Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўдронюс Ажубаліс: «Дыялёг ЭЗ і Беларусі — на мяжы знікненьня»


Аўдронюс Ажубаліс
Аўдронюс Ажубаліс

Але Эўропа і далей будзе ісьці насустрач жыхарам краіны, дапамагаць дэмакратычным рухам і прымяняць санкцыі ў дачыненьні да рэжыму Лукашэнкі.

Гэта адзначыў у інтэрвію DELFI міністар замежных спраў Літвы Аўдронюс Ажубаліс.

Ажубаліс: «Сытуацыя ў Беларусі і ў гэтым рэгіёне няўстойлівая, яна мяняецца. Прагназаваць, што Літва рабіла бы ў 2013 годзе, я б не наважыўся (Літва будзе старшыняваць у Эўразьвязе ў другой палове 2013 году). А цяпер мы працягваем тое, пра што казалі раней: жорсткія санкцыі для паплечнікаў гэтага рэжыму і, зь іншага боку, максымальная адкрытасьць людзям Беларусі, беларускай грамадзкасьці, каб Эўрапейскі Зьвяз адкрываўся ў прамым сэнсе».

«Таму сёньня была нота, якую мы адправілі беларускаму боку. Мы паведамляем, што Літва гатовая пачаць ажыцьцяўляць мэханізм памежнага руху паміж Беларусьсю і Літвой. У гэтым пытаньні мяч канчаткова на баку Беларусі».

Цяпер Літва чакае, калі Беларусь адкажа на гэтую ноту, таму што згодна з падпісаным пагадненьнем, праз 30 дзён пасьля абмену нотамі рэжым аўтаматычна пачынае дзейнічаць.

Міністар замежных спраў таксама нагадаў, што не без намаганьняў Літвы Эўразьвяз яшчэ летась спрабаваў пачаць дыялёг зь Беларусьсю пра спрошчаны візавы рэжым:

«Але самае дзіўнае і сумнае тое, што беларускі бок ні на адну спробу Літвы не адказаў. Але мы будзем працягваць гэтыя намаганьні».

Аўдронюс Ажубаліс паабяцаў, што будзе аказвацца дапамога ўсім дэмакратычным рухам у іх спробах зьмяніць ход развіцьця Беларусі ад таталітарнага, аўтарытарнага да дэмакратычнага.

Што да пэрспэктываў уключэньня мэханізму спрошчанага памежнага перамяшчэньня з улікам напружаньня паміж Беларусьсю і Эўразьвязам, Ажубаліс адзначыў:

«Гэта залежыць ад таго, наколькі беларускія кіраўнікі прыязна глядзяць на тое, каб людзі, якія жывуць у памежнай зоне зь Літвой, мелі б менш перашкодаў для зносінаў паміж сабой, мелі б магчымасьць наведваць і магілы, і цэрквы, разам сьвяткаваць сямейныя сьвяты. Гэта лакмусавая паперка стаўленьня да сваіх жыхароў».

Адносна прыняцьця захадаў у адказ на дзеяньні афіцыйнага Менску Ажубаліс падкрэсліў: «Мы гуляем у адной камандзе з 26 гульцамі ў Эўрапейскім Зьвязе, і мы стараемся ўсе свае дзеяньні ўзгадняць. Было прынята агульнае рашэньне аб адкліканні ўсіх амбасадараў для кансультацый. Заўтра наш пасол вяртаецца на кансультацыі ў Літву. Сытуацыя сумная таму, што скарачэньне колькасьці дыпляматаў ЭЗ у Менску азначае адно — дыялёг звужаецца ці наагул на мяжы зьнікнення. Гэта вельмі дрэнны сыгнал».

«Сумна, што ўвесь працэс так званай дыпляматычнай вайны пачаўся з прапановаў Беларусі амбасадарам Польшчы і ЭЗ выехаць з краіны на кансультацыі, што азначае на дыпляматычнай мове: вы не пажаданыя. Вядома, Эўразьвязу не заставалася нічога іншага, як распачаць захады ў адказ і пацьвердзіць тым самым, што ЭЗ салідарны, нягледзячы на розныя непаразуменьні, часам, рознагалосьсі, спрэчкі», — сказаў Ажубаліс.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG