Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхары Курасоўшчыны бароняць паліклініку


Жыхары менскага мікрараёну Курасоўшчына пратэстуюць супраць продажу будынка раённай стаматалягічнай паліклінікі.

Прыватная кампанія «Промстройимпорт» плянуе разьмясьціць у выкупленым памяшканьні платны мэдычны цэнтар, а дзяржаўную паліклініку ўлады пераносяць у далёкі ад Курасоўшчыны куток Кастрычніцкага раёну.

Пра тое, што раённая стаматалягічная паліклініка на плошчы Казінца закрываецца для пераезду на вуліцу Варанянскага, мясцовыя жыхары даведаліся незадоўга да прызначанай даты — 1 красавіка. Актывісты ініцыявалі сход з уладамі Кастрычніцкага раёну, дзе і даведаліся, што памяшканьне, у якім месьцілася дзяржаўная ўстанова, даўно прададзенае прыватнай кампаніі «Промстройимпорт».

Чыноўніца: «Я пра продаж гэтаксама даведалася, як і вы».

Спадарыня: «Вы ня ведалі, яны ня ведалі. А хто ведаў? Хто пра людзей будзе думаць? Ну хто, мы вас пытаем?»

Іншая спадарыня: «Усё яны ведалі даўно! Усё яны цудоўна ведалі».

Спадарыня: «Па-першае, трэба было весьці пратакол гэтага так званага сходу, каб перадаць яго ў вышэйшыя інстанцыі, каб яны ведалі настроі людзей і вырашалі праблему».

На сход з жыхарамі раёну прыйшлі два прадстаўнікі афіцыйных уладаў: ідэоляг выканкаму Кастрычніцкага раёну Аляксандар Астаповіч і галоўны ўрач стаматалягічнай паліклінікі № 5 Натальля Марціновіч. Але, паводле іхніх словаў, — не залагоджваць канфлікт, а праінфармаваць людзей пра свае пляны.

Астаповіч: «Сытуацыя здарылася такая, што гэты дом, дзе разьмешчаная паліклініка, цяпер знаходзіцца ў прыватнай уласнасьці арганізацыі, якая плянуе пабудову на гэтым участку мэдычнага цэнтру».

Марціновіч: «Вось гэтыя будынкі ўзводзіў ЖБК. З улікам таго, што ён быў прызнаны банкрутам, то частка іхніх будынкаў была выстаўленая на аўкцыён Гаспадарчым судом Менску. Прыйшла арганізацыя „Промстройимпорт“ і іх купіла. І паверце, 4 мільярды — гэта вялікія сумы, вялікія грошы».

Карэспандэнтка: «Працэс банкруцтва прадпрыемства, продаж маёмасьці — гэта доўгі працэс. Ці было гэта вядома выканкаму Кастрычніцкага раёну і што было зроблена, каб прадухіліць цяперашнюю сытуацыю?»

Астаповіч: «Я не ўпаўнаважаны адказваць на гэтыя пытаньні. Мая задача была прыйсьці і праінфармаваць, што ў нас заплянавана».

Мясцовых жыхароў асабліва абурае, што закрыцьцё дзяржаўнай паліклінікі ў цэнтральнай частцы раёну мясцовыя ўлады праводзяць без уліку іхнай думкі. А таксама, што на сход нават не палічылі патрэбным прыйсьці запрошаныя імі дэпутаты, якія мусяць бараніць інтарэсы сваіх выбарнікаў у раённым і гарадзкім саветах.

Гавораць удзельнікі сходу:

Спадарыня: «Я як былы вязень канцлягеру не знаходжу слоў, каб выказаць абурэньне гэтай уладай, якая толькі і робіць усё «подковёрно».

Зьміцер Марчук: «Сёньня казалі пра тое, што адзін мэдычны цэнтар будзе заменены на іншы. У мяне ў гэтай сувязі ўзьнікае пытаньне: колькі акцыяў галоўнага доктара стаматалягічнай паліклінікі № 5 у гэтым новым мэдычным цэнтры, калі яна гэтак адстойвае іх пазыцыю?»

Людміла Белахвостава: «Зрабілі сход дзеля таго, каб паставіць людзей перад фактам. А мы запрашалі да ўдзелу дэпутатаў райсавету — гэта Казлоў, і гарсавету — Марціновіч, але іх у залі не было. І ўвогуле, крыўдна нават не за гэтую сытуацыю, а за Беларусь, якая прадаецца кітайцам, расейцам і каму заўгодна».

Цяпер жыхары мікрараёну Курасоўшчына пішуць звароты да гарадзкіх уладаў з просьбамі пакінуць паліклініку ў звыклым і зручным для іх месцы. Наступную сустрэчу ўладаў і грамадзкасьці яны маюць правесьці 12 сакавіка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG