Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь падклала Ўкраіне афрыканскую сьвіньню


Слоган у беларускай краме: "Малако – з малака". Відаць, ня толькі зь яго...

Слоган у беларускай краме: "Малако – з малака". Відаць, ня толькі зь яго...

Дзяржаўная вэтэрынарная і фітасанітарная служба Ўкраіны ад 1 сакавіка наклала забарону на ўвоз зь Беларусі мясной прадукцыі, у прыватнасьці сьвініны.

У якасьці прычыны ведамства называе пагрозу распаўсюду вірусу афрыканскай чумы, пра наяўнасьць якой ёсьць ускосныя сьведчаньні. Апроч таго, гэтаксама ад сёньня ўкраінскім суб’ектам гаспадараньня забаронены імпарт беларускага малака і яго вытворных: адмыслоўцы сьцьвярджаюць, што Беларусь сыстэматычна парушае вэтэрынарна-санітарныя патрабаваньні Ўкраіны.

Украінскія ўлады маюць намер абмежаваць імпарт беларускай мясной прадукцыі да высьвятленьня ўсіх акалічнасьцяў. Пры гэтым вэтэрынарная служба зьвяртае ўвагу: нягледзячы на запэўніваньні беларускай улады, што ніякіх падставаў для гэткіх абмежаваньняў няма, факты сьведчаць пра іншае. Так, у сярэдзіне лютага на Гарадзеншчыне было зьнішчана сьвіное пагалоўе з прыватных падворкаў. Улады падаюць гэта як «вучэньні па барацьбе з афрыканскай чумой», аднак прадстаўнік Дзяржаўнай вэтэрынарнай і фітасанітарнай службы Ўкраіны Анатоль Асадчы не выключае, што масавае зьнішчэньне сьвіней у Наваградзкім раёне насамрэч абумоўлена выяўленьнем вірусу:

«Што тычыцца сьвініны, то, зразумела, нас адказ Піваварчыка — вашага галоўнага
Мы цудоўна разумеем сапраўдныя прычыны зьнішчэньня, а нам намагаюцца павесіць, прабачце, локшыну на вушы ...

вэтэрынарнага інспэктара — не задавальняе. Таму што падчас вучэньняў не зьнішчаецца пагалоўе ў прыватных гаспадарках. Мы цудоўна разумеем сапраўдныя прычыны зьнішчэньня, а нам намагаюцца павесіць, прабачце, локшыну на вушы. Правялі вучэньне і зьнішчылі пагалоўе з прыватных гаспадарак. Ну вы што, хлопцы? Мы дасылаем афіцыйны запыт, і нам на афіцыйным узроўні пачынаюць, кажучы ўкраінскай мовай, „клеїти дурня“. Тым больш з улікам адкрытасьці вашых межаў з Расеяй, калі ні нагляду, нічога няма, ідзе свабоднае перамяшчэньне тавараў».

Украінскі бок адзначае: сам факт уваходжаньня Беларусі ў Мытны саюз і адсутнасьць вэтэрынарнага кантролю на яе ўсходняй мяжы падвышае рызыку заносу ў Беларусь небясьпечнага вірусу з Расеі, дзе цягам апошніх гадоў адзначаецца складаная эпізаатычная сытуацыя па афрыканскай чуме — асабліва гэта тычыцца памежнай зь Беларусьсю Цэнтральнай фэдэральнай акругі. Спадар Асадчы кажа, што з гэтай прычыны пільнасьць да Расеі і, адпаведна, транзытнага беларускага калідору падвышаная:

«Вы проста не ўяўляеце, колькі бюджэтных грошай і высілкаў мы тут прыкладаем,
Успышка фіксуецца, ставіцца цыркуль, і ў радыюсе 25 кілямэтраў навокал зьнішчаецца ўсё пагалоўе ...

каб сытуацыю ўзяць пад кантроль. Асабліва гэта тычыцца раёнаў, сумежных з Расеяй — і па закрытым утрыманьні жывёлы, і па транспарце, і па агульным кантролі. Нават бутэрброды ў людзей забіраем на мяжы. Таму што няма лячэньня! Успышка фіксуецца, ставіцца цыркуль, і ў радыюсе 25 кілямэтраў навокал зьнішчаецца ўсё пагалоўе. І адтуль ні фуражнае збожжа, ні сена, нічога нельга перамяшчаць; нельга вывозіць у іншыя рэгіёны, прадаваць, гандляваць. Вось вам і пэрспэктыва».

На адным зь менскіх мясаперапрацоўчых камбінатаў, які пастаўляў сваю прадукцыю ва Ўкраіну, зьдзіўленыя падобнымі захадамі. Адказная супрацоўніца кажа, што няма ніякіх аб’ектыўных падставаў падазраваць беларускі бок у спробе падмануць украінскіх партнэраў, і не выключае, што лябараторныя дасьледаваньні праводзіліся з парушэньнямі:

«Насамрэч мы не сядзім склаўшы рукі, не чакаем, як там і што будзе, а спрабуем максымальна хутка атрымаць адтуль нейкую інфармацыю. На жаль, пакуль што мы ня маем ніякіх дакладных дадзеных, таму няма пра што гаварыць па сутнасьці. Але невядома яшчэ, як гэтая прадукцыя туды трапіла, якімі шляхамі, і як адбіраліся ўзоры для лябараторных дасьледаваньняў. Мы ж ня ведаем, ці выканалі самі тамтэйшыя кантралёры неабходныя тэхналягічныя патрабаваньні? Таму, каб рабіць канкрэтныя высновы, нам трэба ведаць усе нюансы гэтай забароны. Пакуль канкрэтыкі няшмат, дакладней, яе практычна няма».

Ад 1 сакавіка Дзяржаўная вэтэрынарная і фітасанітарная служба Ўкраіны прыпыніла ўвоз на сваю тэрыторыю малочных прадуктаў зь Беларусі. Такое рашэньне абумоўлена «сыстэматычным парушэньнем беларускімі вытворцамі санітарных патрабаваньняў». Цягам толькі лютага органы вэтэрынарнага кантролю выявілі шэраг выпадкаў, калі ў беларускім малацэ перавышаліся максымальна дапушчальныя ўзроўні рэшткаў мэдычных прэпаратаў. Працягвае прадстаўнік службы Анатоль Асадчы:

«Было дадзенае заданьне нашым лябараторыям правесьці пашыраны кантроль беларускай малочнай прадукцыі. Таму што людзі цікавяцца, запытваюць. Адна справа, як кажуць, агульны кантроль — дакумэнты, вэтэрынарныя сэртыфікаты пры ўезьдзе ва Ўкраіну, і зусім іншае — кантроль пашыраны. Правялі — ёсьць парушэньні па некаторых паказьніках, якія ва Ўкраіне не праходзяць. Перадусім гэта рэшткі антыбіётыкаў і вэтэрынарных прэпаратаў у малацэ. Зразумела, што ўсіх жывёл лечаць, як і людзей, але ж патрэбны нейкі час, каб вывесьці гэтыя прэпараты з арганізму. Паводле нашага рэглямэнту па малочнай прадукцыі антыбіётыкаў быць не павінна».

Абмежаваньне мясных і малочных паставак зь Беларусі можа наўпрост ударыць па спэцыялізаваных крамах беларускіх харчоў, якіх апошнім часам багата зьявілася па ўсёй Украіне. Праблемы зь перасячэньнем мяжы ўзьніклі ў пастаўшчыкоў яшчэ ў лютым: гандляры ў крамах наракалі, што адчуваюцца істотныя перабоі з прадукцыяй, асабліва такой, якая хутка псуецца. З гэтай прычыны невялікія крамы апынуліся на мяжы рэнтабэльнасьці і рызыкуюць збанкрутаваць.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG