Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскі палітоляг: «Думаю, пасярэдніцтва не спатрэбіцца»


Уладзімер Жарыхін

Уладзімер Жарыхін

Намесьнік дырэктара Інстытуту краінаў СНД у Маскве Ўладзімер Жарыхін сёньня ў размове са «Свабодай» выказаў сваё меркаваньне пра магчымасьць удзелу Расеі ў залагоджваньні дыпляматычнага канфлікту паміж Беларусьсю і Эўразьвязам.

«Калі да Расеі зьвернуцца, то, я думаю, яна безумоўна пагодзіцца ажыцьцявіць функцыі пасярэдніка. Але, шчыра кажучы, я спадзяюся, калі эмоцыі спадуць, то гэтая праблема будзе ўрэгуляваная і без пасярэднікаў. Звычайна пасярэднікаў выклікаюць пры значна больш сур’ёзных і пагрозьлівых інцыдэнтах паміж краінамі».

Уладзімер Жарыхін таксама сказаў:

«У прысутнасьці дыпляматычных прадстаўніцтваў і прадстаўнікоў у нейкай краіне ў першую чаргу павінны быць зацікаўленыя тыя краіны, якія іх туды пасылаюць. Ім неабходна мець інфармацыю пра тое, што адбываецца ў краіне. І таму мне падаецца, што зацікаўленасьць ва ўрэгуляваньні сытуацыі павінна быць узаемнаю. Гэта ненармальна, калі адклікаюцца амбасадары».

Амбасадары краінаў Эўразьвязу зьяжджаюць зь Беларусі на знак салідарнасьці з амбасадарам Польшчы Лешакам Шарэпкам і кіраўніцай прадстаўніцтва Эўразьвязу Майрай Морай, якім афіцыйны Менск прапанаваў пакінуць краіну для кансультацыяў.

28 лютага МЗС Беларусі забараніў уезд на тэрыторыю краіны ініцыятарам санкцыяў супраць чыноўнікаў. Афіцыйны Менск выклікаў таксама для кансультацыяў амбасадара ў Польшчы і прадстаўніка пры ЭЗ. Акрамя таго, беларускі бок прапанаваў амбасадарам ЭЗ і Польшчы ў Менску выехаць зь Беларусі для кансультацыяў. Пасьля гэтага прадстаўнікі краінаў ЭЗ дамовіліся адклікаць зь Менску для кансультацыяў сваіх амбасадараў. Рашэньне пашырыць санкцыі супраць афіцыйных асобаў Беларусі прыняла 27 лютага Рада міністраў замежных спраў Эўразьвязу ў Брусэлі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG