Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасадар КНР і віцэ-прэм’ер суцяшаюць беларусаў

  • БелаПАН

Высечка парку пад гасьцініцу «Пэкін».

Высечка парку пад гасьцініцу «Пэкін».

Падчас прэзэнтацыі адмысловых нумароў часопісаў «Беларусь» і «Кітай», прысьвечаных 20-годзьдзю ўсталяваньня дыпляматычных адносінаў паміж Кітайскай Народнай Рэспублікай і Рэспублікай Беларусь, надзвычайны і паўнамоцны пасол КНР у Беларусі Гун Цзяньвэй пракамэнтаваў сытуацыю з будаўніцтвам гатэлю «Пэкін» у Менску і кітайска-беларускага індустрыяльнага парку ў Смалявіцкім раёне.

На пытаньне, ці будзе амбасадар кантактаваць з жыхарамі, якія выступаюць супраць будаўніцтва гатэлю «Пэкін» у парку 40-годзьдзя Кастрычніка, Гун Цзяньвэй адказаў адмоўна: «Гэтае будаўніцтва — рашэньне ўраду Рэспублікі Беларусь. Прамыя кітайскія інвэстыцыі ідуць у Беларусь на аснове міжурадавых пагадненьняў. Мы строга кіруемся тымі палажэньнямі, якія прадугледжаныя нашым пагадненьнем. Будзем будаваць добры пяцізоркавы гатэль для менчукоў, які ўпрыгожыць пэйзаж Менску».

Паводле словаў дыплямата, урэгуляваць рознагалосьсі, якія ўзьніклі — задача беларускіх уладаў, а задача кітайскага боку — забясьпечыць выкананьне дасягнутых раней дамоўленасьцяў аб будаўніцтве.

Адказваючы на пытаньне пра апасеньні жыхароў Смалявіцкага раёну з нагоды гвалтоўнай канфіскацыі іх уласнасьці пад будоўлю беларуска-кітайскага індустрыяльнага парку, пасол КНР падкрэсьліў, што пра такія захады гаворка не ідзе. «Размова ідзе пра добраўпарадкаваньне прамысловага парку. Гэта пляцоўка ня толькі для кітайскіх і беларускіх кампаніяў, але і для перадавых усясьветных. Гэта будаўнічая пляцоўка, гэта ня нечая пляцоўка. Для ўсіх, хто жадае, яна даступная. На прапанаваных умовах», — сказаў Гун Цзяньвэй, дадаўшы, што ніякага «чайна-таўну» кітайскія кампаніі будаваць ня будуць: «Нашы кампаніі будуюць жылыя кварталы, каб потым перадаць менчукам. І ўсё».


Віцэ-прэм’ер Анатоль Тозік таксама запэўніў, што пры будаўніцтве кітайска-беларускага індустрыяльнага парку ў Смалявіцкім раёне дачныя каапэратывы і вёскі не пацярпяць. Ён паведаміў, што падрыхтаваны ўказ прэзыдэнта, у які ўнесена адпаведная норма.

Спадар Тозік таксама запэўніў, што пры будаўніцтве будуць захаваныя ўсе экалягічныя нормы.

У парку будуць створаныя тысячы працоўных месцаў для грамадзянаў Беларусі. Інфраструктуру парку плянуецца зрабіць прывабнай для найлепшых усясьветных кампаніяў: «і кітайскіх, і японскіх, і карэйскіх, і эўрапейскіх, і амэрыканскіх», — заявіў Тозік.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG