Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка не выключае адмены чэмпіянату сьвету ў Менску і папераджае ”розных блакітных”, што “ім нас не нахіліць”.

«Думаеце, калі чэмпіянат свету ў Беларусі не адбудзецца, мы што, заўтра акачурымся і памрэм? Ды не, мы будзем жыць», — заявіў Аляксандар Лукашэнка журналістам, выйграўшы сёньня «Менскую лыжню-2012».

«Тыя, хто сёньня прапануе не праводзіць чэмпіянат сьвету ў Беларусі (ёсьць асобныя дзялкі), да спорту ніякага дачыненьня ня маюць. Тыя палітыкі, якія, можа быць, нават не палітыкі, а людзі каля палітыкі, напэўна, і клюшкі з шайбай ня бачылі, а можа, і блытаюць іх, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Таму я на гэта рэагую спакойна. Але, тым ня менш, тэст для ўсёй Міжнароднай фэдэрацыі хакею — у наяўнасці. Паглядзім, як спорт і палітыка ня зьвязаны адно з адным. Пажывём — пабачым... Калі гэта рашэньне будзе адменена, паверце, лішні раз асобныя людзі пакажуць чаго яны вартыя», — заявіў Аляксандар Лукашэнка.

Выступаючы перад журналістамі, Лукашэнка закрануў і палітычныя тэмы. Камэнтуючы сёньняшнія расейскія выбары, ён зазначыў: «Беларуска-расейскія дачыненьні будуць дынамічна разьвівацца незалежна ад вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў у Расеі».

Чарговы раз кіраўнік Беларусі абрынуўся на міністраў замежных справаў Польшчы і Нямеччыны Радаслава Сікорскага і Гіда Вэстэрвэле, назваўшы першага «чуждым польскаму народу», а другога «ці то ружовым, ці то блакітным, які там нешта крычаў пра дыктатуру»

«Я так, гэта пачуўшы, падумаў — лепш быць дыктатарам, чым „блакітным“, вядома. Але Госпад зь ім. Пытаньне ў іншым. Мы ўсе памятаем сярэдзіну мінулага стагодзьдзя. І што сьвет атрымаў ад іх дыктатуры — наш народ яшчэ не апамятаўся дагэтуль. Таму ня ім нас папракаць з прычыны нейкай дыктатуры», заявіў Лукашэнка і паабяцаў, што «Беларусь будзе жорстка рэагаваць на санкцыйныя захады».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG