Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Забарона Ўкраіны на ўвоз беларускіх харчовых тавараў жывёльнага паходжаньня закранула шэраг мяса-малочных прадпрыемстваў Гомельшчыны і Магілёўшчыны.

Тым часам і Расея заявіла пра магчымую забарону беларускай малочнай прадукцыі, бо тая стварае непажаданую канкурэнцыю мясцовым вырабам.

Прычыны канфліктных сытуацыяў высьвятлялі сёньня карэспандэнты «Свабоды».

Гомельшчына


Спынілі адгрузку сваёй прадукцыі на ўкраінскі спажывецкі рынак Калінкавіцкі мясакамбінат, прадпрыемствы гомельскага акцыянэрнага таварыства «Малочныя прадукты», «Мазырскія малочныя прадукты».

Зараз вытворцы арыентуюцца перш за ўсё на расейскі рынак і спадзяюцца, як, напрыклад, у Мазыры, на хуткае аднаўленьне гандлёвых стасункаў з Украінай:

«Мы, вядома, чакаем, што ўкраінскі рынак будзе працаваць. Для сябе мы стратэгію выпрацавалі й яе трымаемся».

Пакутуюць ад забароны ня толькі беларускія вытворцы, але і ўкраінскія спажыўцы й гандлёвыя арганізацыі. Вось што, у прыватнасьці, заяўляе кіраўнік фірмы «Прайм-Фуд» з Кіева Андрэй Папоў. Фірма мае цесныя стасункі з гомельскімі перапрацоўчымі прадпрыемствамі й сумесным акцыянэрным таварыствам «УкрБелсэрвіс»:
Не складанасьці гэта, а катастрофа. Ва ўсіх шок!

«Не складанасьці гэта, а катастрофа. Ва ўсіх шок! Людзі засталіся бяз працы. Людзі, якія ўзялі крэдыты дзеля разьвіцьця сваіх гандлёвых кропак, засталіся бяз працы. У Кіеве й Кіеўскай вобласьці гэта прыкладна каля 3 тысяч гандлёвых кропак, якія бралі ў нас беларускую прадукцыю. І там чэргі стаялі».

Украінскі бізнэсовец кажа, што беларускую прадукцыю 77 найменьняў дастаўлялі таксама ў Жытомір, Харкаў, Днепрапятроўск. Спажыўцам асабліва даспадобы было тое, што выраблена гомельская прадукцыя з цэльнага, а не сухога малака, як гэта часьцяком бывае ва Ўкраіне.

Тым часам Дзяржаўная вэтфітаслужба Ўкраіны заяўляе, што ў лютым падчас вэтэрынарна-санітарнага кантролю малочных прадуктаў, якія завозяцца зь Беларусі, выяўлена перавышэньне дапушчальных узроўняў вэтэрынарных прэпаратаў. Апрача таго, Міністэрства сельскай гаспадаркі Беларусі й дэпартамэнт вэтэрынарнага й харчовага кантролю рэспублікі не далі ўкраінскаму боку поўнай інфармацыі пра спаленьне сьвіней 16 лютага ў вёсцы Нязнанава Наваградзкага раёну, выкліканае, як мяркуюць украінцы, афрыканскай чумой.

Забарона Ўкраіны на ўвоз мяса-малочнай прадукцыі зь Беларусі вымушае вытворцаў тэрмінова клапаціцца пра зьмяншэньне стратаў ад канфлікту, як лічаць у Гомелі — зусім не камэрцыйнага. Прынамсі, пра гэта кажуць у акцыянэрным таварыстве «Малочныя прадукты», якое другі дзень ня можа адправіць сваю прадукцыю ўкраінскім спажыўцам:

«Чым для нас гэта абернецца, мы зараз аналізуем. Альтэрнатыўныя рынкі збыту ў нас ёсьць, дамовы заключаныя зь вялікай колькасьцю нашых партнэраў у блізкім замежжы. Цяпер наагул лепей узяць інфармацыю з палітычных крыніцаў, бо гэта канфлікт не камэрцыйны. Было б лепш пагутарыць з палітыкамі, з вэтэрынарнай службай пры Міністэрстве сельскай гаспадаркі».

Магілёўшчына


На Магілёўшчыне прыпынілі пастаўкі прадукцыі ва Ўкраіну акцыянэрнае таварыства «Бабулін гладыш» і Асіповіцкі малочны камбінат.

Асіповіцкі малочны камбінат прадае ва Ўкраіну, як зазначыў супрацоўнік аддзелу зьнешнеэканамічнай дзейнасьці прадпрыемства, невялікі аб’ём прадукцыі. У асноўным масла. Цяпер пастаўкі прыпыненыя.

Супрацоўнік: «Цяпер ня можам пастаўляць, бо мяжа закрытая для беларускай прадукцыі. Там на сайце вісіць, што з 1 сакавіка».

Карэспандэнт: «Страты ў прадпрыемства будуць ці вялікія, калі гэта ўсё зацягнецца?»
Практычна больш цярпіць, выходзіць, іхны бок.

Супрацоўнік: «Тут дужа цяжка нешта пэўнае сказаць. Практычна больш цярпіць, выходзіць, іхны бок. Ну, і ў нас таксама менш рэалізацыі. Мы не сядзім на месцы. Мы цяпер працуем у іншым кірунку, перадусім — Расея».

З публікацыяў у мясцовых інтэрнэт-крыніцах вядома, што не пастаўляе прадукцыі і акцыянэрнае таварыства «Бабулін гладыш». Пацьвердзіць гэтыя зьвесткі на прадпрыемстве, аднак, не ўдалося. Прадстаўнікі адміністрацыі ўхіляліся ад наўпроставага адказу. Казалі, што такой інфармацыяй валодае служба зьнешнеэканамічных сувязяў прадпрыемства. Супрацоўнік службы паведаміў:

«Не магу нічога сказаць. Мы ў прынцыпе асабліва ва Ўкраіне не завязаныя. Па вялікім рахунку, гэта трэба вам зьвязвацца зь Міністэрствам гандлю той жа Ўкраіны».

Афіцыйныя крыніцы пра сытуацыю з прыпыненьнем паставак малочнай прадукцыі з Асіповіцкага малочнага камбінату і магілёўскага «Бабулінага гладыша» не паведамляюць. Няма такіх зьвестак і на сайтах прадпрыемстваў. На сайце магілёўскага прадпрыемства ў апошняй навіне, датаванай 31 студзеня, гаварыцца пра дасягненьні. «Бабулін гладыш» перамог на конкурсе «Брэнд году».

Асноўны рынак збыту прадукцыі малочных прадпрыемстваў рэгіёну — Расея. У чэрвені 2010 году і «Бабулін гладыш», і Асіповіцкі малочны камбінат апынуліся сярод прадпрыемстваў, для якіх «Россельхознадзор» увёў часовыя абмежаваньні на пастаўкі малочнай прадукцыі.

Мытны саюз — інструмэнт «гандлёвай вайны»?


Цяпер расейскія «малочнікі» чарговым разам папракаюць сваіх беларускіх калегаў у дэмпінгу на рынку Расеі — гэта значыць, у наўмысным зьніжэньні кошту на малако й прадукты зь яго дзеля пашырэньня аб’ёмаў продажу.

У прыватнасьці, старшыня праўленьня расейскага аб’яднаньня «Саюзмалако» Андрэй Даніленка заявіў, што цяперашнія забароны й абмежаваньні беларускай малочнай прадукцыі — гэта кшталту дысцыплінарнай меры, каб беларускі бок не парушаў агульныя патрабаваньні Мытнага саюзу:

«Мы мусім максымальна ўніфікаваць рэгуляваньне кантролю за якасьцю прадукцыі, яе бясьпекай, а таксама сумеснага кантролю за ўзроўнямі дзяржаўнага фінансаваньня й падтрымкі розных галінаў сельскай гаспадаркі».

Беларускі палітык, экс-кандыдат на прэзыдэнта Рыгор Кастусёў перакананы, што кожны кірунак супрацоўніцтва Беларусі й Расеі ў Мытным саюзе можа прывесьці да канкрэтных забаронаў як з аднаго, так і з другога боку.

«Зразумела, што расейскія ўлады абараняюць сваіх сельгасвытворцаў. А беларускі бок праз укладаньне грошай альбо праз датацыі сельскай гаспадарцы прывёў да таго, што мы зараз прадаём у Расею малако таньней у 1,5 раза, чым расейскае. І такім чынам Беларусь нясе значныя эканамічныя страты.

Калі ж пакласьці на сабекошт малака ўсе дапамогі й датацыі ад дзяржавы, то кошт малака павялічыцца вельмі нашмат. Адназначна, што Беларусь прадае цяпер малако са стратамі для бюджэту.

Ну, а яшчэ зараз Лукашэнка сапсаваў адносіны з Эўразьвязам і, магчыма, разьлічваў на большую дапамогу ад Расеі, а зараз і яна ставіцца адпаведна. У выніку Беларусь, я мяркую, апынецца ў яшчэ большай эканамічнай блякадзе. А гэтага і трэба было чакаць...»

Даведка


6 чэрвеня 2008 году ў Расеі пад забарону трапілі больш як 500 найменьняў беларускай малочнай прадукцыі. Празь некалькі дзён Аляксандар Лукашэнка прыгразіў вярнуць мытні на расейска-беларускую мяжу, а ўжо 17 чэрвеня 2008 году было абвешчана, што бакі дасягнулі дамоўленасьці адносна паставак беларускай малочнай прадукцыі.

Зараз патрабаваньняў да якасьці беларускага малака расейскі бок не выстаўляе: усё круціцца вакол кошту. Беларускае малако каштуе ў Расеі ў 1,5 раза таньней, чым мясцовае, што дае падставы расейскім вытворцам баяцца страты сваёй рынкавай долі.

На пачатак 2012 году, паводле дадзеных «Саюзмалака», сярэдні канчатковы (з улікам гатунку і паказчыкаў тлустасьці і бялку) кошт сырога таварнага малака ў Расеі складаў 15–16 рублёў за кіляграм, у той час як у Беларусі — не перавышаў 11 рублёў за кіляграм.

Справа ў тым, што Менск забясьпечвае вялікі ўзровень бюджэтнага субсыдыяваньня вытворчасьці ў сельскай гаспадарцы. У прыватнасьці, у першым канфліктным годзе (2008-м) гэты паказчык складаў 24%, у той час як у Расеі дасягаў усяго 3%.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG