Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Кurier» пра пагадненьне паміж Telekom і сябрам Лукашэнкі


Журналістам аўстрыйскага выданьня «Кurier» трапіла ў рукі кансалтынгавае пагадненьне паміж кампаніяй Telekom і кіпрскім мільярдэрам Ідам Самаві, якога называюць сябрам кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.

Дакумэнты, доступ да якіх атрымалі журналісты, — гэта праект дамовы і багата электронных лістоў. Знаёмства зь імі прымусіла задумацца: хто стаіць за зарэгістраванай на Кіпры фірмай Holdenhurst і за якія «кансалтынгавыя паслугі» яна атрымлівала штомесяц ганарары па 200 тысяч эўра?

Арыгінал дамовы быў складзены ў двух экзэмплярах. Адзін зь іх павінен знаходзіцца ў кампаніі Telekom, другі — у фірме Holdenhurst Limited (Ніказія), якая на 100% належыць аўстрыйскаму мільярдэру Марціну Шляфу або ягонаму прыватнаму фонду — MS-Stiftung. Пагадненьне ад 1 сакавіка 2007 году падпісанае даччынай фірмай Telekom — Mobilkom Austria.

«Кurier» піша, што адной з мэтаў Тelekom было падабрацца як мага бліжэй да Беларусі, а дакладней — да кіпрскага бізнэсоўца сырыйскага паходжаньня Іда Самаві, уладальніка кампаніі SB Telecom, якая зарэгістраваная на Кіпры і мае офіс у Жэнэве. На той момант Ід Самаві, які разбагацеў на гандлі садавіной ды гароднінай, ужо набыў у беларускай дзяржавы 70% адсоткаў акцыяў Velcom. Трыццацьцю адсоткамі беларускага апэратара мабільнай сувязі ён валодаў яшчэ раней. Ён меў рэпутацыю аднаго зь першых у гісторыі беларускай эканомікі замежных прадпрымальнікаў, які ажыцьцявіў буйную апэрацыю па прыватызацыі.

Увосень 2007 году кіпрскі бізнэсовец прадаў аўстрыйцам за 730 мільёнаў эўра 70% сваёй долі ў беларускай кампаніі. У 2010 годзе Telekom Аustria набыў астатнія 30% больш як за 335 мільёнаў.

Зьдзелка была выгадная, бо пракручвалася яна не праз банкі, а праз фундацыю MS-Stiftung, піша «Кurier». За кансалтынгавыя апэрацыі — фінансавыя і маркетынгавыя пакеты, штомесячныя справаздачы пра эксплюатацыйныя характарыстыкі, — кампанія Holdenhurst, якая належыць гаспадару фундацыі Марціну Шляфу, да 31 кастрычніка 2008 году атрымлівала штомесяц 200 тысяч эўра.

Само набыцьцё апэратара Velcom было для аўстрыйцаў вельмі прыбытковым, піша аўстрыйскае выданьне. Набытая беларуская кампанія ня мела пазыкаў. Экспэрты ў адзін голас называлі гэта выгаднай зьдзелкай.

Раней аўстрыйскія СМІ, згодна зь фінансавай справаздачай кампаніі Telekom Austria, пісалі пра мільённыя страты канцэрна, якія зьвязаныя збольшага зь яго бізнэсам у Беларусі.

Аднак, кіруючыся палажэньнямі аб гіпэрінфляцыі зь «Міжнародных стандартаў фінансавай справаздачнасьці», даччынай фірме Telekom Austria ўдалося, з улікам дэвальвацыі, сьпісаць 279 мільёнаў эўра і скончыць год з меншымі стратамі.

Паводле аглядальнікаў, гэта ўжо другі за гісторыю Velcom выпадак пераацэнкі апэратара: паводле вынікаў III кварталу 2009 году Telekom Austria сьпісала 290 мільёнаў эўра.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG