Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літоўскі палітоляг: «Першы крок павінен зрабіць Менск»


«Афіцыйны Менск ініцыяваў тое, што цяпер называюць „дыпляматычнай вайною“ паміж Беларусьсю і Эўразьвязам. І, як мне падаецца, той, хто ўсё гэта пачынаў, і мусіць зрабіць першы крок, каб „разруліць“ сытуацыю», — заявіў «Свабодзе» палітоляг зь Вільні Арунас Моліс.

Моліс кажа, што ў гэтай сытуацыі цяжка спадзявацца на нейкую асаблівую ролю Літвы: «Калі казаць праўду, то нейкіх канструктыўных прапановаў зь літоўскага боку я ня бачыў і ня бачу. Яны на гэты час ня вельмі і магчымыя. І гэта зразумела. Літва вядзе агульную палітыку з Эўразьвязам. І калі ў Брусэлі вырашылі адклікаць амбасадараў зь Менску, то Літва ня можа рабіць нейкія іншыя дзеяньні.

І, па-другое, нейкія магчымыя пазытыўныя крокі Літвы апрыёры ня могуць стаць пазытыўнымі, калі ў Менску ёсьць іншая думка. І калі ў беларускага прэзыдэнта і МЗС ня будзе жаданьня думаць пра канструктыўныя рашэньні, то Літва, са свайго боку, ня зможа гэтую сытуацыю зьмякчыць».

Амбасадары краінаў Эўразьвязу зьяжджаюць зь Беларусі на знак салідарнасьці з амбасадарам Польшчы Лешакам Шарэпкам і кіраўніцай прадстаўніцтва Эўразьвязу Майрай Морай, якім афіцыйны Менск прапанаваў пакінуць краіну для кансультацыяў.

28 лютага МЗС Беларусі забараніў уезд на тэрыторыю краіны ініцыятарам санкцыяў супраць чыноўнікаў. Афіцыйны Менск выклікаў таксама для кансультацыяў амбасадара ў Польшчы і прадстаўніка пры ЭЗ. Акрамя таго, беларускі бок прапанаваў амбасадарам ЭЗ і Польшчы ў Менску выехаць зь Беларусі для кансультацыяў. Пасьля гэтага прадстаўнікі краінаў ЭЗ дамовіліся адклікаць зь Менску для кансультацыяў сваіх амбасадараў. Рашэньне пашырыць санкцыі супраць афіцыйных асобаў Беларусі прыняла 27 лютага Рада міністраў замежных спраў Эўразьвязу ў Брусэлі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG