Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Менску прыйдзецца задумацца пра ўплыў санкцый на эканоміку»


Валдзіс Дамброўскіс
Валдзіс Дамброўскіс

Пра гэта заявіў журналістам у пятніцу ўдзельнік брусэльскага саміту кіраўнікоў краін-чальцоў ЭЗ, прэм’ер-міністар Латвіі Валдзіс Дамброўскіс.

На просьбу журналістаў Дамброўскіс пракамэнтаваў дыпляматычны скандал паміж ЭЗ і Беларусьсю, у выніку якога беларускі бок прапанаваў пакінуць краіну амбасадару Зьвязу Майры Моры і амбасадару Польшчы Лешаку Шарэпку. У той жа дзень рашэньне зьехаць зь Беларусі на знак салідарнасьці прынялі і кіраўнікі іншых эўрапейскіх дыпмісіяў.

Латыскі прэм’ер-міністар адзначыў, што Менску прыйдзецца задумацца пра магчымыя санкцыі і ацаніць іх уплыў на эканоміку рэжыму Лукашэнкі, а таксама на стасункі з памежнымі дзяржавамі.

Фрэдрык Райнфэльд
Фрэдрык Райнфэльд
Сваю заклапочанасьць у сувязі з магчымым не станоўчым разьвіцьцём эўрапейска-беларускіх стасункаў выказаў у размове з брусэльскім карэспандэнтам «Свабоды» швэдзкі прэм’ер-міністар Фрэдрык Райнфэльд. Ён паведаміў, што 1-2 сакавіка кіраўнікі краінаў-чальцоў абмяркоўвалі пытаньне адкліканьня сваіх амбасадараў зь Менску, і каб пры гэтым засталіся толькі невялікія прадстаўніцтвы.

Ёнас Гар Сьцёрэ
Ёнас Гар Сьцёрэ
​У агучанай пры канцы тыдня заяве кіраўніка нарвэскага МЗС Ёнаса Гар Сьцёрэ адзначаецца, што Осла «глыбока шкадуе пра падзеі ў Беларусі», зь якой яна мае дыпляматычныя, палітычныя і эканамічныя кантакты. Паводле ягоных словаў, Нарвэгія, хоць і не зьяўляецца краінай-чальцом Зьвязу, аднак цалкам падтрымлівае санкцыі ЭЗ супраць рэжыму Лукашэнкі і іх далейшае пашырэньне.

«У нас няма амбасады ў Менску, як і ў Беларусі няма амбасады ў Осла. Наш амбасадар у Кіеве, які адказвае за Беларусь, даў зразумець афіцыйнаму Менску, што мы разам з нашымі эўрапейскімі партнэрамі. Таксама мы выклікалі на размову беларускага амбасадара ў Стакгольме, каб заявіць яму пра нашу пазыцыю», адзначае ў прэсавым рэлізе кіраўнік замежна-палітычнага ведамства Нарвэгіі Ёнас Гар Сьцёрэ.

Нарвэскі ўрад адначасна лічыць неабходным усяляк падтрымліваць грамадзянскую супольнасьць у Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG