Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як быць з Кавалёнкам?


«А ці прыгадаў бы цябе Гагарын, калі быў бы жывы?» — гэтым пытаньнем у дзяцінстве даймаў я свайго бацьку, які быў знаёмы з першым касманаўтам. Бацька ўпэўнена адказваў, што прыгадаў бы — сустрэчаў жа была не адна, і неяк, незадоўга перад гібельлю Гагарына, яны абодва спазьніліся на паседжаньне (абодва былі членамі ЦК УЛКСМ), у залю было ісьці няёмка, і да перапынку праседзелі ўдвух за кавай. Як потым прыгадваў бацька, якраз тады Гагарын сказаў, што, можа, «продкі яго зь беларусаў, паколькі Смаленшчына ў канцы ХIX стагодзьдзя больш як на палову складалася зь беларусаў і гаварыла па-беларуску» (што да вымаўленьня, дык ня трэба анкетных і генэалягічных дасьледаваньняў, дастаткова паслухаць голас першага касманаўта ў пачатку 1960-х, каб пераканацца, што «г» фрыкатыўнае гучыць у Гагарына ня менш выразна, чым у міністра замежных спраў СССР Андрэя Грамыкі, які быў родам з Гомельшчыны. Потым Юры Аляксеевіч паабцерся сярод маскоўскага істэблішмэнту, і, вядома, вымаўленьне зьмянілася).

Калі б 3-га сакавіка у дзень 70-годзьдзя касманаўта Ўладзімера Кавалёнка я патэлефанаваў яму зь віншаваньнем — ня ўпэўнены, што ён бы мяне пазнаў, хаця спатыкаліся мы куды часьцей, чым бацька з Гагарыным, здавалася, кожны дзень. А ў часе першай сэсіі ВС менавіта Кавалёнак адыграў не апошнюю ролю ў маім прызначэньні на пасаду сакратара парлямэнцкай камісіі ВС па СМІ і правах чалавека (тады ўдалося некалькіх дэпутатаў Апазыцыі БНФ правесьці на сталую працу ў парлямэнце).

І ўсё ж я не тэлефаную Кавалёнку не таму, што можа і не пазнаць (ня дзіва — дваццаць гадоў прайшло), а, як можа здагадацца чытач, з прычыны ягонага нядаўняга выказваньня пра бел-чырвона-белы сьцяг, якое прагучала ў інтэрвію Радыё Свабода і даволі бурна абмяркоўвалася.

І пры гэтым — не перакананы, што раблю правільна; але пра няўпэўненасьць — пазьней.

Цяпер пра тое, пра што часта пыталіся ў дыскусіях: як так здарылася, што Кавалёнак раптам узяў ды гэтак выказаўся пра нацыянальную сьвятыню? І ці сапраўды тады, у 1991-м, Кавалёнак быў з БНФ? А калі быў — з чаго раптам?


Юры Гагарын, 1961 г. Аўтограф - сапраўдны. З архіву С. Навумчыка
Юры Гагарын, 1961 г. Аўтограф - сапраўдны. З архіву С. Навумчыка
Я невыпадкова пачаў з Гагарына. Цяперашнім маладым цяжка ўявіць, кім для нас, чыё дзяцінства прыпала на 1960–1970-я гады, былі першыя касманаўты. Я і цяпер магу назваць іх па чарзе палётаў (Гагарын, Цітоў, Нікалаеў, Паповіч, Быкоўскі, Церашкова...). Гэта былі героі ў нейкім антычным разуменьні, якія, як у мітах старажытнай Грэцыі, жылі недзе побач з багамі. Я ніколі не расказваў у двары, што бацька знаёмы з Гагарыным — бо мне б папросту не паверылі і абсьмяялі. Затое, калі ў Віцебск прыехала Валянціна Церашкова, альбом з фатаздымкамі хадзіў да нас глядзець увесь двор, ну а сам візыт зрабіў такі эфэкт, што, калі б прыехалі Брэжнеў, ці Джон Ленан, ці Брыджыт Бардо, думаю, горад скалыхнуўся б меней.

Кожны старт касьмічнага карабля быў падзеяй — спынялася тэле- і радыётрансьляцыя, гучаў голас Левітана, і ўвесь дзень гэта была тэма нумар адзін — «Запусьцілі!».

Адчуваньне сьвята не маглі нават сапсаваць салёныя прыпеўкі, якія аднойчы падслухаў у дарослых дзесяцігадовы полацкі школьнік, тады яшчэ Владимир Орлов:

«Валентине Терешковой за полёт космический
Хрущёв Никита подарил...»

(Далей не асьмельваюся цытаваць, чытайце клясыка Ўладзімера Арлова).

Гэта ўжо потым мы даведаліся, што кожны палёт каштаваў як пабудова гораду памерам з той жа Полацак ці Мазыр (а “маршал перамогі” Жукаў ацэньваў падрыхтоўку аднаго толькі запуску Гагарына ў чатыры мільярды рублёў, што было прыблізна роўна будаўніцтву гораду ў мільён жыхароў. За такія размовы апальнага на той час маршала выклікалі ў ЦК – “Не балтай!”), што галоўная частка касьмічнай праграмы была зусім не навуковай, а вайсковай (хаця гэта больш характэрна для пазьнейшых палётаў, якраз часоў Кавалёнка, але і першыя запускі мелі прадэманстраваць ЗША мілітарысцкі патэнцыял СССР. Зрэшты, і амэрыканцы не адны толькі кукурузныя палі ў Арканзасе фатаграфавалі).

Цяпер я вось ня ведаю, ці лётае хто ў космасе. Нейкія амэрыканцы, расейцы, кітайцы, пэўна, лётаюць. Папросту не цікаўлюся. І большасьць — не цікавіцца. Касманаўт перастаў быць богам і ператварыўся ў добра аплатнага прафэсіянала, да якога, па вялікім рахунку, у звычайных людзей страчана цікавасьць. Уласна, гэта пачалося даўно, гадоў 25–30 таму.

Дык, можа быць, менавіта таму на пачатку 1990-х Уладзімер Кавалёнак, абраны ў Вярхоўны Савет Беларусі XII скліканьня (а ён быў дэпутатам і папярэдніх, X і XI), вырашыў застацца пад юпітэрамі славы і паспрабаваць палітычнага лідэрства?

Думаю, што такога матыву ў Кавалёнка не было — славы ён на гэты момант наеўся.

Вядома, можна выказваць розныя вэрсіі — але ёсьць бясспрэчныя факты, якія зафіксаваныя ня толькі ў маёй памяці і ўспамінах маіх калегаў, але і ў пратаколах ды стэнаграмах.

У траўні 1990-га перад пачаткам першай сэсіі ВС менавіта Кавалёнка, нароўні з Шушкевічам, мы разглядалі як «прахаднога» кандыдата на пасаду старшыні ВС у альтэрнатыву Дземянцею (было зразумела, што за Пазьняка не прагаласуюць). І Кавалёнак і ў выступах, і пры галасаваньні падтрымліваў дэпутатаў БНФ і Дэмклюбу (Дэмклюб быў аморфнай структурай і зьбіраўся толькі два ці тры разы, але фармальна ён існаваў, і Кавалёнак туды запісаўся. Між іншым, запісаныя там былі і Мечыслаў Грыб, і Кірыл Вахрамееў (мітрапаліт Філарэт).

У жніўні 1991-га, пасьля правалу маскоўскага праімпэрскага путчу, калі на патрабаваньне дэпутатаў БНФ была скліканая нечарговая сэсія ВС, Кавалёнак рэзка асудзіў дзеяньні кіраўніцтва ЦК КПБ і заявіў пра выхад з КПСС.

Сэсія пачалася з таго, што дэпутаты Апазыцыі БНФ унесьлі ў Авальную залю бел-чырвона-белы сьцяг.

Пазьней, ідучы з гатэлю ў Дом ураду, Кавалёнак возьме на плошчы сьцяг і прынясе яго ў будынак — разам зь ім у кампаніі былі дэпутаты Аляксандар Лукашэнка і Інэса Драбышэўская. Адсюль, відаць, і пазьнейшыя міты, што нібыта Лукашэнка (варыянт — Кавалёнак) першым унёс сьцяг. Сьцяг першымі ўнесьлі дэпутаты БНФ, але застаецца фактам, што яшчэ адзін бел-чырвона-белы сьцяг Кавалёнак у Дом ураду ўнёс.

Кавалёнак падчас мітынгу на плошчы, мікрафон трымае Юрась Хадыка, які вёў мітынгі ў тыя дні
Кавалёнак падчас мітынгу на плошчы, мікрафон трымае Юрась Хадыка, які вёў мітынгі ў тыя дні



У першыя гадзіны сэсіі большасьць дэпутатаў не хацела прымаць нашых прапановаў абвясьціць Незалежнасьць (ад імя Апазыцыі БНФ іх прадстаўляў Валянцін Голубеў), кіраўніцтва ВС мела намер правесьці сэсію ў адзін дзень, разгледзеўшы толькі пытаньні «аб бягучым моманце», а замест Незалежнасьці нам прапанавалі... абмеркаваць Саюзны дагавор.

«Прабіваньне» нашых патрабаваньняў у парадак дня ўзяло не адну гадзіну і каштавала нам шмат нэрваў...

У нас, дэпутатаў БНФ, была дакладна распрацаваная тактыка паводзінаў, хаця шмат што даводзілася мяняць імгненна (тут выявілася палітычная інтуіцыя Пазьняка). Кавалёнак нас падтрымліваў.

Цытую кнігу «Сэсія Незалежнасьці» Зянона Пазьняка, дзе зьмешчана поўная стэнаграма сэсіі:

«Кавалёнак У. В.: От оппозиции (Аплядысмэнты). В связи с возникшими эмоциями разрешите мне сделать заявление. Вчера в 9.30 я доложил Главнокомандующему военно-воздушными силами о том, что я вышел из рядов КПСС (Аплядысмэнты). Сделал это сознательно, по убеждению, потому что пребывать в такой партии порядочный, честный гражданин не может (Аплядысмэнты). Я обращаюсь к каждому белорусу последовать моему примеру, оставить ряды партии, этой партии... И второе, товарищи депутаты! Я посмотрел, как скомканы самые острые проблемы белорусского народа, республики в одну фразу о текущем моменте и о проекте договора. Я понял одно, что нынешнее руководство намерено и впредь не управлять республикой, а двурушничать, обманывать всех нас: и депутатов, сидящих здесь, и тех, кто здесь не присутствует, весь народ. Поэтому я предлагаю взять за основу повестку, предложенную товарищем Голубевым и дополненнную другими депутатами... (Аплядысмэнты)».

Назаўтра, 25 жніўня (у дзень, які будзе гістарычным), сэсія распачалася менавіта выступам Кавалёнка.

«Кавалёнак У. В.: Уважаемые народные депутаты, я обращаюсь к каждому из вас, независимо от вероисповедания и национальности. Давайте сегодня призовём во имя государственных решений, во имя республики единственный инструмент — свой рассудок, здравый смысл и собственные личные убеждения.

...Сегодня надо сделать выбор, опираясь на рассудок и здравый смысл. Надо сделать выбор о нашей государственной независимости и суверенитете. Именно нашей сессией. Я понимаю, что могут быть предприняты разные шаги, разные действия для того, чтобы блокировать работу сессии, но хочу сделать следующее заявление. В случае, если эти действия не будут предприняты, я бы попросил Демократический клуб, демократически настроенных депутатов, если мы оценим, что дальнейшая работа невозможна, образовать паралельную структуру и принять решения во имя республики... (Аплядысмэнты)».

На плошчы на заклік дэпутатаў БНФ сабраліся некалькі дзясяткаў тысяч людзей, і таму пагрозы зьвярнуцца да іх па дапамогу, прывесьці ў залю людзей з плошчы, стварыць паралельную структуру — такая была нашая тактыка на першым этапе (на другім, калі адправілі ў адстаўку Дземянцея і спынілі дзеяньне КПБ-КПСС, мы ўжо апэлявалі да пачуцьця самазахаваньня, выкарыстоўваючы больш дыпляматычныя прыёмы).

Быў момант, калі ўзьняўся дырэктар саўгасу «Гарадзец», дэпутат Аляксандар Лукашэнка і даволі нэрвова заявіў, што нібыта «вдруг, неожиданно, неспроста начал муссироваться вопрос о том, что Белоруссия должна стать исключительно суверенным государством», выказаўся фактычна супраць Незалежнасьці, скрытыкаваў Кебіча, які ў той момант падтрымліваў нашае імкненьне да Незалежнасьці, і сказаў, што ня будзе ўдзельнічаць у сэсіі (і сапраўды ня ўдзельнічаў, не галасаваў і нават не рэгістраваўся). Акцэнты наконт выступу Лукашэнкі расставіў Пазьняк, а Кавалёнак заявіў, што «и оппозиция, и все народные депутаты отмежовываются от этого заявления» Лукашэнкі.

Па усіх пытаньнях абвяшчэньня Незалежнасьці (наданьня Дэклярацыі аб сувэрэнітэце статусу канстытуцыйнага закону і мэханізмах увядзеньня гэтага рашэньня ў дзеяньне) Уладзімер Кавалёнак разам з дэпутатамі Апазыцыі БНФ галасаваў «за» (галасаваньне было пайменнае).

Усё ж прыгадаю эпізод, які пры падрыхтоўцы маёй кнігі Зянон Пазьняк параіў выдаліць, бо ён не выяўляў сутнасьці змаганьня за Незалежнасьць. Тое праўда, эпізод ня меў адносінаў да нашай стратэгіі і тактыкі, да кнігі не пасаваў, але атмасфэру пасьля галасаваньня ён адлюстроўвае добра. Усё роўна Садоўскі ў нядаўнім інтэрвію неяк прызнаўся, куды пайшлі некаторыя дэпутаты пасьля сэсіі, на якой была спыненая дзейнасьць КПБ-КПСС і абвешчаная Незалежнасьць..

Ідучы з Авальнай залі да свайго кабінэту (а ён быў побач з 363 пакоем, дзе зьбіралася апазыцыя), я пачуў песьню ў два галасы.

Сегодня мы не на параде,
Мы к коммунизму на пути!
В коммунистической бригаде
С нами Ленин впереди!


Каля акна стаялі Валянцін Голубеў і Ўладзімер Кавалёнак, на падаконьніку — пляшка напою, і колькасьць зорак на этыкетцы, хаця і меншая, чым на пагонах і грудзях касманаўта, не дазваляла думаць, што ў пляшцы — гарбата.

Мне тут жа было прапанавана далучыцца. Калі не памыляюся, разьліў быў армянскі. А можа, і малдаўскі, праз дваццаць гадоў такія рэчы забываюцца.

А Садоўскі прызнаўся, што ён і яшчэ некалькі чалавек пайшлі да Кебіча і там выпілі гарэлкі.

Гэтыя эпізоды, магчыма, сапраўды сьціраюць адчуваньне манумэнтальнасьці і гістарычнасьці таго дня — але цяпер я разумею, што інакш быць не магло, бо тая сэсія далася нам вялізным псыхалягічным напружаньнем (дый фізычным — законапраекты рыхтавалі ўначы, іншага часу не было). Для маралізатараў зазначу, што на кожнага прыпала добра калі грамаў па 150.

Праз тры тыдні, 19 верасьня, прымаліся ў якасьці дзяржаўных сымбаляў бел-чырвона-белы сьцяг і «Пагоня». У часе дыскусіі абмяркоўвалася і тое, што нацыянальны сьцяг скарыстоўваўся падчас фашысцкай акупацыі, але з вуснаў шмат якіх дэпутатаў (і ня толькі БНФ) гучала думка, што так было ня толькі ў Беларусі і што сымбалі могуць выкарыстоўваць самыя розныя сілы — ад гэтага яны ня трацяць значнасьці для нацыі. Кавалёнак гэтую дыскусію, бясспрэчна, чуў, бо знаходзіўся ў залі. Мала таго — ужо пасьля асноўнай дыскусіі Ўладзімер Кавалёнак падышоў да мікрафона і паведаміў, што на адрас сэсіі з падтрымкай нацыянальных сымбаляў прыйшла тэлеграма ад сям’і Якуба Коласа.

Сымбалічна і прыгожа, праўда? Герой-касманаўт паведамляе пра жаданьне нашчадкаў песьняра — нібыта зь нябёсаў Колас асьвяціў...

Ну а празь некалькі месяцаў было тое, што прыгожым не выглядала.

Беларусь прыняла закон аб грамадзянстве, і некаторым дэпутатам, якія жылі ў Маскве, мы прапанавалі вызначыцца: альбо заставацца дэпутатам ВС Беларусі і адмаўляцца ад расейскага грамадзянства, альбо скласьці дэпутацкія паўнамоцтвы. Нічога асабістага да Кавалёнка тут не было — Беларусь і Расея зрабіліся асобнымі дзяржавамі. Мы б толькі былі радыя, калі б касманаўт выбраў Беларусь.

На той момант экс-камуністы аб’ядналіся вакол Кебіча і пачалі атаку на БНФ. І вось на сэсію прыехаў Кавалёнак, яму далі слова... У мяне няма пакуль што стэнаграмы таго выступу, але памятаю свае адчуваньні. Ён панёс чамусьці на Баршчэўскага і на мяне, потым абвінаваціў увесь БНФ — пад воплескі большасьці тых, хто сядзеў у Авальнай залі (дастаткова сказаць, што выступ надрукавала маскоўская камуністычная газэта «Правда»).

Гэта было апошняе публічнае зьяўленьне Кавалёнка як народнага дэпутата Беларусі.

Далей, да сыходу ў адстаўку на пачатку 2000-х, ён (ужо ў званьні генэрал-палкоўніка, тры зоркі на пагонах) працаваў начальнікам вайскова-паветранай вышэйшай акадэміі імя Жукоўскага (найвышэйшай вайскова-паветранай установы Расеі, якую у свой час скончылі ці ня ўсе першыя касманаўты пачынаючы ад Гагарына).


Вышыня Сяргея Каваленкі
Вышыня Сяргея Каваленкі
Калі днямі ў інтэрвію «Свабодзе» Кавалёнак пашкадаваў, што нёс нацыянальны сьцяг, і зрабіў няўклюдны экскурс у гісторыю, адзін з наведнікаў на сайце «Свабоды» напісаў у камэнтары, што нацыянальная арбіта касманаўта Кавалёнка (а ў яго выпадку, заўважу, апагей 358 км) аказалася значна ніжэйшай, чым у віцябляніна Сяргея Каваленкі, які ўсталяваў на гарадзкой яліне бел-чырвона-белы сьцяг.

Гэта вельмі трапнае параўнаньне, я нічога не магу тут дадаць і цалкам пагаджаюся.

І ўсё ж — як быць з касманаўтам Кавалёнкам?

Думаю, што мы часта памыляемся, калі ад выдатных спартоўцаў, актораў, мастакоў, увогуле нейкіх знакамітасьцяў чакаем таго, на што яны папросту ня здольныя. Ня здольныя — з розных прычынаў. У 1994 годзе мой добры знаёмы, алімпійскі чэмпіён па боксе (залаты мэдаль, апошні ў СССР у боксе) Вячаслаў Яноўскі ўвайшоў у групу Ценевага кабінэту кандыдата ў прэзыдэнты Зянона Пазьняка. Але ў тыя ж дні шасьціразовы алімпійскі чэмпіён Віталь Шчэрба падтрымаў Кебіча. Міхалок сьпявае Купалу — а Сярога сьпявае разам з Жырыноўскім.

Той, хто сёньня чакае ад першай ракеткі сьвету нейкіх заяваў у абарону палітвязьняў (хаця такая просьба ад яе да Лукашэнкі важыла б значна болей, чым усе заявы Эўразьвязу. Перакананы нават, што, зробленая публічна, такая просьба мела б вынікам вызваленьне) — той, хто на гэта спадзяецца, рызыкуе расчаравацца. І не сварыцеся на яе, калі, прыехаўшы ў Менск, першая ракетка сьвету згуляе пару сэтаў зь першай лыжнай палкай Беларусі.

Высокі прафэсіяналізм (ды і талент) не заўсёды спалучаецца з грамадзянскасьцю ці нацыянальнай сьвядомасьцю.

У сьвеце зусім мала нацыяў, якія маюць касманаўтаў. Яшчэ менш — якія маюць тых, хто зьлятаў у космас двойчы. А каб тройчы — дык, наколькі мне вядома, толькі расейцы, амэрыканцы і беларусы могуць пахваліцца гэтым (Клімук і Кавалёнак тройчы лёталі ў космас). Кавалёнак правёў у космасе агулам паўгоду, дзяліў з калегамі па экіпажы памяшканьне на некалькі кубамэтраў.

Таму, хто лічыць гэта прагулянкай, раю зачыніцца на паўгоду ў легкавым аўтамабілі з найлепшым сябрам — ды хоць бы з каханай жанчынай ці нават і зь любай жонкай (пры гэтым, зразумелыя «зручнасьці» не «ў двары», а тут жа, на месцы, трэба толькі папрасіць адвярнуцца).

Ну а што да таго, ці перакрэсьліў сваімі заявамі Кавалёнак свае паводзіны ў 1991-м...

Баюся, ацаніць гэта можа толькі Гісторыя.

Прывяду больш выразнае параўнаньне.

За Незалежнасьць Беларусі 25 жніўня 1991 г. разам з дэпутатамі БНФ Пазьняком, Голубевым, Беленькім, Герменчуком, Садоўскім, Сямдзянавай, Дзейкам, Пырхам, дэпутатамі Дэмклюбу Гілевічам, Ганчаром, Лябедзькам, Кавалёнкам, Шушкевічам, Сьлямнёвым, — галасавалі «за» будучы архітэктар ганебнага рэфэрэндуму-95 Сініцын, будучы палітаглядальнік БТ Новікаў, будучы апанэнт дэмакратычных сілаў нумар адзін Кебіч і ягоны верны прадстаўнік у ВС Казлоў ды яшчэ шмат дэпутатаў зь менш гучнымі прозьвішчамі, якія самым непасрэдным чынам прычыняцца да таго, што Беларусь збочыла са шляху нацыянальнага Адраджэньня і дэмакратыі...

У ЗША палітычныя біяграфіі падпісантаў Дэклярацыі аб незалежнасьці пасьля 1776 году склаліся па-рознаму, але іх наступныя дасягненьні (таксама як і памылкі) вядомыя і цікавыя толькі вузкаму колу прафэсуры — у гісторыі яны засталіся сваім подпісам пад Дэклярацыяй. Гісторыя (зь вялікай літары) іх ураўняла.

Можа здарыцца так, што ў беларускай гісторыі тыя, хто 25 жніўня 1991-га прагаласаваў за Незалежнасьць (ува ўсякім разе абсалютная большасьць з нас) — застануцца менавіта гэтым сваім галасаваньнем.

Дык зь юбілеем, касманаўт?

P. S. І ўсё ж пра Сяргея Каваленку, пра палітвязьняў і Уладзімеру Кавалёнку, і тэнісістцы варта было б выказацца. Ня ўпалі б ні зоркі з пагон, ні ракетка з далоні.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG