Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дыпляматычная вайна працягваецца

абноўлена

Дыпляматычны канфлікт, выкліканы высылкай зь Беларусі двух эўрапейскіх дыпляматаў, што прывяло да адкліканьня амбасадараў ЭЗ зь Менску, працягваецца. Беларускі бок называе рэакцыю Эўразьвязу «гістэрычнай».

21:07 Аўдронюс Ажубаліс: «Дыялёг ЭЗ і Беларусі — на мяжы знікненьня»

Але Эўропа і далей будзе ісьці насустрач жыхарам краіны, дапамагаць дэмакратычным рухам і прымяняць санкцыі ў дачыненьні да рэжыму Лукашэнкі.

18:25 Ёрг Форбрыг: Эўропа павінна закруціць Лукашэнку гайкі

Ёрг Форбрыг, дырэктар Фонду ў падтрымку дэмакратыі ў Беларусі, які зьяўляецца складовай часткай Нямецкага фонду Маршала, лічыць, што цяперашняе абвастрэньне дыпляматычных адносін паміж Менскам і Брусэлем Эўропа павінна максымальна скарыстаць для ажыцьцяўленьня палітычных пераменаў у Беларусі.

18:06 «Пакіньма дыктатара на лёдзе!»

Польскі эўрапарлямэнтар Марэк Мігальскі ініцыяваў збор подпісаў за пазбаўленьне Беларусі права на правядзеньне хакейнага чэмпіянату сьвету 2014 году.

17:46 МЗС Польшчы: Напружаньне зь Беларусьсю дасягнула асабліва высокага ўзроўню

Міністэрства замежных спраў Польшчы выступіла з заявай да 20-годзьдзя ўсталяваньня дыпляматычных стасункаў паміж Польшчай і Беларусьсю.

17:08 Славенскае МЗС: Мы хочам санкцыяў і супраць Чыжа, і супраць іншых

Матэй Марн, дырэктар палітычнага дэпартамэнту Міністэрства замежных справаў Славеніі, заявіў, што ягоная краіна адхіляе абвінавачаньні, быццам яна спрабавала выключыць беларускага бізнэсмэна Юрыя Чыжа з «чорнага сьпісу» Эўразьвязу.

16:27 Лешак Шарэпка занепакоены лёсам палякаў у Беларусі

Амбасадар Польшчы ў Беларусі, які адбыў для кансультацыяў у Варшаву, занепакоены тым, што дыпляматычная вайна паміж дзьвюма дзяржавамі можа паўплываць на становішча палякаў у Беларусі.

Генпракуратура: актывізаваліся асобы, што заклікаюць да санкцыяў

Асобы, што заклікаюць да ўвядзеньня санкцыяў супраць Беларусі, апошнім часам актывізаваліся. Пра гэта 1 сакавіка зявіў журналістам начальнік упраўленьня па наглядзе за выкананьнем заканадаўства і законнасьцю прававых актаў Генэральнай пракуратуры Беларусі Павал Радзівонаў.

«Генэральная пракуратура канстатуе, што ў апошні час мы сутыкаемся з актывізацыяй дзейнасьці асобных людзей, якія заклікаюць замежныя дзяржавы і міжнародныя арганізацыі да ўвядзеньня санкцыяў у дачыненьні да Беларусі, у тым ліку санкцыяў эканамічнага характару», — цытуе словы Радзівонава БЕЛТА.

Фэрэнц Контра: Паслы вернуцца, калі выпусьцяць палітвязьняў

Пасол Літвы ў Менску пакіне Беларусь у пятніцу, пасол Францыі — у нядзелю. Такім чынам, да канца тыдня ўсе акрэдытаваныя ў Менску амбасадары краін Эўразьвязу зьедуць у свае сталіцы на кансультацыі. Калі заходнія паслы змогуць вярнуцца ў Менск, залежыць ад палітыкі беларускіх уладаў, зазначаюць эўрапейскія дыпляматы.

EUObserver: 4 бізнэсоўцы зь Беларусі могуць стаць неўязнымі ў Эўразьвяз

Эўрапейскі Зьвяз зьбіраецца пашырыць сьпіс прадстаўнікоў афіцыйнага Менску, якім будзе забаронены ўезд на тэрыторыю аб’яднанай Эўропы і актывы якіх у банках краінаў Эўразьвязу маюць быць замарожаныя. Паводле зьвестак euobserver.com, у сьпіс неўязных дададуць «асабістага сябра Аляксандра Лукашэнкі, магната ў сфэры нерухомасьці Юрыя Чыжа».

Польскі дэпутат: «Варшава — вораг Лукашэнкі, бо яна фарпост Эўразьвязу»

Дэпутат Cэйму Польшчы Артур Гурскі сёньня выказаў «Свабодзе» свой погляд на тое, чаму канфлікт Беларусі з Эўразьвязам найперш скіраваны на Польшчу.

Літоўскі палітоляг: «Першы крок павінен зрабіць Менск»

«Афіцыйны Менск ініцыяваў тое, што цяпер называюць „дыпляматычнай вайною“ паміж Беларусьсю і Эўразьвязам. І, як мне падаецца, той, хто ўсё гэта пачынаў, і мусіць зрабіць першы крок, каб „разруліць“ сытуацыю», — заявіў «Свабодзе» палітоляг зь Вільні Арунас Моліс.

Вэстэрвэле, Сікорскі і Жупэ пагражаюць Лукашэнку новымі санкцыямі

У Бэрліне напярэдадні прызначанага на 1–2 сакавіка брусэльскага саміту Эўразьвязу адбылася сустрэча міністраў замежных справаў Нямеччыны, Польшчы і Францыі — так званага «Вэймарскага трыкутніка». Гіда Вэстэрвэле, Радаслаў Сікорскі і Ален Жупэ абмеркавалі сярод іншага абвастрэньне дачыненьняў Эўразьвязу з уладамі Беларусі.

Міністры запатрабавалі ад афіцыйнага Менску вызваліць усіх палітычных вязьняў і правесьці ў краіне палітычныя рэформы. Удзельнікі сустрэчы ня выключылі, што, калі гэта ня будзе зроблена, супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі могуць увесьці новыя шырэйшыя санкцыі.

Памочнік Лукашэнкі папярэджвае пра «адэкватны адказ» на новыя санкцыі


«Эўропа павінна адмовіцца ад практыкі ўжываньня санкцыяў, асабліва ад іх узмацненьня», — заявіў журналістам у чацьвер памочнік прэзыдэнта Беларусі Валянцін Рыбакоў.

«Гістэрычная рэакцыя на нашы дзеяньні, калі разабрацца, была ня з нашага боку, і ня мы зрабілі першыя крокі... Мы прапанавалі амбасадарам Польшчы і ЭЗ часова выехаць для кансультацыяў і для давядзеньня беларускай пазыцыі свайму кіраўніцтву», — сказаў памочнік прэзыдэнта.

МЗС Латвіі: У гэтым месяцы магчымае ўвядзеньне новых санкцыяў ЭЗ

Дзяржсакратар МЗС Латвіі Андрыс Тэйкманіс заявіў, што рашэньне пра такія санкцыі ЭЗ можа быць прынятае цягам месяца.

Прадстаўнік зьнешнепалітычнага ведамства Латвіі кажа, што санкцыі могуць закрануць бізнэсоўцаў, якім забаронены ўезд на тэрыторыю ЭЗ і якія ўваходзяць у атачэньне Аляксандра Лукашэнкі.

«У беларускім пытаньні Осла разам з ЭЗ»

Нарвэскі палітык, сябра парлямэнту Ян Торы Санэр у сувязі з дыпляматычным скандалам паміж Менскам і Эўразьвязам зьвярнуўся да кіраўніка МЗС Ёнаса Гар Сторэ з заклікам прадэманстраваць салідарнасьць з краінамі ЭЗ.

МЗС Літвы: Нармалізацыя адносінаў Беларусі і ЭЗ — у руках беларускага боку

Амбасадара Беларусі ў Літве Ўладзімера Дражына 29 лютага выклікалі ў літоўскі МЗС у сувязі з дыпляматычным скандалам паміж Беларусьсю і ЭЗ.

На сустрэчы Дражыну выказалі жаль у сувязі з рашэньнем беларускага боку наконт эўрапейскіх дыпляматаў. Было падкрэсьлена, што падобныя крокі «аддаляюць працэс нармалізацыі адносінаў Беларусі з ЭЗ і спрыяюць далейшай самаізаляцыі суседняй краіны», паведамляе прэсавая служба МЗС Літвы.

Gazeta Wyborcza: «Беларускі рэжым напярэдадні сыгналізаваў Варшаве»

Польскія мэдыі працягваюць пісаць пра сытуацыю вакол дыпляматычнага скандалу паміж Эўразьвязам і афіцыйным Менскам.

Аглядальнік штодзёньніка «Gazeta Wyborcza» Яцэк Паўліцкі ў артыкуле «Менск ужо не ашукае Эўразьвяз» піша, што салідарная рэакцыя Брусэлю на крокі Менску супраць амбасадара Польшчы ды прадстаўніцы Эўразьвязу сталася нечаканасьцю для адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі.

Брусэль абмяркуе дыпляматычны скандал зь Беларусьсю

1 сакавіка у Брусэлі пачынае працу саміт па праблемах беспрацоўя і стымуляваньню эканамічнага росту ў рэгіёне. Аднак у павестку дня ўключанае і пытаньне пра сытуацыю вакол скандалу з ад’ездам амбасадараў краінаў ЭЗ зь Менску.

Амбасадары краінаў Эўразьвязу зьяжджаюць зь Беларусі на знак салідарнасьці з амбасадарам Польшчы Лешакам Шарэпкам і кіраўніцай прадстаўніцтва Эўразьвязу Майрай Морай, якім афіцыйны Менск прапанаваў пакінуць краіну для кансультацыяў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG