Лінкі ўнівэрсальнага доступу

29 лютага ў бабруйскага актывіста Аб’яднанай грамадзянскай партыі Арцёма Мархасёва ўзялі адбіткі пальцаў.

Як сьцьвярджае актывіст, у міліцыю яго выклікалі, каб удакладніць дэталі адміністрацыйнай справы, паводле якой яго пакаралі штрафам у 700 тысяч рублёў.

Мархасёў: «Пытаньні па справе былі абсалютна недарэчныя, тым больш што абласны суд ужо пасьпеў разгледзець нават маю апэляцыю на вырак бабруйскага суду. Выклікалі ж мяне зусім для іншага. Сказалі, што тыя, хто праходзіць па адміністрацыйных справах, павінны праходзіць і дактыляскапію. Так яны сьпяшаліся, хоць, відаць, ведалі, што мяне забіраюць у войска й там возьмуць адбіткі пальцаў».

Арцёма Мархасёва і яшчэ трох актывістаў затрымалі 2 лістапада, калі яны са сьвечкамі ў руках зьбіраліся прайсьці на плошчу Перамогі да памятнага знаку ахвярам рэпрэсіяў. Актывістаў гвалтам зацягнулі ў службовую міліцэйскую машыну й адвезьлі ў пастарунак. Пазьней на іх склалі пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэньні.

Разглядала справу судзьдзя бабруйскага суду Тацяна Тарабуева, якая прысудзіла чатыром актывістам па 20 базавых велічыняў. Абласны суд пакінуў у сіле вырак Арцёму Мархасёву.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG