Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбары ў Расеі: якая эпоха надыдзе пасьля дня цішыні?


У Расеі — дзень цішыні напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 4 сакавіка. У нядзелю больш за 100 мільёнаў расейскіх выбарцаў прагаласуюць за аднаго зь пяці кандыдатаў — Уладзімера Пуціна, Генадзя Зюганава, Сяргея Міронава, Уладзімера Жырыноўскага ці Міхаіла Прохарава. Апазыцыя пры гэтым заклікае галасаваць за каго заўгодна, апроч Пуціна, вобраз якога дэмакраты атаясамліваюць з застоем і вяртаньнем да аўтарытарызму.

Упершыню ад часоў атрыманьня Расеяй сувэрэннага статусу перадвыбарная кампанія суправаджалася масавымі выступамі апанэнтаў уладаў. Аб’яднаную апазыцыю, якую падтрымалі і многія знакавыя асобы, непакоіць паступовае спаўзаньне Расеі да дыктатуры. Шмат хто ў гэтай тэндэнцыі адзначае беларускі досьвед, які ўзяў на ўзбраеньне цяперашні прэм’ер-міністар Уладзімер Пуцін. Як кажа пасьлядоўны крытык беларуска-расейскага ўладнага тандэму, былая савецкая дысыдэнтка Валерыя Навадворская, Лукашэнку і Пуціна яднае маніякальная прага ўлады. Інакш навошта пасьля двух прэзыдэнцкіх тэрмінаў замахвацца яшчэ на 12 гадоў?

Валерыя Навадворская
Валерыя Навадворская
«Ну яшчэ б ён не замахнуўся! Асабліва калі ёсьць такая выдатная магчымасьць забясьпечыць наступныя 12 гадоў бесклапотнага існаваньня. Але праблема ў тым, што людзі дазваляюць зьдзекавацца зь сябе двум тыранам — і Лукашэнку, і Пуціну, якія аднолькава прагнуць улады і дзяліцца ёю ні з кім не зьбіраюцца. Пуцін няхай у мякчэйшай форме, але ж таксама зьдзекуецца. Наўпрост дае зразумець: маўляў, як у нас праходзяць выбары — гэта ня ваша справа. Гэта ня тычыцца ні амэрыканскага Дзярждэпу, ні Эўразьвязу. І ўвогуле нас Дэклярацыя правоў чалавека ня тычыцца, уласная Канстытуцыя ня тычыцца, ня тычыцца, натуральна, Пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах. Як хачу — так і варачу».

У часе шматтысячных мітынгаў на Балотнай плошчы і плошчы Сахарава ў шэрагах мітынгоўцаў было багата плякатаў, на якіх высьмейваліся самыя адыёзныя дыктатары сучаснасьці — Пуцін, Лукашэнка, Чавэс, Ахмадзінэджад ды іншыя.

Тым ня меней, як лічыць расейская публіцыстка Юлія Латыніна, прырода «важдзізму» Лукашэнкі, які ў 2010-м пайшоў на чацьвёрты тэрмін, і кандыдата ў прэзыдэнты Пуціна, які пасьля прэм’ерскага перапынку замахнуўся на трэці заход, розная:

Юлія Латыніна
Юлія Латыніна
«Лукашэнка цалкам сканцэнтраваны на ўладзе, і я думаю, што нават калі ў яго грошы ёсьць, яны для яго ўсё ж другасныя. А вось для Пуціна грошы і ўлада, мяркуючы па ўсім, — гэта паняцьці непадзельныя. Таму пра яго складаецца такое ўражаньне — як пра чалавека, які дарваўся да скарбонкі, які грабе ўсё пад сябе. І незьлічоная колькасьць грошай рэжыму, якія знаходзяцца на Захадзе, натуральна, робіць гэты рэжым больш асьцярожным у сваіх заявах і дзеяньнях. Таму што ты ня можаш занадта зрывацца з ланцуга, калі вынікам гэтага будзе арышт усіх тваіх актываў за мяжой. У Лукашэнкі такой асьцярожнасьці няма, таму ён і мае столькі непрыемнасьцяў з усіх бакоў».

Расейская апазыцыя заявіла пра намер працягваць акцыі і пасьля прэзыдэнцкіх выбараў — мала хто сумняецца, што ўлады адмовяцца ад спакусы задзейнічаць адміністрацыйны рэсурс на карысьць свайго кандыдата. Крамлёўскія сацыёлягі ўжо рыхтуюць публіку да пэрспэктывы, што Пуцін выйграе ў першым туры больш як з 60% галасоў. Першы збор прыхільнікаў дэмакратычных пераменаў прызначаны на панядзелак 5 сакавіка на Пушкінскай плошчы. Дазвол на мітынг дала маскоўская мэрыя, таму арганізатары спадзяюцца пазьбегнуць эксцэсаў. Тым ня меней ёсьць зьвесткі, што ў Маскву дзеля забесьпячэньня парадку прыбудуць больш за 6 тысяч паліцэйскіх з рэгіёнаў Цэнтральнай фэдэральнай акругі. У сваю чаргу, «Ліга выбарцаў» і «Рух за сумленныя выбары» падалі заяўкі на правядзеньне акцыяў 8, 9 і 10 сакавіка.

Эдуард Лімонаў
Эдуард Лімонаў
І раней, і ўжо ў цяперашнюю палітычную кампанію неаднаразова затрымліваўся лідэр руху «Іншая Расея» Эдуард Лімонаў. Ён лічыць, што пагроза легітымізацыі ўлады Пуціна прывядзе да заканчэньня паблажлівага стаўленьня да апазыцыі і цяперашніх актывістаў чакае прыкладна такі ж лёс, як апанэнтаў рэжыму ў Беларусі. Сам Лімонаў, «зарэзаны» яшчэ на этапе рэгістрацыі кандыдатаў у прэзыдэнты, таксама гатовы да выпрабаваньняў і любое супрацоўніцтва з Крамлём выключае:

«Усё гэта цяжка, складана, і пакуты, канечне, чалавечыя. Але калі ты адважыўся на супраціў, то трывай, ідзі да канца. Альбо, у такім выпадку, адыдзіся ўбок, не перашкаджай іншым. Асабіста ў мяне не было выбару, адрозна нават ад беларускіх палітвязьняў, ніхто мне ў свой час не прапаноўваў вызваліцца, пісаць лісты прэзыдэнту. І я 2,5 года правёў у расейскіх турмах. Трэба сказаць, мне ў тым ліку не прапаноўвалі таксама стаць агентам. Я б, канечне, адмовіўся ад іх паслугаў. Відаць, таму і не прапаноўвалі, ведаючы, што я ўсё роўна паслаў бы іх куды далей».

У пераліку кандыдатаў у прэзыдэнты Расеі толькі адна адносна новая асоба —бізнэсовец, мільярдэр Міхаіл Прохараў. Астатнія вэтэраны ўжо добра набілі аскому ня толькі расейцам, але і жыхарам суседніх краёў. Пакуль яшчэ прэм’ер Уладзімер Пуцін з экранаў тэлевізараў не зьнікае ад 2000 году, старшыня КПРФ Генадзь Зюганаў і кіраўнік ЛДПР Уладзімер Жырыноўскі пачалі змагацца за прэзыдэнцкае крэсла яшчэ на пачатку 1990-х. Кампанію ім складае апальны сьпікер Савету Фэдэрацыі, а цяпер лідэр «Справядлівай Расеі» Сяргей Міронаў. Вылучэнца дэмакратычнай апазыцыі — Рыгора Яўлінскага — Цэнтравыбаркам зьняў з дыстанцыі за парушэньні пры зьбіраньні подпісаў.

Адзін з арганізатараў антыпуцінскіх пратэстаў у Маскве Аляксей Навальны заклікаў расейцаў прагаласаваць за любога з кандыдатаў, абы не за «лідэра партыі злодзеяў і жулікаў» Пуціна.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG