Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На «Кастрычніцкай» пачынаецца выбарачны надгляд пасажыраў


Ад сёньня на станцыі «Кастрычніцкая» менскага мэтро пачаў працаваць пункт надгляду. Надглядаць будуць ня кожнага, а таго, хто выкліча «падазрэньні».

Галоўны рэвізор бясьпекі руху, намесьнік начальніка Менскага мэтрапалітэну Алег Круглоў паведаміў БелаПАН, што ў пункце надгляду ўсталяваны лічбавы сканэр для агляду ручной паклажы і шматзанальны комплекс для выяўленьня мэталічных прадметаў «Верас». На дзьвярах пакою для надгляду зьмешчана жоўтая налепка са значком радыяцыйнага выпраменьваньня, аднак, паводле запэўніваньняў, доля іянізацыйнага выпраменьваньня бясшкодная. Адказваючы на пытаньне карэспандэнта БелаПАН, наколькі мае сэнс праводзіць выбарачны кантроль усяго на адной са станцыяў, Круглоў заўважыў, што спачатку трэба паспрабаваць, набыць вопыт. Аднак усталяваньне такіх пунктаў на іншых станцыях пакуль выглядае праблематычным, бо такія зоны ня ўлічваліся пры праектаваньні і вольных месцаў на гэта няма. Дарагое таксама абсталяваньне.

Сп. Круглоў таксама запэўніў, што праверка аднаго пасажыра зойме адну-дзьве хвіліны і для яе ня будуць «вылоўліваць» людзей, якія ўжо стаяць на плятформах.

Меры кантролю на станцыі «Кастрычніцкая» ўводзяцца празь няцэлы год пасьля тэракту. Па вэрсіі сьледзтва, тэрарысты пранесьлі выбухоўку ў мэтро ў вялізнай сумцы, ня выклікаўшы ні ў кога падазрэньняў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG