Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гары Паганяйла: Палітвязьняў у Беларусі можа стаць болей


2 сакавіка Беларусь пакінуць амбасадары Вугоршчыны, Італіі, Латвіі, Літвы, Нямеччыны, 4 сакавіка зьедуць амбасадары Чэхіі і Францыі.

А беларуская Генпракуратура занялася тымі, хто заклікае ўвесьці санкцыі адносна Беларусі.

Ад сёньняшняга дня бальшыня эўрапейскіх дыппрадстаўніцтваў у Беларусі застанецца без амбасадараў. Яны пакідаюць Беларусь на знак салідарнасьці з паслом Польшчы Лешкам Шарэпкам і прадстаўніцай ЭЗ Майрай Морай, ад якіх беларускі бок запатрабаваў пакінуць краіну. Сёньня пакінуць Менск пяцёра амбасадараў, яшчэ двое зьедуць у нядзелю. Амбасадар Вялікай Брытаніі зьехала 28 лютага, учора зьехалі амбасадары Славаччыны і Эстоніі. У ніводнай амбасадзе ня ведаюць, калі амбасадары вернуцца ў Менск. Прэс-сакратар амбасады Вялікай Брытаніі Іна Рамашэўская сказала:

«На гэтым этапе праводзяцца кансультацыі».

Карэспандэнт: «Як доўга будзе знаходзіцца амбасадар у Лёндане?»

Рамашэўская: «На гэтым этапе незразумела».

Прэсавы сакратар Міністэрства замежных спраў Латвіі Яніс Сіліс у размове з карэспандэнтам «Свабоды» адзначыў, што час знаходжаньня амбасадара Латвіі ў Рызе «будзе залежаць ад сытуацыі, так доўга, як гэта будзе патрэбна».

«Вельмі многа ўсялякіх фактараў можа быць. Быў бы вельмі пазытыўны крок, калі б беларускія ўлады выпусьцілі ўсіх палітвязьняў. Тады дачыненьні паміж краінамі ЭЗ і Беларусьсю больш-менш наладзяцца. Гэта быў бы крок у бок паляпшэньня».

Як ставіцца пасьля гэтых падзеяў афіцыйная Рыга да санкцыяў адносна Беларусі, якія плянуецца пашырыць?
Пасьля таго кроку, які зрабілі беларускія ўлады, канечне, матывацыя ў краін ЭЗ даволі рашучая наконт эканамічных санкцыяў.

«Пасьля таго кроку, які зрабілі беларускія ўлады, канечне, матывацыя ў краін ЭЗ даволі рашучая наконт эканамічных санкцыяў. У прынцыпе, пазыцыя Латвіі на гэты момант застаецца ранейшай: мы ня вельмі „за“ эканамічныя санкцыі. Але ў гэтай сытуацыі, якая разгарнулася, Латвія, застаўшыся адна, наўрад ці зможа паўплываць на рашэньне ўсіх краін ЭЗ. Наш пасол вяртаецца ў Рыгу. Дзьверы для палітычнага паляпшэньня застаюцца адчыненымі, але мяч — на баку беларускіх уладаў. Калі будуць вызвалены палітвязьні, то гэта можа пазытыўна паўплываць на далейшае разьвіцьцё стасункаў».

Ці будзе адклікаць сваіх амбасадараў з краін Эўразьвязу афіцыйны Менск? На гэта прэсавы сакратар беларускага МЗС Андрэй Савіных сказаў карэспандэнту «Свабоды»:

«Мы не зьяўляемся ініцыятарамі эскаляцыі, нейкіх канфліктных тэндэнцый. Мы выступаем за вяртаньне абодвух бакоў да перамоваў. Таму ніякіх адкліканьняў паслоў беларускіх з краін ЭЗ у гэты момант не плянуецца».

Тым часам Генпракуратура Беларусі прыгразіла крымінальнай адказнасьцю беларускім грамадзянам за заклікі да ўвядзеньня санкцыяў супраць Беларусі. Яна пагражае ўжыць «усе прадугледжаныя заканадаўствам абмежаваньні, уключаючы і часовую забарону на выезд». На падставе якіх артыкулаў гэта будзе рабіцца?

Прэс-сакратар Генпракуратуры Пётар Кісялёў: «Вы шукайце ў інтэрнэце пра Ярашука, там нейкія артыкулы былі названыя, мабыць, гэтыя».

Лідэр незалежных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук быў раней выкліканы ў Генпракуратуру, дзе даў тлумачэньні адносна заявы пра магчымасьць байкоту беларускіх тавараў у ЭЗ. Тады спасылаліся на артыкулы, якія прадугледжваюць адказнасьць за дыскрэдытацыю краіны або яе органаў улады.
Ад мяне не залежыць, увядзе ЭЗ ці не ўвядзе гэтую санкцыю. Гэта залежыць ад тых дзеяньняў, якія зрабіла канкрэтная асоба ці ў цэлым урад.

Камэнтуючы гэтыя пагрозы з боку Генпракуратуры, юрыст Мечыслаў Грыб заявіў, што заклік да санкцыяў ня цягне за сабой ні крымінальнай, ні адміністрацыйнай адказнасьці.

«Адкуль яны гэта бяруць, я ня ведаю. Па-другое, улады вельмі баяцца санкцыяў, калі так на гэта рэагуюць. Ад мяне, напрыклад, не залежыць, увядзе ЭЗ ці не ўвядзе гэтую санкцыю. Гэта залежыць ад тых дзеяньняў, якія зрабіла канкрэтная асоба ці ў цэлым урад. Гэта цалкам залежыць ад паводзінаў улады, канкрэтных дзяржаўных служачых, якія маюць дачыненьне да аховы правоў чалавека. Але ж наша ўлада адно можа перавярнуць на другое».

Праваабаронца Гары Паганяйла адзначае, што калі ўлады пачнуць караць за заклікі да санкцыяў, то палітвязьняў у Беларусі стане больш:

«Гэта толькі пацьвярджае, што ўрад не жадае захоўваць правы чалавека, працягвае нагнятаць гістэрыю страху і спрабуе заткнуць раты тым хто актыўна змагаецца з гэтымі беззаконьнямі».
XS
SM
MD
LG