Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урадавыя войскі Сырыі штурмам узялі горад Хомс, дзе канцэнтраваліся ўзброеныя сілы апазыцыі.

Перад штурмам горад падпаў пад інтэнсіўны артылерыйскі абстрэл. Пры баявых дзеяньнях за апошнія содні ў Хомсе загінулі больш за сто чалавек. У апэрацыі ўзялі ўдзел звыш сямі тысяч вайскоўцаў — увайшоўшы ў жылыя кварталы гораду, яны пачалі іх «зачыстку». Вайскоўцы займаюцца цяпер кантролем будынкаў, затрымліваюць тых, хто здаецца ім падазроным, шукаюць зброю і боепрыпасы.

Разам з тым камандзіры збройных аддзелаў апазыцыі заяўляюць, што ня маюць намеру здаваць зброю і зьбіраюцца й далей чыніць супраціў рэгулярным войскам. Пра гэта паведаміў прадстаўнік Свабоднай сырыйскай арміі Мугаймэн ар-Румайд.

Напярэдадні штурму Хомсу былы генэральны сакратар ААН Кофі Анан, прызначаны адмысловым пасланьнікам у праблемах Сырыі, запатрабаваў ад сырыйскіх уладаў спыніць праліцьцё крыві ў краіне і дапусьціць супрацоўнікаў гуманітарных арганізацыяў у зону канфлікту. Паводле ацэнак ААН, процістаяньне ўлады і апазыцыі, што не спыняецца ў Сырыі ўжо амаль год, забрала жыцьці сямі з паловаю тысяч людзей.

Учора ўлады Сырыі адмовілі ў праве на ўезд у краіну намесьніцы генэральнага сакратара ААН у гуманітарных пытаньнях Валеры Амас. Яна з жалем адрэагавала на гэтае рашэньне, заявіўшы, што «глыбока расчараваная» дзеяньнямі ўладаў Сырыі, якія не дазволілі ёй трапіць ў краіну, «нягледзячы на шматразовыя просьбы аб сустрэчы з прадстаўнікамі ўлады на найвышэйшым узроўні для абмеркаваньня гуманітарнай сытуацыі і дапамогі тым, хто яе патрабуе». «З увагі на імклівае пагаршэньне гуманітарнай сытуацыі і павелічэньне патрэбы ў харчаваньні, пітной вадзе і мэдычнай дапамозе забесьпячэньне доступу да гуманітарнай дапамогі становіцца пытаньнем першай важнасьці», — заявіла Валеры Амас.

Як лічаць шматлікія экспэрты і назіральнікі, нежаданьне пускаць прадстаўнікоў ААН у краіну тлумачыцца тым, што ўлады Сырыі ня хочуць, каб дыпляматы ўбачылі маштаб разбурэньняў у Хомсе і іншых гарадох.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG