Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якіх зьменаў у беларуска-расейскіх адносінах можна чакаць пры новым прэзыдэнту Расеі? Ці адбудуцца ў найбліжэйшыя гады «гучныя» інтэграцыйныя падзеі кшталту пераходу Беларусі на расейскі рубель, стварэньня парлямэнту мытнага саюзу ці продажу ключавых прадпрыемстваў беларускай індустрыі?
Якую ролю адыгрывае і можа адыграць Расея ў цяперашнім канфлікце паміж афіцыйным Менскам і Эўразьвязам?

На гэтыя пытаньні ў «Праскім акцэнце» адказваюць расейскія палітычныя экспэрты Вадзім Дубноў, Уладзімер Жарыхін, Фёдар Лук’янаў, Яўген Мінчанка, Міхаіл Рэмізаў і Андрэй Суздальцаў.

Слухайце гэтую перадачу ў нядзелю, 4 сакавіка, а 18.04, 20.04 і 22.04.

Прапануем вам фрагмэнты перадачы.

Аглядальнік расейскай службы радыё «Свабода» Вадзім Дубноў:

Пуцін і Лукашэнка будуць гуляць у дэманстратыўнае братэрства, як тое было ў гісторыі з пасламі, але ніякіх ілюзіяў наконт беларуска-расейскіх адносінаў ні ў кога ня будзе.

Наконт адзінай валюты ў Маскве ўжо зразумелі, што гэта праект безнадзейны.

Да Лукашэнкі будуць ставіцца, як да Саакашвілі: мы зь ім ні пра што сур’ёзнае гаварыць ня будзем, будзем чакаць драхленьня рэжыму.

Лукашэнка, пачынаючы канфлікт з пасламі, зыходзіў з таго, што ўсе здагадаюцца аб сынхроннасьці яго дэмаршаў з рыторыкай Пуціна.

Намесьнік дырэктара інстытуту краін СНД Уладзімер Жарыхін:

Адносіны будуць больш прагматычныя. Часам Мядзьведзеў у стасунках зь няпростым перамоўцам Лукашэнкам занадта шмат даваў волі сваім пачуцьцям і жарсьцям.

Стварэньне адзінай валюты — гэта ня чыста эканамічны праект, без істотнай палітычнай інтэграцыі яе стварыць немагчыма.

Я мяркую, што канфлікт паміж Менскам і Эўразьвязам будзе ўрэгуляваны без залучэньня пасярэднікаў — Расеі ці яшчэ некага.

Рэдактар часопісу «Россия в глобальной политике» Фёдар Лук’янаў:

У адрозьненьне нават ад саюзнай дзяржавы мытны саюз — гэта арганізацыя. якая дзее паводле дакладных і вызначаных правілаў.

Беларусь будзе атрымліваць падтрымку і субсыдыі, але кожная зь іх будзе скіраваная на тое, каб больш моцна і дакладна прывязваць Менск да сфэры расейскіх перш за ўсё эканамічных інтарэсаў.

Продаж «дыямэнтаў кароны» ўжо ідзе. Гэта тое, што цікавіць Расею. Ёсьць невялікі набор прадпрыемстваў, якія ў ідэале павінны перайсьці пад кантроль Расеі ці апынуцца ў сумесным валоданьні.

Адзіная валюта, эўразійскі парлямэнт — упершыню да гэтага няма асаблівага інтарэсу.

Ранейшая ідэя Лукашэнкі пра тое, што трэба палохаць Эўропу, што калі вы будзеце нас крыўдзіць, то нас канчаткова паглыне Расея і вам жа будзе горш — гэта ўжо не працуе. Такое ўражаньне, што ў Эўропе вырашылі — ну паглыне і паглыне, і Бог зь ім, невялікая страта.

Дырэктар Міжнароднага інстытуту палітычнай экспэртызы Яўген Мінчанка:

Шмат у чым адносіны паміж Беларусьсю і Расеяй будуць вызначацца падзеямі ўнутры Расеі, наколькі маштабнымі будуць акцыі пратэсту, як будзе (ці не ня будзе) адбывацца дэмакратызацыя палітычнага жыцьця, якія будуць глябальныя геапалітычныя расклады, якая будзе каньюнктура на рынку энэрганосьбітаў.

Рэалізаваць ідэю пераходу на расейскі рубель будзе цяжка, бо Лукашэнка будзе настойваць на сваёй пазыцыі адносна двух эмісійных цэнтраў, а для расейскага боку гэта непрымальна.

Эканамічныя санкцыі з боку Эўразьвязу будуць вельмі моцным ударам па рэжыме, і Расея яго кампэнсаваць наўрад ці зможа.

Дырэктар расейскага Інстытуту нацыянальнай стратэгіі Міхаіл Рэмізаў:

Дамоўленасьці па мытным саюзе, адзінай эканамічнай прасторы, па газе, пагадненьне АДКБ — гэтая плятформа дазваляе спадзявацца, што стасункі ня будуць моцна залежаць ад асабістага фактару.

Ужо афіцыйна сказана, што адзіная валюта — гэта наступны этап інтэграцыі. Гэтая тэма надзвычай актуальная ў кантэксьце і сусьветнага крызісу, і эканамічнага становішча ў Рэспубліцы Беларусь.

Рэальнай мэтай Масквы ў дыпляматычным канфлікце Менску і Эўразьвязу можа быць недапушчэньне таго, каб ён перарос у геаэканамічную блякаду Беларусі з боку Эўропы.

Дацэнт катэдры сусьветнай палітыкі Вышэйшай школы эканомікі Андрэй Суздальцаў:

Перад Расеяй стаіць задача эканамічнай рэформы ў Беларусі, у цяперашнім стане рэспубліка ператварылася ў «чорную дзіру» розных падтрымак, прэфэрэнцыяў і датацыяў.

У 2011 годзе Лукашэнка яшчэ раз пераканаўся, што рэспубліка не зьяўляецца эканамічна самадастатковай.

Калій і нафтаперагонка — усё, што мае рэспубліка. Лукашэнка іх не прадасьць. Ён вельмі моцна абпаліўся на продажы апошняга пакету «Белтрансгазу», палітычная кляса рэспублікі яго не зразумела, не зразумелі ні прыхільнікі, ні праціўнікі.

Расейскага рубля Лукашэнка ня возьме. Гэта пытаньне ўлады.

Лукашэнку ў цяперашнім канфлікце галоўнае — каб Масква падтрымала, абараніла. Зьявіліся артыкулы ў расейскім друку, што Масква павінна адклікаць сваіх паслоў з эўрапейскіх сталіц. Дык што, калі Лукашэнка пачне вайну з Польшчай, мы павінны будзем нанесьці ядзерны ўдар па Вашынгтоне з тае прычыны, што Лукашэнку зноў хочацца кагосьці пасадзіць?
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG