Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як рэагуюць на дыпляматычную вайну паміж Эўразьвязам і афіцыйным Менскам у Беларусі? У каго большыя шанцы на перамогу ў гэтым супрацьстаяньні?

Газэта прэзыдэнцкай адміністрацыі «Советская Белоруссия» ў рэдакцыйным артыкуле «Сэанс плянавай гістэрыі» супакойвае, што паслы «ўсё роўна вернуцца» і наўрад ці што здарыцца «асаблівае і кардынальнае». Маўляў, «на кірунку ЭЗ — Беларусь прынцыпова нічога не памяняецца». Тут жа старшыня Савету рэспублікі Анатоль Рубінаў піша, што «з боку Захаду нам абвешчаная „халодная вайна“. Пакуль халодная...» Памочнік прэзыдэнта Беларусі Валянцін Рыбакоў заявіў журналістам, што найперш Эўропа «павінна адмовіцца ад практыкі ўжываньня санкцыяў, асабліва іх узмацненьня». Ён жа прыгразіў адэкватнымі мерамі, калі Эўразьвяз у сакавіку пашырыць санкцыі.

Старшыня камісіі Палаты прадстаўнікоў па заканадаўстве Мікалай Самасейка заявіў карэспандэнту «Свабоды», што ў дыпляматычнай вайне «пераможа здаровы сэнс».

Мікалай Самасейка

Мікалай Самасейка

«Здаровы сэнс найперш павінен паходзіць ад Эўразьвязу. Усё пачаў эўрапейскі бок. Гэта ж яны першыя пачалі ўводзіць санкцыі. Беларусь ніколі нічога не пачынала першай. Толькі дыялёг з уладамі вырашыць гэтую сытуацыю. Канструктыўны дыялёг, за сталом перамоваў. А ня шляхам санкцыяў. Калі беларускі бок паступіў прапарцыйна, то ЭЗ паступіў непрапарцыйна. Хаця пасьля падзеяў 19 сьнежня яны выказваліся пра непрапарцыйнае прымяненьне сілы».

Праўладны палітоляг Вадзім Гігін лічыць, што пытаньне пра тое, хто выйграе ў цяперашняй вайне, «цалкам бессэнсоўнае»:

Вадзім Гігін

Вадзім Гігін

«Бо зараз усім бакам трэба паводзіць сябе спакойна, трэба зрабіць паўзы. Першы крок павінен зрабіць ЭЗ, як больш вялікая структура, якая нясе на сабе значна большую адказнасьць за стабільнасьць і бясьпеку ў рэгіёне. Таму зараз гульня павінна ісьці з ініцыятывы ЭЗ. Ён зрабіў першыя канфрантацыйныя крокі. ЭЗ павінен зрабіць крокі для стабілізацыі ў гэтай сытуацыі. Я лічу найбольш разумным у гэтай сытуацыі для Беларусі ўзмацняць інтэграцыйныя сувязі з Расейскай Фэдэрацыяй. З Расеяй мы маем таксама ваенна-палітычныя абавязаньні, і таму для афіцыйнага Менску было б найбольш адпаведным правесьці кансультацыі з афіцыйнай Масквой».

Паводле экс-кандыдата ў прэзыдэнты і былога палітвязьня Аляксандра Казуліна, у вайне выйграе той, у каго больш сілаў і магчымасьцяў:

Аляксандар Казулін

Аляксандар Казулін

«Калі гэта гарачка і ліхаманка беларускага боку, то трэба найперш шукаць, чаму гэта адбываецца. Шукаць прычыны хваробы беларускіх уладаў. Калі нехта хоча весьці раўнапраўны дыялёг, то ў першую чаргу дыялёг — гэта павага да правоў чалавека. Калі няма павагі да чалавека, то дыялёг проста бессэнсоўны. Калі адзін бок патрабуе нейкіх дзеяньняў без таго, каб самому пайсьці на нейкі кампраміс, то гэта не называецца дыялёгам. Вызваліць палітвязьняў — і тады пачынаць нейкія перамовы. Без вызваленьня палітвязьняў усё астатняе бессэнсоўна».

Лідэр руху «За свабоду» Аляксандар Мілінкевіч мяркуе, што ў цяперашняй дыпляматычнай вайне прайграюць усе, апроч Расеі.

Аляксандар Мілінкевіч

Аляксандар Мілінкевіч

«Расея ставіць на стварэньне эўразійскага саюзу і сёньня мае ўсе інструмэнты, каб, нягледзячы на думку саміх беларусаў, далучаць нас да гэтага імпэрскага пляну. А Эўропа мае ўсё менш інструмэнтаў, каб уплываць на дэмакратызацыю ў Беларусі, на вызваленьне палітвязьняў. У Беларусі менш шанцаў на абраньне эўрапейскай дарогі. Эўразьвяз ставіць умовы аднаўленьня стасункаў. Умова вельмі простая — палітвязьняў у Беларусі не павінна быць. Які дыялёг, калі іншадумцы сядзяць у турме? І правільна робіць ЭЗ, што не адступае ад гэтага прынцыпу».

Апазыцыйны палітык Віктар Івашкевіч лічыць, што ў дыпляматычнай вайне выйграе той, хто больш захоча дамагчыся перамогі:

Віктар Івашкевіч

Віктар Івашкевіч

«Калі Эўразьвяз хоча вызваліць палітвязьняў і ён гэтага хоча насамрэч, і гатовы пайсьці на пэўныя высілкі для гэтага, то ў яго ёсьць усе шанцы прымяніць самы шырокі арсэнал сродкаў узьдзеяньня. Калі ж яны не гатовыя змагацца за дэкляраваныя свае мэты, то тады паходзяць кругамі і ціхенька вернуцца. Усё залежыць ад сур’ёзнасьці стаўленьня да сваіх жа словаў з боку эўрапейскіх палітыкаў. А Лукашэнка спадзяецца, што яны будуць дзейнічаць, як і раней. І калі гатовыя эўрапейцы дабіцца сваіх дэкляраваных мэтаў, яны могуць дабіцца. А калі не гатовыя, то яны чарговы раз абганьбяцца».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG