Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У беларускім пытаньні Осла разам з ЭЗ»


Ян Торы Санэр
Ян Торы Санэр

Нарвэскі палітык, сябра парлямэнту Ян Торы Санэр у сувязі з дыпляматычным скандалам паміж Менскам і Эўразьвязам зьвярнуўся да кіраўніка МЗС Ёнаса Гар Сторэ з заклікам прадэманстраваць салідарнасьць з краінамі ЭЗ.

Дэпутат Ян Торы Санэр, які займаецца пытаньнямі правоў чалавека ў Беларусі, лічыць, што ўрад Нарвэгіі доўгі час ставіўся да рэпрэсіўнага рэжыму ў Менску пасіўна. У сваім запыце ён запатрабаваў ад МЗС пісьмова выкласьці замежнапалітычную стратэгію што да пытаньня падтрымкі апазыцыі, незалежных СМІ, павагі да правоў чалавека ў Беларусі.

Паводле Санэра, гэта важна дзеля таго, каб Нарвэгія была салідарная з краінамі ЭЗ: «У нас няма сваёй амбасады ў Менску, але было б важна, каб Нарвэгія таксама прадэманстравала, што яна разам з ЭЗ у пытаньні падтрымкі дэмакратыі ў Беларусі, у сваім стаўленьні да рэжыму».

Нарвэскае выданьне «Aftenposten» зьмясьціла і рэакцыю кіраўніка нарвэскага МЗС Ёнаса Гар Сторэ. Як вынікае зь ягонага прэсавага рэлізу, «Нарвэгія глыбока шкадуе з нагоды апошніх падзеяў у Беларусі, калі амбасадарам ЭЗ ды Польшчы было прапанавана пакінуць краіну. Цяжка паверыць, што гэта можа прынесьці ёй карысьць. Беларусь ізалюе сябе ад астатняй Эўропы ды сьвету, а таксама шкодзіць свайму палітычнаму і эканамічнаму разьвіцьцю».

У заяве гаворыцца, што Нарвэгія далучылася да санкцыяў супраць Менску, у тым ліку падтрымала рашэньне адносна пашырэньня гэтых санкцыяў.

Нарвэгія разам з Швайцарыяй, Ісьляндыяй ды Ліхтэнштайнам — сябры не ЭЗ, а Эўрапейскай асацыяцыі вольнага гандлю (EFTA). Пару тыдняў таму нарвэскае выданьне «Aftenposten» надрукавала крытычны артыкул пра пагадненьні, якія мяркуецца заключыць паміж гэтай асацыяцыяй і Мытным саюзам Расеі, Беларусі і Казахстану. Меркавалася, што наступны раўнд перамоваў, які ад імя EFTA вядзе Осла, пройдзе ў лістападзе ў Менску.

Aftenposten адзначала, што «ўва ўсіх гэтых трох краінах зафіксаваныя масавыя парушэньні правоў чалавека». Спасылаючыся на ўласныя крыніцы ў гандлёвых структурах, выданьне інфармавала: «Калі ўсё пройдзе гладка, зьдзелка будзе заключаная ў наступным годзе».

Амбасадары краінаў Эўразьвязу зьяжджаюць зь Беларусі на знак салідарнасьці з амбасадарам Польшчы Лешакам Шарэпкам і кіраўніцай прадстаўніцтва Эўразьвязу Майрай Морай, якім афіцыйны Менск прапанаваў зьехаць з краіны для кансультацыяў.

28 лютага МЗС Беларусі забараніў уезд на тэрыторыю краіны ініцыятарам санкцыяў супраць чыноўнікаў. Афіцыйны Менск выклікаў таксама для кансультацыяў амбасадара ў Польшчы і прадстаўніка пры ЭЗ. Акрамя таго, беларускі бок прапанаваў амбасадарам ЭЗ і Польшчы ў Менску выехаць зь Беларусі для кансультацыяў. Пасьля гэтага прадстаўнікі краінаў ЭЗ дамовіліся адклікаць зь Менску для кансультацыяў сваіх амбасадараў. Рашэньне пашырыць санкцыі супраць афіцыйных асобаў Беларусі прыняла 27 лютага Рада міністраў замежных спраў Эўразьвязу ў Брусэлі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG