Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ляўрэаты прэміі Навумавай: Калінкіна, Касьцюгова, Палажанка


Абвешчаны ляўрэаты прэміі імя Сьвятланы Навумавай
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:46 0:00
Наўпроставы лінк

Кампанія «Гавары праўду» абвясьціла ляўрэатаў прэміі імя Сьвятланы Навумавай.

У намінацыі «Журналістыка» — шэф-рэдактар газэты «Народная Воля» Сьвятлана Калінкіна.

У намінацыі «Аналітыка» — рэдактар інтэрнэт-сайту «Наша думка» Валерыя Касьцюгова.

У намінацыі «Надзея» — намесьніца старшыні «Маладога Фронту» Наста Палажанка.

Прэмію імя Сьвятланы Навумавай кампанія «Гавары праўду» ўручае ўпершыню: яна была заснаваная неўзабаве пасьля сьмерці вядомага палітоляга і актывісткі кампаніі Сьвятланы Навумавай, якой ня стала летась у сакавіку.

Пра гэта паведаміў, адкрываючы цырымонію ўзнагароджаньня, адзін зь лідэраў кампаніі Аляксандар Фядута.

А кіраўнік кампаніі «Гавары праўду» Ўладзімер Някляеў прачытаў з гэтай нагоды верш і сказаў:

«Сьвятлана Навумава не выносіла пах турмы. У яе ў прыродзе, у генах было памкненьне да свабоды. І таму яна з чыстай навукі, з паліттэхналёгіяў прыйшла ў кампанію „Гавары праўду“. І гэтая прэмія, заснаваная ў гонар Сьвятланы Навумавай, гэтая прэмія найперш за інтэлект. І я віншую намінантаў і ўсіх нас, што Беларусь гэтых людзей мае».

Сярод прэтэндэнтаў на прэмію былі журналісты Сьвятлана Калінкіна, Алег Грузьдзіловіч і Віктар Марціновіч, палітолягі Валерыя Касьцюгова, Дзяніс Мельянцоў і Юры Чавусаў. Кожны зь іх атрымаў дыплём, а пераможца — яшчэ і мэдаль з выяваю савы, якая ўздымаецца са стосу кніг.

Найлепшымі ж былі прызнаныя Валерыя Касьцюгова і Сьвятлана Калінкіна. Атрымаўшы ўзнагароду з рук свайго калегі, былога старшыні Белтэлерадыёкампаніі, паэта Генадзя Бураўкіна, Сьвятлана Калінкіна адзначыла:

«Я ня раз атрымлівала прэміі, але ўсе яны былі за межамі Беларусі. На адной з такіх апошніх прэмій у прамове падзякі я нават сказала, што калі я ў Беларусі атрымаю прэмію, то для мяне гэта будзе знакам таго, што чорны пэрыяд на маёй радзіме сканчаецца. І вось яна, гэтая прэмія — сымбаль зьменаў. Я думаю, што цяжкая паласа на маёй радзіме сканчаецца».
Гэтая прэмія — сымбаль зьменаў. Я думаю, што цяжкая паласа на маёй радзіме сканчаецца.

На атрыманьне прэміі ў намінацыі «Надзея» былі вылучаныя чатыры асобы: каардынатар кампаніі «Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку» Вячаслаў Дзіянаў, лідэр моладзевага крыла кампаніі «Гавары праўду» Павал Вінаградаў, актывіст руху «За свабоду» Мікіта Ліхавід, намесьніца старшыні «Маладога фронту» Наста Палажанка. Кожны зь іх таксама атрымаў дыплём, а пераможца таксама мэдаль з выяваю ластаўкі, якая ўзьнімаецца над турэмнымі мурамі.

Адзін з намінантаў, Павал Вінаградаў, ня змог яе атрымаць, бо адбывае чарговы тэрмін зьняволеньня, і таму ўзнагароду ўручылі ягонай жонцы Сьвятлане.

Прэмію «Надзея» былы кандыдат на прэзыдэнта Ўладзімер Ганчарык уручыў намесьніцы старшыні «Маладога фронту» Насьці Палажанцы:

«Прыемна атрымоўваць прэмію ў асяродку годных людзей, з рук годнага чалавека. І тое, што гэтая ўзнагарода ўпершыню ўручаецца ў першы дзень вясны, сьведчыць пра тое, што ўсё ж такі зіма ў нашай краіне не назаўжды».

На цырымоніі ўзнагароджаньня прысутнічалі такія вядомыя ў краіне асобы, як Аляксандар Вайтовіч, Станіслаў Багданкевіч, Радзім Гарэцкі, Зінаіда Бандарэнка і многія іншыя. Менавіта яны вызначалі найлепшых спаміж прэтэндэнтаў, і, як паведамілі арганізатары, ніводзін з кандыдатаў не застаўся бязь іхніх галасоў. Завяршаючы цырымонію ўзнагароджаньня, адзін з сустаршыняў аргкамітэту Ўладзімер Дунаеў падсумаваў:

«Гэтая прэмія Сьвятланы Андрэеўны Навумавай дасталася сапраўды самым годным. Усе намінанты годныя, а пераможцы — безумоўна. І гэтая прэмія ня толькі за прафэсійныя заслугі, а перадусім — за сумленнасьць у прафэсіі. За тую рэдкую якасьць, якая далёка не заўсёды прысутнічае ў прафэсіяналаў і далёка не заўсёды спалучаецца з прафэсіяналізмам. І ў гэтым сэнсе нашая прэмія вельмі рэдкая, бо за сумленнасьць вельмі рэдка ўзнагароджваюць. Дзякую, што вы разьдзялілі нашу ўрачыстасьць».




Уручэньне прэміі адбылося ў офісе Партыі БНФ.

Уручэньне прыпала на 1 сакавіка, з тае нагоды, што дзень народзінаў Сьвятланы Навумавай прыпадае на 29 лютага, але яна заўсёды адзначала свой дзень Народзінаў 1 сакавіка, як сымбаль пачатку вясны, пачатку аднаўленьня.

Прэтэндэнты ў намінацыі «Журналістыка»:

  • шэф-рэдактар газэты «Народная Воля» Сьвятлана Калінкіна
  • намесьнік галоўнага рэдактара «Белгазеты» Віктар Марціновіч
  • карэспандэнт «Свабоды» Алег Грузьдзіловіч

Прэтэндэнты ў намінацыі «Аналітыка»:

  • рэдактар інтэрнэт-сайту «Наша думка» Валерыя Касьцюгова
  • экспэрт Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў Дзяніс Мельянцоў
  • аналітык і публіцыст Юры Чавусаў

Прэтэндэнты ў намінацыі «Надзея»:

  • намесьніца старшыні «Маладога Фронту» Наста Палажанка
  • лідэр моладзевага крыла кампаніі «Гавары праўду!» Павал Вінаградаў
  • каардынатар кампаніі «Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі» Вячаслаў Дзіянаў
  • актывіст руху «За свабоду» Мікіта Ліхавід

Палітоляг, выкладчык Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту Сьвятлана Навумава памерла 10 сакавіка 2011 году, на 56-м годзе жыцьця.

Адразу пасьля яе сьмерці калегі і сябры вырашылі заснаваць у памяць пра Сьвятлану Навумаву прэмію для прафэсійных палітыкаў, аналітыкаў і журналістаў.

Мэта гэтай прэміі — ушанаваць памяць вядомага палітоляга Сьвятланы Навумавай і адзначыць лепшых журналістаў-палітолягаў і маладых палітыкаў, дзеля таго, каб заахвоціць людзей гэтых прафэсій да праўды, справядлівасьці і сваёй прафэсіі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG