Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Берасьцейскі абласны суд адмяніў вырак Міколу Чарнавусу


Мікола Чарнавус каля абласнога суду Берасьця.

Мікола Чарнавус каля абласнога суду Берасьця.

Вырак баранавіцкага суду, вынесены актывісту ўкраінскай грамады Міколу Чарнавусу, адменены берасьцейскім абласным судом.

Судзьдзя Мікалай Грыгаровіч адмяніў рашэньне суду ніжэйшай інстанцыі аб пакараньні Міколы Чарнавуса штрафам у 70 тысяч рублёў. Раней баранавіцкі суд аштрафаваў актывіста за самаўпраўства, якое ўгледзелі ў тым, што ён называе сябе старшынёй баранавіцкага грамадзкага аб’яднаньня ўкраінцаў «Кабзар».

Аднак Мікола Чарнавус ня лічыць сябе вінаватым, таму абскардзіў вырак у абласным судзе. Судзьдзя Мікалай Грыгаровіч прыняў рашэньне адмяніць вырак «з прычыны сканчэньня тэрміну адміністратыўнага спагнаньня».

Мікола Чарнавус кажа, што такога рашэньня ён не чакаў:

«Ехаў у Берасьце і нават не спадзяваўся, што адменяць рашэньне баранавіцкага суду. У баранавіцкім судзе было відавочна, што працэс адбываецца пад ціскам гарвыканкаму. Судзьдзя Станіслаў Півавар, было бачна, нічога ня мог зрабіць. Адзінае, што ён прысудзіў па мінімуме — толькі дзьве базавыя велічыні. Ён сам сказаў, што яго душаць зьверху. Ён сам бачыў, што я нічога не парушаў, што няма тут ніякага самаўпраўства. Таму сёньняшняе рашэньне абласнога суду стала для мяне неспадзяванкай».


У абласным судзе Мікола Чарнавус падкрэсьліў, што на пачатку 2011 году на ўстаноўчым сходзе арганізацыі ўкраінцаў Баранавічаў ён быў абраны старшынёй. На сходзе яму было даручана займацца і рэгістрацыяй «Кабзара». Дзеля гэтага ён вёў перапіску зь мясцовымі ўладамі, падпісваючыся старшынёй гэтай арганізацыі. Аднак баранавіцкія ўлады некалькі разоў адмаўлялі «Кабзару» ў юрыдычным адрасе, неабходным для рэгістрацыі. Таму дагэтуль аб’яднаньне ня мае афіцыйнага статусу.

Справа вакол нерэгістрацыі аб’яднаньня «Кабзар» атрымала і міжнародную агалоску. На суды да Міколы Чарнавуса прыяжджаў прадстаўнік генэральнага консульства Ўкраіны ў Берасьці. А ўкраінскі дэпутат Ігар Гуз выказаў пратэст у сувязі з тым, што ў Баранавічах, на яго думку, парушаюцца правы ўкраінцаў.
XS
SM
MD
LG