Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля абмену дыпляматычнымі ўдарамі паміж Менскам і ЭЗ паўстае пытаньне: а што ж далей? — піша аўстрыйскае выданьне «Кurier».

Чарговая фаза канфлікту разгарэлася на мінулым тыдні за лічаныя гадзіны. Спачатку беларускае кіраўніцтва прапанавала пакінуць Беларусь двум эўрапейскім амбасадарам. Потым на знак салідарнасьці зь імі зь Менску зьехалі ўсе астатнія.

Паводле незалежных беларускіх СМІ, у адказ на прынятыя ЭЗ санкцыі ў дачыненьні да беларускіх чыноўнікаў і рашэньня ўключыць у «чорныя сьпісы» асобаў і кампаніі, якія фінансуюць рэжым, беларускія ўлады плянуюць скласьці ўласны сьпіс грамадзянаў, якім ня будзе дазволена выяжджаць з краіны.

Паводле «Кurier», адносіны паміж Беларусьсю і Эўропай зайшлі ў тупік пасьля разгону акцыі пратэсту супраць Лукашэнкі 19 сьнежня 2010 году, арыштаў і турэмных пакараньняў яе ўдзельнікаў.

З таго часу 210 паплечнікаў Лукашэнкі апынуліся ў «чорным сьпісе» ЭЗ. Найперш гэта прадстаўнікі беларускай судовай сыстэмы, КДБ і іншых спэцслужбаў. Ім адмоўлена ва ўезьдзе ў эўрапейскія краіны, іх рахункі заблякаваныя.

У мінулы аўторак сьпіс быў пашыраны на 21 асобу. Гэта значна менш, чым чакалася. Пасьля таго як ЭЗ пачаў уводзіць санкцыі супраць асобаў, якія фінансуюць рэжым Лукашэнкі, зьявілася інфармацыя, што сьпіс у далейшым можа павялічыцца яшчэ прыкладна на 100 імёнаў.

На ад’езд эўрапейскіх дыпляматаў афіцыйны Менск адрэагаваў падкрэсьлена абыякава. Хоць назіральнікі лічаць, што санкцыі адносна бізнэсоўцаў істотна адаб’юцца на і без таго цяжкой сытуацыі ў беларускай эканоміцы.

Як заўважае аўстрыйскі «Кurier», дыпляматычны раскол паміж Беларусьсю і ЭЗ азначае, што Менск разьлічвае на падтрымку Расеі і ідзе да яе ў абдымкі. Раней расейскі прэм’ер-міністар Уладзімер Пуцін назваў санкцыі ЭЗ «непрымальнымі і бессэнсоўнымі».
XS
SM
MD
LG