Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калі Ўкраіна ня здыме часовыя абмежаваньні на ўвоз беларускай прадукцыі, то з 15:00 5 сакавіка ў Беларусь будзе забаронена ўвозіць украінскія тавары, у тым ліку алей, соль, кукурузу, кандытарскія вырабы і шрот — паведамляецца ў прэс-рэлізе Міністэрства аграрнай палітыкі і харчаваньня Ўкраіны.

2 сакавіка па просьбе беларускага боку адбылася сустрэча старшыні Дзяржаўнай вэтэрынарнай службы Ўкраіны Івана Бісюка зь першым намесьнікам дырэктара Дэпартамэнту вэтэрынарыі і харчаваньня Міністэрства сельскай гаспадаркі Беларусі Юрыем Піваварчыкам. Украіна прапанавала канкрэтныя меры для вырашэньня сытуацыі вакол забароны ўвозу на сваю тэрыторыю беларускай мясной і малочнай прадукцыі. Паводле афіцыйнага меркаваньня ўкраінскага міністэрства, «замест супольных дзеяньняў беларускі бок заявіў пра магчымае ўвядзеньне забароны на ўвоз прадукцыі ўкраінскай вытворчасьці».

У прэс-рэлізе паведамляецца, што, пачынаючы з кастрычніка мінулага году, вэтэрынарныя інспэктары пачалі фіксаваць перавышэньне колькасьці антыбіётыкаў у гатовай малочнай прадукцыі зь Беларусі. А ў адпаведнасьці з украінскім занадаўствам наяўнасьць антыбіётыкаў увогуле не дапускаецца.

Украінскі бок кажа, што ня раз зьвяртаўся да беларускіх калегаў з просьбамі ліквідаваць парушэньні, але ніхто не адрэагаваў. Ужо ў лютым выпадкі выяўленьня антыбіётыкаў у беларускай малочнай прадукцыі сталі масавымі. Тады Ўкраіна вырашыла абмежаваць увоз малочных прадуктаў зь Беларусі.

Іван Бісюк кажа пра заяву беларускіх калег, што гэта «ультыматум і пагрозы». У прэс-рэлізе таксама сьцьвярджаецца, што Беларусь заявіла, што як сябар Мытнага саюзу яна будзе прасіць падтрымкі ў іншых краінаў-сябраў саюзу, каб быў забаронены ўвоз украінскіх прадуктаў і на іх тэрыторыю.

Мясная прадукцыя зь Беларусі часова забароненая да ўвозу ва Ўкраіну з-за пагрозы ўвозу ўзбужальніка афрыканскай чумы сьвіней. Прадстаўнікі Беларусі выказалі гатоўнасьць як найхутчэй даслаць адпаведныя дакуманты і дазволіць украінскім спецыялістам праінспэктаваць пагалоўе сьвіней у Беларусі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG