Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікалай Статкевіч падтрымаў санкцыі Эўразьвязу


Мікола Статкевіч

Мікола Статкевіч

Жонцы былога кандыдата на прэзыдэнта Мікалая Статкевіча Марыне Адамовіч стала вядома ягоная рэакцыя на дыпляматычны крызіс, які выбухнуў у Беларусі пасьля новых санкцыяў Эўразьвязу адносна беларускага рэжыму.

«Мікола вітаў гэтыя санкцыі і падзякаваў эўрапейцам за салідарнасьць. Сказаў, што за волю змагаюцца жывыя людзі, і нават такія „неэфэктыўныя“ захады, як забарона ўезду ды адкліканьне паслоў, дэманструюць, што мы маем рацыю і што сьвет за намі. Значыць, ідэалы свабоды яшчэ нечага вартыя», — кажа Адамовіч.

Ужо болей за месяц Мікалай Статкевіч, пакараны 6 гадамі зьняволеньня за падзеі 19 сьнежня, знаходзіцца ў «крытай» Магілёўскай турме. «У мужа зноў пачаліся праблемы зь ліставаньнем зь сябрамі і проста зь людзьмі, якія яго падтрымліваюць. Такіх лістоў ён атрымлівае ўсё меней», — паведаміла Марына Адамовіч.

12 студзеня ў шклоўскай папраўчай калёніі адбыўся суд над асуджаным Мікалаем Статкевічам. На ім судзьдзя шклоўскага суду Віталь Воўкаў задаволіў прадстаўленьне адміністрацыі калёніі аб пераводзе палітыка на тры гады на турэмны рэжым як злоснага парушальніка. Начальнік Шклоўскай калёніі № 17 Сяргей Ермаліцкі знаходзіцца ў сьпісе асобаў, якім забаронены ўезд у краіны Эўразьвязу.

14 студзеня стала вядома, што Мікалай Статкевіч этапаваны з Шклова ў папраўчую ўстанову «Турма № 4».

Былы кандыдат на прэзыдэнта Мікалай Статкевіч асуджаны на 6 гадоў зьняволеньня за арганізацыю ў Менску 19 сьнежня 2010 году акцыі пратэсту супраць фальшаваньня выбараў.
XS
SM
MD
LG