Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якіх зьменаў у беларуска-расейскіх дачыненьнях можна чакаць пры новым прэзыдэнце Расеі? Ці адбудуцца ў бліжэйшыя гады «гучныя» інтэграцыйныя падзеі, кшталту пераходу Беларусі на расейскі рубель, стварэньня парлямэнту, мытнага саюзу ці продажу ключавых прадпрыемстваў беларускай індустрыі?

Якую ролю адыгрывае і можа адыграць Расея ў цяперашнім канфлікце паміж афіцыйным Менскам і Эўразьвязам?

На гэтыя пытаньні ў «Праскім акцэнце» адказваюць расейскія палітычныя экспэрты: Вадзім Дубноў, Уладзімір Жарыхін, Фёдар Лук’янаў, Яўген Мінчанка, Міхаіл Рэмізаў і Андрэй Суздальцаў.


Беларускі пункт парадку дня новага прэзыдэнта РФ

Дракахруст: Вынік расейскіх выбараў уяўляецца даволі чаканым — наступным прэзыдэнтам Расеі стане зноў Уладзімір Пуцін. Але ёсьць пытаньне — які Пуцін? У прыватнасьці, якія зьмены могуць адбыцца ў беларуска-расейскіх дачыненьнях пасьля ўцарэньня ў Крамлі стара-новага прэзыдэнта.

Аглядаючыся на апошнія чатыры гады, нельга сказаць, што двухбаковыя дачыненьні разьвіваліся паводле трэнду, гэтак жа, як і пры Пуціне другога тэрміну кіраваньня.

На гэтыя гады прыпалі спробы Лукашэнкі гуляць на супярэчнасьцях унутры тандэму, вострая інфармацыйная вайна у 2010-м, шэраг гандлёвых войнаў, нарэшце, утварэньне мытнага саюзу і адзінай эканамічнай прасторы.

Што далей, як зьменяцца дачыненьні пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Расеі?

На думку дырэктара Міжнароднага інстытуту палітычнай экспэртызы Яўгена Мінчанкі, гэта будзе залежаць ад шэрагу як унутрырасейскіх, гэтак і міжнародных фактараў.

Яўген Мінчанка

Яўген Мінчанка

Мінчанка: Дачыненьні Расеі і Беларусі шмат у чым будуць залежаць ад таго, што будзе адбывацца ўнутры Расеі: у якой меры будуць маштабнымі акцыі пратэсту, як будзе адбывацца ці ня будзе адбывацца дэмакратызацыя палітычнага жыцьця, якія будуць міжнародныя геапалітычныя расклады, якая будзе кан’юнктура на рынках энэрганосьбітаў. Усе гэтыя аспэкты будуць уплываць на дачыненьні Расеі і Беларусі. Я думаю, што ад ідэі пашырэньня эўразійскай інтэграцыі пакуль ніхто не адмаўляецца, але праблема ў тым, што мы ўжо дасягнулі піку гэтай інтэграцыі, таму што рынкі нашых краін досыць сур’ёзна пераарыентаваныя. І сёньня мы яшчэ будзем выціскаць нейкія элемэнты з гэтых апошніх інтэграцыйных ініцыятываў — з Мытнага саюзу. Але эканамічны эфэкт з гэтага ўсяго канечны. Ён мог якасна вырасьці ў сытуацыі, калі б да Мытнага саюзу далучылася Ўкраіна. Але я лічу, што гэта малаверагодна на працягу бліжэйшага году да парлямэнцкіх выбараў ва Ўкраіне.

Дракахруст: Аглядальнік расейскай службы Радыё Свабода Вадзім Дубноў мяркуе, што наступныя дачыненьні Менску і Масквы будуць найперш пазбаўленыя ілюзіяў.

Дубноў: Абодва партнэры выдатна ведаюць цану адзін аднаму і цану сытуацыі. Гэта будзе, на мой погляд, нейкі набор імправізацыяў, мізансцэн, у якіх і Пуцін, і Лукашэнка будуць адыгрываць тое, што ад іх чакаюць. Вось гэта паказное братэрства, дэманстратыўная салідарнасьць, як гэта адбылося ў гісторыі з пасламі. Але пры гэтым усе разумеюць, што ніякіх ілюзій наконт беларуска-расейскіх дачыненьняў мець ня варта. І тое, што адбываецца на самой справе, будзе відаць наскрозь.

Дракахруст: Дырэктар расейскага Інстытуту нацыянальнай стратэгіі Міхаіл Рэмізаў падкрэсьлівае інстытуцыйны характар двухбаковых дачыненьняў, яны паводле яго будуць вызначацца не асабістымі дачыненьнямі лідэраў, а дамовамі пра мытны саюз і АДКБ.

Міхаіл Рэмізаў

Міхаіл Рэмізаў

Рэмізаў: Стратэгічна замена Мядзьведзева на Пуціна ў Крамлі ня зьменіць характар расейска-беларускіх дачыненьняў. У нейкі момант асабістыя дачыненьні паміж прэзыдэнтамі Расеі і Беларусі сталі складанымі. Пуцін разрадзіў абстаноўку, каб вывесьці сытуацыю з такога клінчу. А потым убачылі, што ўдалося стварыць плятформу для двухбаковых дачыненьняў у выглядзе Мытнага саюзу, Адзінай эканамічнай прасторы, былі падпісаныя дакумэнты па АДКБ. І пытаньні па газе таксама былі ўзгодненыя. Вось гэта плятформа для двухбаковых дачыненьняў, якая дазваляе спадзявацца на тое, што яны ня будуць моцна залежаць ад асабістага фактару. Тым больш, што Пуцін і Лукашэнка — партнэры ня новыя і адзін аднаго выдатна ведаюць. Таму я лічу, што ў сувязі зь яго вяртаньнем у Крэмль якіх-небудзь сюрпрызаў ў дачыненьнях Беларусі і Расеі не чакаецца.

Нядаўна Пуцін падчас размовы са сваімі прыхільнікамі адказваў на пытаньні аб эўрапейскіх санкцыях у дачыненьні да Беларусі. Ён даў зразумець, што дыстанцуецца ад гэтага канфлікту. Гэта цалкам прадказальна, зыходзячы з агульнай лініі паводзінаў Пуціна ў дачыненьні да Беларусі. Думаю, што яна ўжо склалася і ў пэўнай ступені больш-менш зразумелая. І цяпер галоўным фактарам гэтых дачыненьняў зьяўляецца Мытны саюз і АДКБ — гэта тыя інстытуты, якія сёньня напоўненыя рэальным зьместам.

Дракахруст: Дацэнт катэдры сусьветнай палітыкі Вышэйшай школы эканомікі Андрэй Суздальцаў лічыць, што мэтай Масквы пры Пуціне стане рэфармаваньне беларускай эканамікі, каб яна не цягнула так шмат рэсурсаў з Расеі.

Суздальцаў: Праект ёсьць, і велізарны, прычым Лукашэнка даў згоду ў ім удзельнічаць. Стаіць задача правесьці эканамічную рэформу ў Рэспубліцы Беларусь. Рэспубліка цяпер знаходзіцца ў «чорнай дзірцы» розных падтрымак, прэфэрэнцый і датацый. Ёсьць меркаваньне, што актыўны ўдзел Беларусі ў Адзінай эканамічнай прасторы забясьпечыць празь некалькі гадоў структурнае рэфармаваньне яе эканомікі. Гэта ператворыць Беларусь у сучасную дзяржаву, якая зможа стыкавацца з эканомікамі ўсяго сьвету.

Удзел у прыватызацыі беларускіх прадпрыемстваў, ня лічачы «Белтрансгазу», цяпер ня мае сэнсу. Эканоміка ня рынкавая, такім чынам, што зь імі потым рабіць? Неабходная рэформа. Натуральна, будзе патрабавацца ўзорнае выкананьне ўсіх. Але выкананьне гэтых пагадненьняў і ўмоваў зьяўляецца немагчымым, паколькі ні Лукашэнка, ні іншы чалавек, які займаў бы гэтую пасаду, выканаць гэтыя ўмовы і пагадненьні ня змогуць. Гэта зусім не азначае, што Лукашэнка дрэнны. Рэспубліка не гатовая да рэальнай інтэграцыі, паколькі неабходная канструктыўная мадэрнізацыя ўсіх сфэр эканомікі і апарату ўлады.

Дракахруст: Намесьнік дырэктара Інстытуту краін СНД Уладзімір Жарыхін мяркуе, што Дзьмітры Мядзьведзеў у дачыненьнях з Лукашэнкам часам даваў волю сваім эмоцыям, чаго ня будзе пры прэзыдэнце Пуціне.

Уладзімір Жарыхін

Уладзімір Жарыхін

Жарыхін: Прынцыпова дачыненьні ня зьменяцца. Усё ж Пуцін, будзем казаць прама, шмат у чым вызначаў ня толькі эканамічную, але і зьнешнюю палітыку таксама. Тым ня менш, характар у нашага цяперашняга прэзыдэнта і магчымага будучага ўсё ж крыху адрозьніваюцца. Таму дачыненьні паміж дзяржавамі будуць прагматычнымі і менш эмацыйнымі. Як мне здаецца, часам Дзьмітры Анатольевіч у дачыненьнях зь няпростым перамоўнікам, Аляксандрам Рыгоравічам, занадта шмат даваў волі сваім пачуцьцям і запалу. Я быў на сустрэчы з Уладзімірам Уладзіміравічам. Ён сказаў, што некаторыя мяркуюць, што Эўразійскі саюз адыходзіць на другі плян, таму што артыкул пра яго быў напісаны раней. Але Пуцін лічыць той тэкст неад’емнай часткай сэрыі сваіх артыкулаў. І ён быў першым невыпадкова. Безумоўна, гэты артыкул будзе мець вялікае значэньне, але з улікам усіх тых словаў, якія былі сказаныя ў яго апошнім артыкуле. Там гаварылася аб неабходнасьці стварэньня так званай «Вялікай Эўропы», гэта значыць рэзкага пашырэньня ўзаемадачыненьняў, у першую чаргу эканамічных, з ЭЗ.

Дракахруст: Нарэшце — прагноз рэдактара часопісу «Россия в глобальной политике» Фёдара Лук’янава.

Лук’янаў: Я думаю, што ня варта чакаць асаблівых зьменаў, калі ў цэлым казаць аб стаўленьні Пуціна да Беларусі і пэрсанальна да Лукашэнкі. Пуцін, як вядома, яшчэ з самага першага прэзыдэнцтва прыкметна зьмяніў мадэль дачыненьняў зь Менскам, стаў пазыцыянаваць Расею як значна больш жорсткага партнэра, які зацікаўлены ў канкрэтнай аддачы, а не ў агульных запэўніваньнях у любові і сяброўстве. Лічу, што гэтая мадэль захаваецца. Цяпер у яе ёсьць інстытуцыйная форма пад назвай «Мытны саюз». У адрозьненьне ад папярэдніх фарматаў, у тым ліку саюзнай дзяржавы Расеі і Беларусі, Мытны саюз — гэта значна больш пэўная арганізацыя, якая дзейнічае паводле выразных і ясных правілаў. Мэтай Расеі зьяўляецца ўмацаваньне і разьвіцьцё дадзенай арганізацыі, ператварэньне яе ў рэальнага эканамічнага актара, у рэгіянальнага, а можа быць, нават і агульнаэўрапейскага, эўразійскага маштабу. Беларусь на працягу доўгага часу ў асобе прэзыдэнта актыўна супраціўлялася абавязваючым дамоўленасьцям і кампрамісам, у сэнсе аддачы актываў. Але цяпер з прычыны некаторых абставінаў рух стаў просталінейным. Думаю, што Пуціну будзе важна гэты рух стымуляваць. Гэта азначае, што Беларусь будзе атрымліваць палітычную падтрымку і субсыдыі, што ў яшчэ большай меры будзе прывязваць Менск да расейскай сфэры эканамічных інтарэсаў. Пакуль гэта адбываецца досыць пасьпяхова і якіх-небудзь зьмен не прагназуецца.

Прадпрыемствы, валюта, парлямэнт

Дракахруст: Гэта — што да стратэгіі, трэнду, як яго бачаць расейскія экспэрты. Ну а што наконт канкрэтыкі?

Ну напрыклад апошнім часам ізноў актуалізавалася тэма пераходу Беларусі на расейскі рубель. Дарэчы, за гэта ў нядаўнім артыкуле ў «Советской Белоруссии» выказаўся таксама і старшыня Савету Рэспублікі Анатоль Рубінаў. А старшыня расейскай Дзярждумы Сяргей Нарышкін нядаўна прапанаваў стварыць парлямэнт краін Мытнага саюзу — эўразійскі парлямэнт.

Нарэшце, летась быў канчаткова прададзены «Газпрому» «Белтрансгаз». Ці адбудзецца ў бліжэйшыя гады продаж, так бы мовіць, «дыямэнтаў кароны» — скажам, нафтаперапрацоўчых заводаў, Беларускалію, Азоту, іншых прапрыемстваў такога кшталту?

Фёдар Лук'янаў

Фёдар Лук'янаў

Лук’янаў: З таго, што Вы пералічылі, думаю, што найбольш верагодны продаж «дыямэнтаў кароны», які, дарэчы, ужо пачаўся. Расею ў першую чаргу цікавіць набыцьцё набору актываў, якіх, трэба заўважыць, ня так ужо і шмат у Беларусі. Затое ўсе яны ў ідэале павінны перайсьці пад кантроль Расеі альбо хаця б у супольнае валоданьне. Што да адзінай валюты, парлямэнту, думаю, што наўрад ці гэта адбудзецца, паколькі цяпер у гэтым няма асаблівай зацікаўленасьці. Упершыню ў рамках Мытнага саюзу або эўразійскага саюзу, як яго цяпер называе Пуцін, пачалі не з галавы да ног або са шпілек да падмурку, а наадварот. Таму што да гэтага ўсе беларуска-расейскія і іншыя пачынаньні будаваліся ад палітычных заяў і далей да: «А давайце іх напоўнім эканомікай!».

Тут хутчэй наадварот. Гэта азначае, што працэс павінен быць паступовым і ніхто ня будзе фарсіраваць пераход на адзіную валюту, што зьяўляецца вышэйшай формай эканамічнай інтэграцыі, да таго, як цалкам утрэслася сытуацыя зь іншымі інтэграцыйнымі этапамі. Няма сэнсу фарсіраваць, бо гэта прывядзе да адваротнага эфэкту. Таму я думаю, што фармальных намераў, каб неяк абмежаваць беларускі сувэрэнітэт, ня будзе, паколькі гэта нікому не трэба. Гэтыя «жамчужыны кароны», вядома, будуць у цэнтры ўвагі. І ў рамках Адзінай эканамічнай прасторы, даючы партнэрам якія-небудзь перавагі, Расея будзе імкнуцца кансалідаваць свае інтарэсы, перш за ўсё, у Беларусі. Думаю, і ў Казахстане таксама. Калі верыць статыстыцы Эўразійскай эканамічнай камісіі, Беларусь дастаткова выйграла ад Мытнага саюзу.

Дракахруст: Спадар Жарыхін адзначае, што расейскі капітал ужо ідзе ў Беларусь.

Жарыхін: Што тычыцца прысутнасьці расейскага капіталу на рынках Беларусі, то яна ўжо пачынае пашырацца: труба ўжо належыць Газпрому. Я думаю, што многімі іншымі рэнтабэльнымі вытворчасьцямі ў Беларусі (а такіх дастаткова шмат) зацікавяцца і іншыя расейскія фінансава-прамысловыя групы.

Што ж тычыцца лёсу адзінай валюты, то, дзякуй Богу, перасталі весьці безадказныя размовы, маўляў, у наступным квартале і гэтак далей. Стварэньне адзінай валюты — гэта нq чыста эканамічны праект. Я думаю, што гэта нарэшце зразумелі і ў расейскім кіраўніцтве. Гэта значыць, што без істотнай палітычнай інтэграцыі адзіную, тым больш наяўную, валюту стварыць немагчыма. Таму будзе ісьці дастаткова працяглы працэс стварэньня спачатку безнаяўнай валюты, потым фармаваньня адзіных наднацыянальных палітычных органаў, а ўжо потым на гэтай аснове фармаваньне міждзяржаўнага банку і эмісійнага цэнтру. Падкрэсьліваю, міждзяржаўнага банку, які потым ужо будзе займацца адзінай валютай. Гэты працэс зойме не адзін год.

Дракахруст: Міхаіл Рэмізаў лічыць, што стварэньне наднацыянальных органаў і адзіная валюта стаяць у парадку дня.

Рэмізаў: Я думаю, што нейкія гучныя ініцыятывы і магчымыя, і нават мяркуюцца ў рамках інтэграцыйнага працэсу. Гэта стварэньне нейкіх прадстаўнічых структур будучага эўразійскага саюзу. Напрыклад, Парлямэнцкай асамблеі гэтай эўразійскай тройкі, што цалкам магчыма. Далей — гэта абмеркаваньне пытаньняў адзінай валюты, што будзе зьяўляцца адной з наступных прыступак эўразійскай інтэграцыі. Безумоўна, на шляху вырашэньня пастаўленых задач існуюць пэўныя праблемы, якія павінны і будуць вырашацца ў форме дыялёгу краін-удзельніц эўразійскага саюзу. Думаю, што гэта будзе актуальным і ў кантэксьце глябальнага крызісу, і ў кантэксьце складанасьцяў у эканоміцы Рэспублікі Беларусь. Тэма адзінай валюты — гэта адзін з магчымых сюжэтаў, які здольны зьмяняць кантэкст адносін і стварыць пэўную дынаміку. У нейкім сэнсе, гэтыя сэнсацыі чаканыя. Яны зьвязаныя з дынамікай руху Мытнага саюзу да таго, што было пазначана як нейкая канструкцыя эўразійскага саюзу, які будзе больш шчыльным інтэграцыйным ўтварэньнем, якое мае і палітычны складнік.

Дракахруст: Вадзім Дубноў, у адрозьненьне ад калегі Рэмізава, мяркуе, што праект адзінай валюты ў Маскве канчаткова пахаваны.

Дубноў: Я думаю, што ў Маскве з нагоды адзінай валюты ніякіх надзей ніхто ўжо ня мае, таму што ўсе ўсьвядомілі безнадзейнасьць гэтага праекту. Што тычыцца барацьбы за нейкія эканамічныя багацьці Беларусі, то, безумоўна, магчыма будзе ўсё. Але з адной папраўкай: да Лукашэнкі будуць ставіцца, як да Саакашвілі, з таго пункту гледжаньня, што вось зь ім мы ніякіх сур’ёзных дамоўленасьцяў ужо дамагацца ня будзем, мы будзем цярпліва чакаць драхленьня рэжыму і таго моманту, калі можна будзе казаць пра іншыя пэрсаналіі. Да гэтага ў Маскве будуць ня столькі дыстанцыявацца, колькі кансэрваваць тую сытуацыю высокага старту, зь якой заўсёды можна будзе зноў увязацца ў якую-небудзь гонку ў Беларусі.

Дракахруст: Яўген Мінчанка таксама бачыць перашкоды на шляху ўвядзеньня адзінай валюты.

Мінчанка: Наўрад ці нехта будзе надта дамагацца, каб ствараць новую публічную пляцоўку, што аднак, на мой погляд, зьяўляецца нядрэннай ідэяй. Што да пераходу на расейскі рубель, то думаю, што гэта будзе вельмі складана рэалізаваць. Паколькі Лукашэнка, відавочна, будзе настойваць на сваёй пазыцыі стварэньня двух эмісійных цэнтраў. Гэта непрымальна для расейскага боку.

Дракахруст: На думку Андрэя Суздальцава Лукашэнка не прадасьць ні нафтаперапрацоўку, ні калійны камбінат. Аднак ён мяркуе, што краіна, якую ён упарта называе «рэспублікай» — на мяжы выжываньня.

Андрэй Суздальцаў

Андрэй Суздальцаў

Суздальцаў: Усё, што мае Беларусь — калій і нафтаперагонка. Лукашэнка гэта не прадасьць. Ён вельмі моцна апёкся на продажы апошняга пакету «Белтрансгазу», калі ў рэспубліцы яго ніхто не зразумеў: ні прыхільнікі, ні праціўнікі. Усе прывыклі, што датацыі і прэфэрэнцыі заўсёды ідуць пад слова гонару, а тут яшчэ неабходна нешта аддаваць. Натуральна, гэта выклікала шок. Увесь сьнежань ён тлумачыў, што іншага выйсьця не было. Расейскі рубель Лукашэнка ня возьме. У першую чаргу, гэта пытаньне сёньняшняй улады.

Сытуацыя катастрафічная, таму што, атрымаўшы ўсе тыя велізарныя датацыі і прэфэрэнцыі, прэзыдэнт Беларусі ізноў застаецца бяз грошай, якіх, у прынцыпе, неабходна ў два разы больш. А праз год спатрэбіцца яшчэ ў два разы больш. То бок, гэта цалкам неэфэктыўная сыстэма, якая проста жарэ рэсурсы суседняй дзяржавы. Вось у чым бяда. Таму Лукашэнка будзе ўжываць нейкія нетрывіяльныя мэтады, што мы цяпер і бачым.

Расея і дыпляматычная вайна паміж Беларусьсю і ЭЗ

Дракахруст: Ну і нарэшце — цяперашняя дыпляматычная вайна паміж афіцыйным Менскам і Эўразьвязам. Якую ролю адыгрывае ў ёй Масква і якую можа адыграць? На думку некаторых, самы канфлікт адбыўся не без удзелу Расеі. Іншыя лічаць, што Масква — гэта адзінае спадзяваньне Лукашэнкі ў гэтым канфлікце.

Такую думку падзяляе, напрыклад, Андрэй Суздальцаў.

Суздальцаў: На дадзены момант пытаньне аб санкцыях хвалюе Лукашэнку ў меншай ступені. Цяпер для яго важна толькі адно — выжываньне ўлады, а гэта рэсурсы, грошы, рынкі. Гэта Масква, дзе цяпер праходзяць выбары і да ўлады ідзе Пуцін, што зьяўляецца вялікай праблемай для Лукашэнкі. Лукашэнка дамогся тыдзень таму супольнай заявы зь Мядзьведзевым аб тым, што гэтыя санкцыі не павінны ўжывацца. Але Мядзьведзеў амаль ужо не прэзыдэнт. Яму неабходныя гарантыі і абяцаньні менавіта з боку Пуціна. На самой справе ніякіх праблем у Беларусі з Захадам няма. Больш таго, гандаль ідзе выдатна. Цяпер неабходна зрабіць так, каб Масква падтрымала, абараніла. Маса артыкулаў зьявілася, у тым ліку і ў расейскім друку, пра тое, што Масква павінна адклікаць з Брусэлю і зь іншых сталіц Эўропы сваіх паслоў. Я лічу, што гэта дзікунства.

Дык што, калі Лукашэнка пачне вайну з Польшчай, мы павінны будзем нанесьці ядзерны ўдар па Вашынгтоне з тае прычыны, што Лукашэнку зноў хочацца кагосьці пасадзіць? Усё гэта для таго, каб паставіць Пуціна ў становішча, калі «хвост круціць сабакам», бо ў такіх абставінах нікога не павінна хваляваць ні Адзіная эканамічная прастора, ні выкананьне якіх-небудзь пагадненьняў. Усё! Фронт! І трэба дапамагаць. Калі казаць аб’ектыўна, то гэта, вядома, крызіс. Такіх рэчаў нельга дапускаць. Але Лукашэнка дамогся таго, каб Пуцін адрэагаваў. Рэакцыя Пуціна была вельмі цікавай, што, дарэчы, беларускія СМІ не паказалі. Паказалі толькі, што Пуцін асуджае санкцыі. На самой справе там была доўгая размова, што сьведчыць аб тым, што менская ўлада зноў не задаволеная. Што ж яшчэ далей рабіць?! Паліць пасольствы або абвясьціць вайну Эўразьвязу?

Дракахруст: Міхаіл Рэмізаў мяркуе, што мэтай Расеі можа быць прадухіленьне эканамічных эўрапейскіх санкцый супраць Беларусі.

Рэмізаў: Уплыў Масквы на эўрапейскіх партнэраў у гэтым пытаньні даволі абмежаваны. Я думаю, што рэальнай мэтай Масквы магло быць недапушчэньне таго, каб гэты канфлікт дайшоў да стадыі геаэканамічнай вайны, геаэканамічнай блякады Беларусі з боку Эўропы. Сёньняшнія санкцыі хоць і балючыя, але носяць вельмі сымбалічны характар. Калі справа дойдзе да эканамічных санкцый, якія блякавалі б эўрапейскі рынак для тых сэктараў беларускай эканомікі, якія працуюць на розных сэгмэнтах гэтага рынку, то гэта, вядома ж, хай і ўскосна, але адаб’ецца на Расеі. Бо менавіта Расея зьяўляецца асноўным эканамічным партнэрам Беларусі. Інтарэс Масквы палягае ў тым, каб такой сытуацыі не адбылося. Якія для гэтага інструмэнты ёсьць? Думаю, што пэўныя рычагі ўзьдзеяньня на эўрапейцаў ёсьць, але ня варта іх пераацэньваць. І ўжо тым больш ня трэба спадзявацца на публічны ўдзел Масквы ў гэтым высьвятленьні дачыненьняў. Пэўны жэст ветлівасьці ў дачыненьні да свайго партнэра Масква ўжо зрабіла, калі Мядзьведзеў зрабіў супольную заяву з Лукашэнкам аб непажаданасьці санкцый адносна Беларусі. Але, як ужо было сказана раней, Пуцін палічыў за лепшае дыстанцыявацца ад гэтай сытуацыі, даўшы зразумець, што ня будзе занадта актыўна ў яе ўмешвацца. Масква ня будзе сварыцца з Эўропай з гэтай нагоды. Але, так ці інакш, Масква вельмі зацікаўленая ў тым, каб ня даць перарасьці дыпляматычнаму канфлікту ў геаэканамічную блякаду Беларусі. І для гэтага варта было б прыкласьці ўсе магчымыя намаганьні.

Дракахруст: Вадзім Дубноў зьвяртае ўвагу на піяр-эфэкты канфлікту.

Вадзім Дубноў

Вадзім Дубноў

Дубноў: Мне здаецца, што гэта той самы выпадак, калі неабходна падзяляць ролі, якія спрабуюць адыгрываць абодва бакі. Таму што ў дадзенай сытуацыі і для Расеі, і для Беларусі выгадна паказаць, што яны ўсё гэта робяць ня тое, каб рука аб руку, але нейкім чынам каардынуючы. Таму што Лукашэнка зыходзіў з таго, што ўсе здагадаюцца аб сынхроннасьці яго дэмаршаў з рыторыкай Пуціна. Вяртаньне Беларусі на антызаходні фронт — гэта такі невялікі падарунак для Пуціна ў вельмі зручны час. Я думаю, што на ўзроўні такіх ролевых гульняў усё выдатна супала. Але ў практычным пляне ў беларуска-эўрапейскім супрацьстаяньні Расея будзе займаць пазыцыю зацікаўленага гледача.

Дракахруст: Фёдар Лук’янаў лічыць, што спробы Лукашэнкі палохаць Эўропу ўцёкамі ў Расею нікога ў Эўропе ўжо не палохаюць.

Лук’янаў: Калі казаць шчыра, то я ня бачу тут асаблівай ролі Расеі. Мне здаецца, што гэта нейкая свая дынаміка ў дачыненьнях паміж Эўразьвязам і Менскам. Апошняя фаза пачалася пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі ў сьнежні 2010 году. ЭЗ тады быў глыбока пакрыўджаны тым, што яго як бы «кінулі», паколькі тое, пра што дамаўляліся зь Менскам, не было выканана. Я не зусім разумею, што адбываецца цяпер. У чым прычына такога рэзкага абвастрэньня дачыненьняў паміж Беларусьсю і ЭЗ, бо нічога такога важнага не адбывалася.

З другога боку, для ЭЗ прадэманстраваць адзінства і прынцыповасьць у дачыненьні да Менску вельмі зручна. Таму што сфэраў і пытаньняў, дзе Эўропа здольная гэта зрабіць, засталося ня так ужо і шмат. У асноўным яна цалкам расколатая па большасьці палітычных і эканамічных тэмаў. Так што гэта такі танны спосаб нагадаць, што Эўропа застаецца палітычным суб’ектам. Менск усё роўна нічым адказаць ня зможа. А ранейшая ідэя Лукашэнкі пра тое, што трэба ўвесь час палохаць Захад тым, што Расея канчаткова паглыне Беларусь, калі Вы будзеце ціснуць на яе, такім чынам, потым вам жа і будзе горш — ужо не працуе. Ствараецца такое ўражаньне, што ў Эўропе вырашылі праігнараваць гэты момант, маўляў, няхай глытае, Бог зь ёй, невялікая страта. Так што, як мне здаецца, гэта чыста палітычная гульня. Мне ня вельмі зразумела, на што разьлічвае Менск. Магчыма, Лукашэнка таксама лічыць, што ўцёкі ад Расеі бессэнсоўныя, бо ўсё і так зразумела. Проста яму хочацца паказаць эўрапейцам, што яны ня маюць рацыю і што зь ім так нельга.

Гэты канфлікт нічога новага ня ўносіць. Ён і разгарэўся, таму што губляць нікому няма чаго ад далейшага пагаршэньня дачыненьняў. Эўропа вельмі любіць дэманстраваць прынцыповасьць, калі гэта нічога не каштуе. Бо эканамічных санкцый супраць Менску ніхто ўводзіць ня будзе, таму што гэта можа ўдарыць па некаторых інтарэсах эўрапейскага бізнэсу. А гэтага Эўропа ня любіць. Эўропа любіць рабіць усякія сымбалічныя жэсты, якія фіксуюць і замацоўваюць status quo, дый Менск любіць пагуляць у гэтыя гульні.

Дракахруст: Спадар Жарыхін спадзяецца, што канфлікт будзе ўрэгуляваны без пасярэднікаў.

Жарыхін: Я б не перабольшваў ролю Расеі. Гэта сфэра эмацыйнага канфлікту. Хацелася б, каб ён заціх з абодвух бакоў. Паколькі няма нічога менш канструктыўнага, чым закрыцьцё дыпляматычных прадстаўніцтваў, якія патрэбныя для таго, каб краіны мелі інфармацыю адна пра адну. Чым менш гэтых прадстаўніцтваў, тым менш інфармацыі, што не зьяўляецца станоўчым у палітычным жыцьці любых краін. Думаю, што гэтае пытаньне будзе ўрэгуляванае ў найбліжэйшым часе без пасрэднікаў, у тым ліку і ў асобе Расіі.

Дракахруст: Яўген Мінчанка мяркуе, што ў выпадку ўвядзеньня эканамічных эўрасанкцый адносна Беларусі Расея наўрад ці здолее кампэнсаваць Менску страты

Мінчанка: Я лічу, што Расея будзе ўсяляк дыстанцыявацца ад гэтага канфлікту. Сур’ёзным рэсурсам для Беларусі зьяўляецца той факт, што Расея не далучаецца да санкцый супраць яе. Але калі далей будуць выкарыстаныя эканамічныя санкцыі і будзе ўведзена забарона на ўвоз тавараў зь Беларусі, то Расея наўрад ці зможа гэта кампэнсаваць.
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG