Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Беларускую кнігу ў Польшчы «забіваюць» гранты


Малгажата Бухалік

Малгажата Бухалік

Перакладчыца Малгажата Бухалік: У Польшчы выходзіць даволі шмат беларускіх кніг, але амаль усе гінуць раптоўнай сьмерцю адразу за парогам друкарні.

Малгажата Бухалік, дзякуючы якой у Польшчы сталі вядомыя беларускія аўтары Наталка Бабіна, Артур Клінаў, Ігар Бабкоў, загучаў па-польску Ўладзімер Караткевіч, разважае пра лёс беларускіх перакладаў на польскім выдавецкім рынку.

Малгажата Бухалік: «Пераклад «Малой падарожнай кнігі па горадзе Сонца» (Czarne, 2008) Артура Клінава прадаўся пад 4 тысячы асобнікаў. «Рыбін горад» Наталкі Бабінай (Rebis, 2010) — больш як 8 тысяч. Пераклад кнігі Ігара Бабкова «Адам Клакоцкі і ягоныя цені» (Oficyna 21, 2008) і пераклад «Рыбіна гораду» выйшлі ў фінал прэміі Ангелюс. На ўсе гэтыя кнігі было шмат рэцэнзіяў, і ўсе вельмі прыязныя.

Але тыя беларускія кнігі, якія за апошнія 20 гадоў разыйшліся накладам больш як 500 асобнікаў, можна пералічыць па пальцах адной рукі, гэта выключэньні. Калі кніга разыходзіцца меншым накладам, гэта значыць, што яна фактычна ня трапіла да чытача.

Беларускую кнігу забіваюць гранты. Палякі шмат грошай выдатковаўюць на «падтрымку беларускай літаратуры». І яны ганарацца тым, як эфэктыўна дапамагаюць суседзям. А беларускім аўтарам падаецца, што іхныя кніжкі сапраўды «выходзяць» за мяжой. Гэтае «выданьне за мяжой» — нераспакаваныя стосы кніг у сутарэньнях грантаванага выдаўца, каторы зазвычай ня мае паняцьця пра тое, як прадаваць кнігу (пра адмысловую дыстрыбуцыю, рэкляму, пазыцыянаваньне і г.д.) і насамрэч ня мусіць мець. Таму што грантам можна разумна распарадзіцца і не прадаўшы аніводнага асобніку. Гэта таксама датычыцца камэрцыйных выдаўцоў. Калі яны бяруць грант замест таго, каб інвэставаць у кніжку свае ўласныя грошы, то губляюць матывацыю, каб гэтыя грошы вярнуць. У выніку — у нас мноства беларускіх кніг, якіх насамрэч няма.

У нас няма, напрыклад, Арлова. Насамрэч, калі ўзяць па адной усе выдадзеныя ў нас кнігі Арлова, на маім стале атрымаецца важкі стосік. Але калі паглядзець на вынікі продажу… То я магу на сваім стале сабраць усе асобнікі тых ягоных кніг, што купілі чытачы па ўсёй Польшчы.
Клінаў і Бабіна, якія мелі найлепшыя продажы, парадаксальным чынам выйшлі без усялякіх грантаў і на чыста камэрцыйных умовах.

І гэта пры тым, што ў Арлова выдатны камэрцыйны патэнцыял. Ці хутчэй ён у яго быў, пакуль нашыя выдаўцы-зьбіральнікі грантаў не прымусілі камэрцыйных выдаўцоў паверыцьу тое, што Арлоў кепска прадаецца.

Клінаў і Бабіна, якія мелі найлепшыя продажы, парадаксальным чынам выйшлі без усялякіх грантаў і на чыста камэрцыйных умовах.

Беларускі аўтар можа пераканаць камэрцыйнага выдаўца, каб той у яго паверыў і ўклаў у яго грошы. Але польскі выдавец не чытае па-беларуску і ката ў мяшку купляць ня будзе. Яму трэба зрабіць «выдавецкую прапанову» — прынамсі прапанаваць перакладзеныя на польскую фрагмэнты з кнігі. Далей добрая кніга, якіх у Беларусі шмат, цудоўна дасьць рады сама. На жаль, малых грантаў на тое, каб забясьпечыць такі «старт» на рынку няма — альбо беларуская кніга выдаецца з дапамогай гранту, альбо не выдаецца ўвогуле».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG