Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жонка Каваленкі зьвярнулася ў Міжнародны Чырвоны Крыж


Людміла Каваленка ў часе суду над ейным мужам.

Людміла Каваленка ў часе суду над ейным мужам.

Ужо больш за два месяцы працягвае галадоўку пратэсту віцебскі актывіст КХП БНФ Сяргей Каваленка, у тым ліку 23 дні няспынна. Жонка Каваленкі зьвярнулася ў Міжнародны Чырвоны Крыж з просьбай аб дапамозе. Сёньня вырашыцца, ці прызнаюць Зьмітру Бандарэнку інвалідам.

2 сакавіка Алена Каваленка, жонка галадоўніка Сяргея Каваленкі, пазваніла ў офіс Міжнароднага Чырвонага Крыжа ў Жэнэве з просьбай аб дапамозе:

«Хачу, каб яны дапамаглі, хаця б наведалі яго, паспрабавалі наведаць. Нават у часы вайны Чырвоны Крыж дапамагаў людзям, можа і зараз дапаможа».

На гэты момант Алена Каваленка ня ведае, якая дапамога ёй будзе аказаная. Просьбу жанчыны запісала супрацоўніца, якая размаўляла па-расейску і папрасіла перазваніць у другой палове дня, бо жэнэўскі час адрозьніваецца ад менскага на 2 гадзіны.

Сёньня ж сваякі Сяргея Каваленкі атрымалі дазвол на спатканьне зь ім у рэспубліканскім турэмным шпіталі ў Менску, дзе вязьня трымаюць з канца лютага. Дазвол дала судзьдзя Першамайскага суду Віцебску Алена Жук, якая і судзіла Сяргея Каваленку:

«Напэўна, паедуць у панядзелак да яго маці Лідзія Ўладзімераўна і брат Віталь, а потым я ўжо паеду. Паколькі ўжо пачаўся іншы месяц, то мне можна будзе паехаць, хоць нядаўна я ўжо і бачыла яго», — паведаміла Алена Каваленка.


2 сакавіка ў Магілёўскай калёніі турэмная камісія можа вызначыцца, ці даваць інваліднасьць палітвязьню Зьмітру Бандарэнку, які ў зьняволеньні перанёс апэрацыю на хрыбетніку і працягвае пакутаваць ад рэгулярных боляў у сьпіне і назе. Жонка вязьня Вольга Бандарэнка амаль ня верыць у тое, што камісія ўлічыць стан здароўя мужа і прызнае яго інвалідам.
У камісію ўваходзяць прадстаўнікі КДБ і МУС, ня думаю, што яны пойдуць насустрач палітвязьню.

«У камісію ўваходзяць прадстаўнікі КДБ і МУС, ня думаю, што яны пойдуць насустрач палітвязьню, тым больш што ўжо двойчы адмаўлялі», — кажа Вольга Бандарэнка. Паводле яе, стан здароўя Зьмітра Бандарэнкі зноў пагоршыўся. У яго паднялася тэмпэратура, ён трапіў у мэдычную частку, але нават такую дапамогу вязьню аказалі не адразу:

«Яму стала дрэнна, прыйшоў да мэдыкаў і папрасіў, каб паклалі хоць на нейкі час. Далі лекі і сказалі — ідзіце, не таргуйцеся. Увечары зноў стала вельмі дрэнна, тэмпэратура за 39, але зрабілі ўкол і сказалі прыйсьці назаўтра. Начаваў літаральна ў рукавіцах, бо такая высокая была тэмпэратура, што яго ўсяго трэсла. Раніцай, хістаючыся, ледзь дайшоў да мэдчасткі, тэмпэратура была больш за 39,5, і толькі тады яго паклалі».

Пра вынікі камісіі па інваліднасьці жонцы палітвязьня стане вядома пазьней. «Паведамілі, што праінфармуюць пісьмова, інакш ніяк», — сказала Вольга Бандарэнка.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG