Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як уратаваць Крэўскі замак?


Крэўскі замак, архіўныя фотаздымкі

Крэўскі замак, архіўныя фотаздымкі

Гарадзенскі аблвыканкам разгледзеў пытаньне: «Як правільна праводзіць працы па захаваньні ад разбурэньня помнікаў архітэктуры».

Праблема іхняга разбурэньня застаецца надзённай. У прыватнасьці, па-ранейшаму турбуе стан руінаў Крэўскага замку, які сёлета ўключаны ў праграму «Замкі Беларусі».

Афіцыйная прэса паведамляе, што ўладу зацікавілі адмоўныя прыклады захаваньня помнікаў ад далейшага разбурэньня: «Пытаньне ўзьнікла пасьля таго, як Смаргонскі райвыканкам паспрабаваў зрабіць такія працы на Крэўскім замку самастойна».

Начальнік аддзелу льтуры Смаргонскага райвыканкаму Тацяна Ражава удакладняе сытуацыю:

«Смаргонскі райвыканкам ніякіх самастойных працаў на Крэўскім замку не рабіў. Ня ведаю, адкуль пайшла гэтая інфармацыя. Гэтыя працы, маецца на ўвазе з дошак — першыя супрацьаварыйныя накрыўкі, рабіў не райвыканкам, а валянтэрскі летнік пад эгідай мясцовага фонду „Крэўскі замак“. Але на гэтыя працы фонд меў дазвол ад Міністэрства культуры. Вядома, зь цягам часу яны разбурыліся, прыйшлі ў заняпад, і трэба цяпер іх здымаць, гэтыя накрыўкі, яны сваёй ролі ўжо не выконваюць».

Тацяна Ражава зьвяртае ўвагу на тое, што замак патрабуе найперш супрацьаварыйных захадаў:

«Я ва ўпраўленьне культуры даслала сваё бачаньне таго, што трэба рабіць. Канечне, Крэўскі замак — гэта занадта сур’ёзны аб’ект, каб там можна было штосьці рабіць дылетанцкім спосабам. Потым, кансэрвацыя — гэта адно, а першачарговыя супрацьаварыйныя працы — гэта зусім іншае. Паводле закону аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны, на гэтыя працы нават і дазвол Міністэрства культуры не заўсёды патрэбны. Таму тут ніякага парушэньня заканадаўства не было. Фонд „Крэўскі замак“ хацеў як лепей, а атрымалася тое, што атрымалася».

Начальнік упраўленьня аховы гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі ў Міністэрстве культуры Ігар Чарняўскі:

«Мы ня так даўно сустракаліся са смаргонскімі ўладамі, абмеркавалі падыходы да гэтых працаў. Зараз трэба вызначыцца па падраднай праектнай арганізацыі, падрыхтаваць праектную прапанову. Таму што больш упадзе камянёў з Крэўскага замку ці менш, гэта ўжо няважна, бо столькі ўпала... Можна было б аднавіць Княскую вежу, на гэта дастаткова ёсьць матэрыялаў, але для гэтага трэба яшчэ правесьці вялікія працы дасьледчыя, археалёгію, умацаваць канструкцыі. Таму я, калі мы абмяркоўвалі, прапаноўваў два варыянты: максымум — гэта аднавіць, мінімум — перакрыць дзесьці на ўзроўні трэцяга яруса ўнутраным дахам і арганізаваць у першым ярусе і часткова другім — музэйную экспазыцыю».

На гэта спатрэбіцца тры-чатыры гады, мяркуе Ігар Чарняўскі. Хто будзе праектантам, павінна вырашыцца на падставе тэндэру да канца сакавіка. Начальнік аддзелу культуры Смаргонскага райвыканкаму Тацяна Ражава зазначае:

«Больш за тое, скажу, што мы будзем настойваць на тым, каб першачарговыя супрацьаварыйныя працы вяліся паралельна з праектаваньнем. Каб, шчыра кажучы, пакуль мы будзем рабіць праект, не разбурыўся замак зусім».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG