Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польскі эўрапарлямэнтар Марэк Мігальскі ініцыяваў збор подпісаў за пазбаўленьне Беларусі права на правядзеньне хакейнага чэмпіянату сьвету 2014 году.

Свае подпісы ахвотныя могуць паставіць на адмысловым сайце.

«Надзяленьне Аляксандра Лукашэнкі функцыяй гаспадара чэмпіянату сьвету было б для яго нагодаю папулярызаваць сваю асобу, а таксама прэзэнтаваць Беларусь як нармальную краіну, у якой адбываюцца нармальныя спартовыя падзеі, – піша ў сваім звароце Мігальскі. – На жаль, Беларусь – гэта краіна, у якой зьнікаюць людзі, у якой парушаюцца асноўныя правы чалавека, у якой няма дэмакратыі. Чэмпіянат павінен быць сьвятам радасьці і салідарнасьці, таму ён ня можа праходзіць у краіне, грамадзянам якой адмаўляюць у асноўных правох і свабодах».

Польскі парлямэнтар падкрэсьлівае, што «людзі вольнага сьвету не павінны даваць дыктатару магчымасьці хаваць праўдзівае аблічча Беларусі», і заклікае ўсіх, хто мае ўплыў на грамадзкую думку, падтрымаць акцыю з патрабаваньнем зьмяніць месца правядзеньня хакейнага чэмпіянату сьвету 2014 году.

Супольна з арганізацыяй Change.org і грамадзкай кампаніяй Free Belarus Now Марэк Мігальскі прапануе пісаць адпаведныя лісты ў Міжнародную фэдэрацыю хакею (office@iihf.com) і ў нацыянальныя хакейныя фэдэрацыі. Паставіць свой подпіс за перанос чэмпіянату зь Менску можна таксама на сайце кампаніі «Пакіньма дыктатара на лёдзе!»

* * *
27 лютага ў інтэрвію швэдзкай газэце Svenska Dagbladet дырэктар у пытаньнях сувязяў з грамадзкасьцю Міжнароднай фэдэрацыі хакею Шыман Шэмбэрг паведаміў, што пытаньне аб месцы правядзеньня хакейнага чэмпіянату сьвету 2014 году абмяркуюць на кангрэсе Міжнароднай фэдэрацыі хакею ў траўні ў Хэльсынках. Паводле Шэмбэрга, вярнуцца да пытаньня прымушаюць няспынныя патрабаваньні праваабаронцаў і ўсясьветнай грамадзкасьці перанесьці чэмпіянат зь Менску з увагі на перасьлед апанэнтаў рэжыму Аляксандра Лукашэнкі і парушэньні ўладамі Беларусі дэмакратычных стандартаў.

На мінулым тыдні Беларуска-амэрыканскае задзіночаньне заклікала разгарнуць сусьветную акцыю, у выніку якой Аляксандар Лукашэнка, асьцерагаючыся, што Беларусь страціць права на правядзеньне хакейнага чэмпіянату сьвету 2014 году, змушаны быў бы вызваліць з турмаў сваіх апанэнтаў. Задзіночаньне ня ставіць за мэту дамагчыся, каб Беларусь страціла права на правядзеньне чэмпіянату сьвету, але хоча скарыстаць факт чэмпіянату, каб у Беларусі не было палітвязьняў і краіна стала больш свабоднай і дэмакратычнай.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG