Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польскі дэпутат: «Варшава — вораг Лукашэнкі, бо яна фарпост Эўразьвязу»


Дэпутат Cэйму Польшчы Артур Гурскі сёньня выказаў «Свабодзе» свой погляд на тое, чаму канфлікт Беларусі з Эўразьвязам найперш скіраваны на Польшчу.

«На маю думку, прэзыдэнт Лукашэнка вылівае ўсю сваю фрустрацыю менавіта на Польшчу. Але насамрэч ягоныя праблемы з Эўразьвязам значна шырэйшыя за тыя, што выцякаюць з тэрытарыяльнага суседзтва з Польшчай.

Менавіта сам факт, што мы, палякі, — фарпост Эўразьвязу ў дачыненьнях зь Беларусьсю, прыводзіць да таго, што найперш на Польшчу прыпадае ягоная непрыязь да Эўрапейскага Зьвязу. Лукашэнка фактычна ўсімі магчымымі спосабамі і сродкамі абараняецца супраць дэмакратызацыі сыстэмы ў Беларусі. Мабыць, ён разумее, што гэта прывяло б да яго адстаўкі з пасады прэзыдэнта. Усе прапановы Эўразьвязу, скіраваныя на тое, каб Беларусь перайшла на стандарты цывілізаванага сьвету, ён разглядае як спробы ўмяшаньня ва ўнутраныя справы сваёй краіны».

Амбасадары краінаў Эўразьвязу зьяжджаюць зь Беларусі на знак салідарнасьці з амбасадарам Польшчы Лешакам Шарэпкам і кіраўніцай прадстаўніцтва Эўразьвязу Майрай Морай, якім афіцыйны Менск прапанаваў пакінуць краіну для кансультацыяў.

28 лютага МЗС Беларусі забараніў уезд на тэрыторыю краіны ініцыятарам санкцыяў супраць чыноўнікаў. Афіцыйны Менск выклікаў таксама для кансультацыяў амбасадара ў Польшчы і прадстаўніка пры ЭЗ. Акрамя таго, беларускі бок прапанаваў амбасадарам ЭЗ і Польшчы ў Менску выехаць зь Беларусі для кансультацыяў. Пасьля гэтага прадстаўнікі краінаў ЭЗ дамовіліся адклікаць зь Менску для кансультацыяў сваіх амбасадараў. Рашэньне пашырыць санкцыі супраць афіцыйных асобаў Беларусі прыняла 27 лютага Рада міністраў замежных спраў Эўразьвязу ў Брусэлі.
XS
SM
MD
LG