Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Літвы: Нармалізацыя адносінаў Беларусі і ЭЗ — у руках беларускага боку


Амбасадара Беларусі ў Літве Ўладзімера Дражына 29 лютага выклікалі ў літоўскі МЗС у сувязі з дыпляматычным скандалам паміж Беларусьсю і ЭЗ.

На сустрэчы Дражыну выказалі жаль у сувязі з рашэньнем беларускага боку наконт эўрапейскіх дыпляматаў. Было падкрэсьлена, што падобныя крокі «аддаляюць працэс нармалізацыі адносінаў Беларусі з ЭЗ і спрыяюць далейшай самаізаляцыі суседняй краіны», паведамляе прэсавая служба МЗС Літвы.

«На сустрэчы было адзначана, што ў Менску не павінна ўзьнікнуць якіх-колечы сумневаў што да адзінай пазыцыі ў дачыненьні да Беларусі. Падчас размовы было падкрэсьлена, што Літва зацікаўленая ў добрых адносінах з суседняй Беларусьсю і жыхарамі краіны, але ў Беларусі павінны выконвацца асноўныя правы і свабоды чалавека, павінны быць вызваленыя і рэабілітаваныя палітычныя зьняволеныя, спынены перасьлед палітычнай апазыцыі, адноўленыя незалежныя СМІ, а таксама трэба спыніць спробы запалохваньня дыпляматаў ЭЗ у Беларусі. Нармалізацыя адносін Беларусі і Эўразьвязу — у руках беларускага боку», — цытуе БелаПАН МЗС Літвы.

Амбасадары краінаў Эўразьвязу зьяжджаюць зь Беларусі на знак салідарнасьці з амбасадарам Польшчы Лешакам Шарэпкам і кіраўніцай прадстаўніцтва Эўразьвязу Майрай Морай, якім афіцыйны Менск прапанаваў пакінуць краіну для кансультацыяў.

28 лютага МЗС Беларусі забараніў уезд на тэрыторыю краіны ініцыятарам санкцыяў супраць чыноўнікаў. Афіцыйны Менск выклікаў таксама для кансультацыяў амбасадара ў Польшчы і прадстаўніка пры ЭЗ. Акрамя таго, беларускі бок прапанаваў амбасадарам ЭЗ і Польшчы ў Менску выехаць зь Беларусі для кансультацыяў. Пасьля гэтага прадстаўнікі краінаў ЭЗ дамовіліся адклікаць зь Менску для кансультацыяў сваіх амбасадараў. Рашэньне пашырыць санкцыі супраць афіцыйных асобаў Беларусі прыняла 27 лютага Рада міністраў замежных спраў Эўразьвязу ў Брусэлі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG