяецца:

«Мне падаецца, што калі справу накіравалі на дапрацоўку, гэта паказьнік таго, што яго, канечне, не апраўдаюць, але, магчыма, абмяжуюцца тэрмінам, які ён ужо адседзеў».

Павал, трапіўшы ў ізалятар, абвясьціў галадоўку. На пытаньне, як яго здароўе, адказаў так:

«Нармальна трымаюся, на соках. Выдатна сябе адчуваю. Шчыра кажучы, галадоўка мне нават крыху карысная, бо скінуў кіляграмы, набраныя пасьля зоны. Так што пачуваю сябе цудоўна».

Яшчэ адзін актывіст кампаніі «Гавары праўду!», Аляксандар Арцыбашаў, які разам з Паўлам атрымаў 10 сутак, застаецца на Акрэсьціна. 1 сакавіка яго асудзілі яшчэ на 7 сутак за акцыю 20 лютага, калі маладыя людзі выйшлі на плошчу Незалежнасьці зь літарамі «ШОС». Арцыбашаў таксама трымае галадоўку.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG