Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Польшчы: Напружаньне зь Беларусьсю дасягнула асабліва высокага ўзроўню


Міністар замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі

Міністар замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі

Міністэрства замежных спраў Польшчы выступіла з заявай да 20-годзьдзя ўсталяваньня дыпляматычных стасункаў паміж Польшчай і Беларусьсю.

У заяве гаворыцца, што беларускі і польскі народы шмат што аб’ядноўвае, «нашы культуры перапляталіся і ўзаемна ўзбагачаліся… Аднак з пэрспэктывы прамінулага 20-годзьдзя мы вымушаны адназначна канстатаваць, што магчымасьці цеснага супрацоўніцтва не выкарыстоўваюцца. Мяжа ўсё яшчэ — сур’ёзная перашкода, а ня месца творчых сустрэч».

МЗС Польшчы адзначыў, што цягам некалькіх гадоў паміж нашымі краінамі «ўзьнікае рознай ступені палітычная напружанасьць».

«Мы з жалем канстатуем, што сёньня яна дасягнула асабліва высокага ўзроўню.

Факт, што ў Беларусі ўсё яшчэ сядзяць у турмах людзі, адзіная віна якіх палягае ў напаміне аб вяртаньні ім права ўдзельнічаць у вырашэньні лёсу ўласнай краіны, прывёў да таго, што Беларусь апынулася ў стане ўсё мацнейшай самаізаляцыі.

У гэтых няпростых умовах Эўропа, да якой належыць і Беларусь і што знаходзіць выраз у эўрапейскіх памкненьнях многіх беларусаў, асабліва маладога пакаленьня, павінна быць салідарная з тымі, хто за вернасьць дэмакратычным каштоўнасьцям плаціць у Беларусі такую высокую цану — пазбаўленьне волі, страта здароўя, расстаньне зь сем’ямі і блізкімі», — заяўляе замежнапалітычнае ведамства Польшчы.

У дзень 20-годзьдзя ўсталяваньня дыпляматычных стасункаў паміж Польшчай і Беларусьсю МЗС Польшчы зычыць беларускаму народу дабрабыту, стойкасьці ў цяжкі час, а таксама выказвае салідарнасьць з усімі, каго перасьледуюць.

«Мы абяцаем, што і ў далейшым будзем садзейнічаць разьвіцьцю адносінаў паміж нашымі грамадзтвамі, аднак ключ да прывядзеньня ў дзеяньне мэханізма вялізнага патэнцыялу суседзтва знаходзіцца ў Менску».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG