Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БАЖ тлумачыць пракуратуры розьніцу паміж «фрылансэрамі» і «журналістамі замежнага СМІ»


Нагодай для звароту сталі афіцыйныя папярэджаньні, вынесеныя гарадзенскім журналістам, сябрам БАЖ: Віктару Парфёненку, Аляксандру Дзянісаву, Мікалаю Дзячэню і Гражыне Шалкевіч. Матэрыяламі гэтых журналістаў карысталіся замежныя СМІ.

У лісьце, які юрысты БАЖ накіравалі ў Гарадзенскую пракуратуру, даводзіцца, што закон «Аб СМІ» забараняе дзейнасьць без акрэдытацыі «журналістам замежных сродкаў масавай інфармацыі» (п. 4 арт. 25).

Паводле гэтага ж закона, «журналістамі замежнага СМІ» лічацца фізычныя асобы, зьвязаныя з рэдакцыяй замежнага СМІ працоўнымі стасункамі (п. 6 арт. 1). А ў Палажэньні аб парадку акрэдытацыі ў РБ журналістаў замежных СМІ сказана, што ў ім прымяняюцца тэрміны, вызначаныя законам «Аб СМІ».

А таму, на думку юрыстаў, толькі журналісты, якія ўваходзяць у штат рэдакцыі замежнага СМІ, абавязаныя атрымліваць акрэдытацыю ў якасьці журналіста замежнага СМІ.

Што ж да права любога беларускага грамадзяніна зьбіраць і распаўсюджваць інфармацыю, прапаноўваючы яе ў тым ліку і замежным СМІ, дык яно гарантаванае артыкулам 19 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, ратыфікаванага Рэспублікай Беларусь.

Юрысты БАЖа просяць адмяніць вынесеныя сябрам арганізацыі афіцыйныя папярэджаньні і заклікаюць патлумачыць работнікам пракуратуры палажэньні закону «Аб СМІ», каб спыніць яго няправільнае прымяненьне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG