Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грамадзянаў Беларусі сярод ахвяраў катастрофы ў Польшчы няма


На поўдні Польшчы ў выніку сутыкненьня хуткага і прыгараднага цягнікоў загінулі 15 і паранены каля 60 чалавек.

Зьвестак пра тое, што сярод пацярпелых ёсьць грамадзяне Беларусі, пакуль няма. Пра гэта БелаПАН паведаміў дзяжурны беларускага МЗС.

Тым ня менш, падкрэсьліў супрацоўнік МЗС, беларускія консульскія службы ў Польшчы адсочваюць інфармацыю аб наступствах аварыі і знаходзяцца ў пастаянным кантакце з польскімі ўладамі.

Лабавое сутыкненьне двух цягнікоў рэйсаў Варшава - Кракаў і Пшэмысьль - Варшава адбылося ў суботу прыкладна а 21.00 паводле мясцовага часу ў раёне населенага пункту Шчакаціны, за 200 кілямэтраў на поўдзень ад Варшавы.

Польскія СМІ паведамляюць пра 15 загінулых і амаль 60 параненых. Зь іх пяцёра застаюцца ў цяжкім стане, каля 35 - у стане сярэдняй цяжкасьці. Усяго ў двух цягніках было каля 350 чалавек.

Паводле папярэдніх дадзеных, цягнік з Варшавы выехаў не на свой шлях і ўрэзаўся ў цягнік, які ішоў насустрач з Пшэмысьлю. Як паведамляецца, у раёне аварыі адбываўся рамонт шляхоў.

Выратавальныя працы на месцы аварыі працягваюцца.
XS
SM
MD
LG