Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ніхто з Масквы ня будзе размаўляць з Брусэлем наконт Беларусі»


Да якой мяжы можа дайсьці цяперашняя дыпляматычная вайна Менску і Брусэлю? Чаго хоча дасягнуць беларускае кіраўніцтва, абвастраючы сытуацыю? Як выглядае расейскі чыньнік у гэтым канфлікце?

Андрэй Дзьмітрыеў

Андрэй Дзьмітрыеў

Юры Чавусаў

Юры Чавусаў

Віталь Цыганкоў

Віталь Цыганкоў

На гэтыя ды іншыя пытаньні адказваюць намесьнік кіраўніка кампаніі «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў і палітоляг Юры Чавусаў.

Цыганкоў: Да якой мяжы можа дайсьці цяперашняя дыпляматычная вайна Менску і Брусэлю? Ці гэта проста праверка Менскам «на слабасьць» эўрапейскіх палітыкаў, дэманстрацыя свайго моцнага стылю ў палітыцы? Ці гэта стратэгічная лінія на канфлікт з Эўразьвязам?

«Менск паставіў Эўразьвяз перад неабходнасьцю перагляду ранейшай стратэгіі»


Дзьмітрыеў: Безумоўна, гэты канфлікт — заканамерны працяг адносінаў Беларусі з Эўразьвязам, што склаліся пасьля 19 сьнежня 2010 году. Ён эмацыйны, ва ўласьцівым для беларускай улады стылі. Ці гэта стратэгія на сёньня? Я ня ўпэўнены. Але я ўпэўнены, што беларускі МЗС не чакаў, што высылка двух амбасадараў выкліча ад’езд усіх эўрапейскіх амбасадараў.

І гэта азначае, што сёньня ёсьць новыя варункі, якіх у Менску не чакалі, і зараз яны будуць іх рацыяналізаваць, спрабуючы атрымаць больш з таго, што могуць. Ці хаця б захаваць добры твар пры кепскай гульні.

Цыганкоў: Узгадваючы выказваньне Лукашэнкі, што ў эўрапейскіх палітыкаў няма яйцаў, ці можна сказаць, што сваім цяперашнім рашэньнем Эўразьвяз паказвае, што яны ў іх ёсьць?

Дзьмітрыеў: На маю думку, яйцы ў палітыка ёсьць, калі ён можа рабіць прынцыповыя рашэньні, якія ідуць на карысьць краіне. Тое, што робіць сёньня беларуская ўлада — гэта дакладна не на карысьць краіне. Калі прымаюцца рашэньні, што ідуць не на карысьць Беларусі, то гэта якраз сьведчыць пра адсутнасьць такіх яйцаў у беларускага кіраўніцтва.

Цыганкоў: Юры, ці вы згодныя зь меркаваньнем Андрэя, што беларускія ўлады не чакалі такога адказу ад Эўразьвязу? Калі адбыўся абмен ударамі, то хто цяпер мусіць прытармазіць, даць назад? А можа, ніхто і не зьбіраецца спыняцца, і канфлікт будзе разьвівацца?

Чавусаў: Паводле ўскосных прыкметаў, можна адзначыць, што беларускі бок быў гатовы да такога разьвіцьця падзеяў. Тая прапагандысцкая падрыхтоўка, што ішла апошнім часам у дачыненьні да дыпляматычных прадстаўніцтваў, (фільмы пра брытанскую і польскую амбасады, пра ЗША) сьведчыла пра тое, што беларускі рэжым хоча пераламіць сытуацыю. І вось гэтае чарговае і руціннае пашырэньне візавых абмежаваньняў будзе сустрэтае новай тактыкай Менску. Так і адбылося.
Мне падаецца, што стратэгічна Менск адыграў на сваю карысьць.

Мне падаецца, што стратэгічна Менск адыграў на сваю карысьць. Магчыма, яны сапраўды не разьлічвалі, што зьедуць усе амбасадары, але яны паставілі Эўразьвяз перад неабходнасьцю перагляду ранейшай стратэгіі. Беларускі рэжым, я думаю, сьвядома зараз адыграе актыўную ролю, імкнучыся прымусіць Эўразьвяз перагледзець тую стратэгію, што склалася цягам мінулага году. Ад’езд амбасадараў — гэта прыкмета таго, што такі перагляд будзе.

Магчыма, ён будзе ня вельмі хуткім. Нагадаю, што пасьля Драздоў працэс вяртаньня амбасадараў у Менск заняў даволі працяглы час. Але я не прагназую павелічэньня ўзроўню канфлікту. Узровень эскаляцыі дасягнуў максымуму, і зараз будзе выпрацоўвацца новая тактыка ўзаемадзеяньня. У гэтым сэнсе беларускі рэжым, магчыма, сваёй мэты дасягае. І тут заявы МЗС адносна таго, што ад’езд амбасадараў можа паслужыць паляпшэньню стасункаў (даволі парадаксальныя заявы) робяцца з разьлікам прымусіць Эўразьвяз зьмяніць сваю стратэгію.

«Эўразьвяз намацаў той узровень санкцыяў, які вельмі адчувальны для Беларусі»


Цыганкоў: А ці ня можа быць, што гэтая тактыка беларускіх уладаў можа выклікаць ня той адказ, на які разьлічваюць беларускія ўлады? Замест больш мяккай стратэгіі раптам Эўразьвяз прыме больш радыкальную і жорсткую?

Чавусаў: Узаемадзеяньне Беларусі з Эўразьвязам ня ёсьць гульнёй з нулявой сумай. Няма таго, каб Эўразьвяз хацеў перамагчы Беларусь і прымусіць яе пазбавіцца нейкай часткі свайго сувэрэнітэту. Такога няма. Ёсьць перамовы адносна правоў чалавека і лёсу палітвязьняў. Гэта тое, што Беларусь можа зрабіць у межах перамоўнага працэсу.
Беларускі бок хацеў бы скіраваць перамовы ў кірунку скарачэньня сьпісу неўязных у абмен на вяртаньне ўзроўню дыпляматычных кантактаў.

Беларускі бок хацеў бы скіраваць перамовы ў кірунку скарачэньня сьпісу неўязных у абмен на вяртаньне ўзроўню дыпляматычных кантактаў. Для беларускага грамадзтва гэта непрымальна. Задача не дапусьціць такога разьвіцьця падзеяў. Мы не павінны забываецца, што прычына канфлікту — не дыпляматычныя спрэчкі, а сытуацыя з правамі чалавека, і канкрэтна наяўнасьць вязьняў сумленьня ў Беларусі.

Што тычыцца эканамічных санкцыяў, то, як мне падаецца, Эўразьвяз намацаў той узровень санкцыяў, які вельмі адчувальны для Беларусі. Гэта візавыя і «рахункавыя» абмежаваньні ў дачыненьні да бізнэсоўцаў, зьвязаных зь беларускім рэжымам. Гэта і не эканамічныя санкцыі, зь іншага боку — гэта адчувальна б’е па эканамічных інтарэсах рэжыму.

Цыганкоў: Былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Вольга Абрамава кажа, што канфлікт распальваецца дзеля парлямэнцкіх выбараў, бо патрэбны ўнутраны вораг. Палітоляг Дзяніс Мельянцоў, наадварот, лічыць, што заўсёды з надыходам выбараў улады звычайна наладжваюць стасункі з Захадам. Ці зьяўляюцца парлямэнцкія выбары той падзеяй, якая можа неяк паўплываць на беларуска-эўрапейскія дачыненьні?

«У Эўропе таксама могуць вырашыць, што вайна ім на сёньня больш выгадная»


Дзьмітрыеў: Я думаю, сёньня трэба разглядаць гэтыя крокі ўлады не як нешта незвычайнае, а як стратэгію, якую ўлада выбудоўвае пасьля 19 сьнежня. Улада зразумела, што яна ня можа вытрымаць лібэралізацыю. Нават маленькая, падкантрольная лібэралізацыя пагражае гэтай уладзе.

Мне падаецца, што ідзе стратэгія на зачыстку агульнай сытуацыі ў Беларусі. Натуральна, зараз будзе рацыяналізацыя гэтай дыпляматычнай вайны, кожны з бакоў будзе вызначаць, на што ён згодны. У Эўропе таксама могуць вырашыць, што вайна ім на сёньня больш выгадная, чым знаходжаньне ў Беларусі і слуханьне папрокаў, што «ў вас няма стратэгіі». А вось вам вайна, вось вам стратэгія.
Улада зразумела, што яна ня можа вытрымаць лібэралізацыю.

Але найперш ёсьць прынцыповы выбар беларускай улады. Ён, па-першае, тычыцца прарасейскасьці, арыентацыі на падтрымку Масквы. І па-другое, паводле ўлады, тут не павінна быць ніякіх магчымасьцяў для супраціву, ніякай базы для гэтага. Таму на сёньня беларуская ўлада не зьбіраецца здаваць свае пазыцыі. У іх ёсьць «позади Масква», і яны гэтым карыстаюцца.

Больш за тое, афіцыйны Менск заўсёды адчувае сябе больш добра ў канфлікце, чым у перамовах. Канфлікт значна больш прымальны для гэтай улады. Яна ўмее ў ім жыць, яна мае сродкі, каб данесьці да людзей сваё бачаньне. Таму канфлікт больш прыемны для ўлады, яе існаваньня.

«Ніхто з Масквы ня будзе размаўляць з Брусэлем наконт Беларусі»


Цыганкоў: Ці можна казаць, што Расея ў дадзеным канфлікце якраз «той трэці, які радуецца»? Ці можна сьцьвярджаць, што Маскве выгадны гэты канфлікт і яна нейкім чынам яму спрыяла?

Чавусаў: Безумоўна, Маскве выгадны гэты канфлікт і яна спрыяла яму. Літаральна за некалькі дзён да гэтага была супольная заява прэзыдэнтаў Расеі і Беларусі адносна недапушчальнасьці захадаў эканамічнага ціску супраць Беларусі. Гэта была яскравая замежнапалітычная падтрымка Беларусі на любую тактыку дзеяньняў у адказ на санкцыі. Таму відавочна, што беларускі бок адчувае моцнае заплечча Масквы ў сваіх дзеяньнях.
Ад’езд паслоў — гэта спроба схаваць за «моцнай» пазыцыяй адсутнасьць сур’ёзнага падыходу да беларускай тэмы.

Але я далёкі ад кансьпіралягічных тэорыяў, тут я б хутчэй правёў паралелі з Плошчай. Не Масква, не маскоўскія агенты білі вокны ў Дом ураду, але Масква і Крэмль, безумоўна, ад гэтай сытуацыі выйгралі. Так і тут. Праз адсутнасьць нейкай адэкватнай стратэгіі Эўразьвязу Эўропа церпіць тут паразу. А ад’езд паслоў — гэта спроба схаваць за «моцнай» пазыцыяй адсутнасьць сур’ёзнага падыходу да беларускай тэмы. Зараз ёсьць патрэба такі падыход выпрацоўваць, але, хутчэй за ўсё, Брусэль будзе схільны да вырашэньня беларускай праблемы праз тых, хто мае тут уплыў. Калі тут уплыў мае Масква, то, магчыма, пра беларускую праблему будуць гаварыць з Масквой.

Дзьмітрыеў: «Вайна» Брусэль—Менск не азначае дзеяньняў. Гэта такая пазыцыйная вайна, дзе кожны будзе ў сваіх акопах казаць тое, што яму патрэбна для ўнутраных справаў.

Што тычыцца размовы Брусэлю з Масквой, то я даволі скептычна да гэтага стаўлюся. Мы чамусьці думаем, што размова Брусэлю з Масквой аўтаматычна азначае размову Масквы з Брусэлем. Гэта ня так. На маю думку, на сёньня палітычныя эліты Расеі разглядаюць Беларусь тэрыторыяй, дзе ёсьць і могуць быць толькі расейскія інтарэсы. А гэта азначае, што ніхто з Масквы ня будзе размаўляць з Брусэлем наконт Беларусі. Гэта ня тая тэма, на якую Масква захоча размаўляць з Эўропай.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG