Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дыпляматычная вайна — не перашкода экспарту нафтапрадуктаў


Многія незалежныя аналітыкі лічаць, што палітычныя санкцыі ў адносінах да афіцыйнага Менску ня будуць мець плёну, пакуль не пачнуць падмацоўвацца захадамі ў галіне эканомікі. Захад працягвае набываць у вялікай колькасьці беларускія нафтапрадукты, мэталапракат, калійныя ўгнаеньні.

Як падкрэсьліваюць экспэрты, хоць візавыя санкцыі Эўрапейскага Зьвязу і ЗША кропкава закранаюць больш за дзьве сотні беларускіх чыноўнікаў, судзьдзяў, сілавікоў, але ніяк не ўплываюць на паступленьні ў бюджэт ад гандлю Беларусі з краінамі Эўразьвязу. Так, за 2011 год у камэрцыйных стасунках з ЭЗ Беларусь павялічыла гандлёвае сальда, якое дагэтуль было практычна нулявым, больш як на 7 мільярдаў даляраў. Самы адметны прыклад — нафтапрадукты: аб’ёмы іх паставак імкліва павялічваюцца.

Калі доля Эўразьвязу ў беларускім экспарце ў дакрызісны 2010-ты не дасягала і 30%, то летась, дзякуючы ільготным умовам паставак расейскай нафты, яна склала амаль 40%. Больш за 70% беларускага экспарту нафтапрадуктаў прыпадае на Нідэрлянды, і гэты паказьнік працягвае расьці — аб’ём экспарту павялічыўся з 5 мільёнаў тон у 2010 годзе да 7 мільёнаў тон летась.

Аналягічныя тэндэнцыі і ў гандлі зь іншымі краінамі: аб’ём паставак нафтапрадуктаў у Латвію вырас з 850 тысяч да амаль 2 мільёнаў тон, з Італіяй — са 180 тысяч да 650 тысяч тон. У ліку галоўных спажыўцоў таксама Вялікая Брытанія, Польшча, Літва, Эстонія. Апроч таго, Латвія і Літва маюць дывідэнды з таго, што празь іхныя парты нафтапрадукты пастаўляюцца ў Заходнюю Эўропу.

Ці гатовы Эўразьвяз адмовіцца ад беларускіх паставак дзеля ўплыву на палітычны рэжым Аляксандра Лукашэнкі? Супрацькрызісны мэнэджэр Мечыслаў Бурак ў гэтым сумняецца:

«Мая думка такая: усе рычагі ўплыву знаходзяцца ў нас з вамі. Ніякія зьнешнія сілы нам не дапамогуць, апроч тых, хто знаходзіцца ўнутры працэсу. Эўропа пры ўсім тым кіруецца сваімі эканамічнымі меркаваньнямі. Калі беларускі бэнзін удвая таньнейшы, калі калійныя ўгнаеньні ім набываць выгадна, то, калі вы чыталі Маркса, няма той сілы, якая іх спыніла б. І было б няправільна да нечага іх заклікаць, бо такім чынам мы толькі тармозім працэс разьвіцьця. Парадак павінны наводзіць мы самі! Празь цяперашнія санкцыі можна паўплываць хіба што на тое, каб нарэшце мы самі заварушыліся. Таму што гэта наша справа — упраўляцца з рэжымам. А каб мы ўпраўляліся, нам трэба мазгі прачышчаць. Нам — а не яму, Лукашэнку. Вось і трэба думаць, як гэта нам прачысьціць мазгі, каб мы паразумнелі».

Беларускі экспарт у Эўразьвяз на дзьве траціны складаюць пастаўкі нафты і нафтапрадуктаў, што застаецца асноўным артыкулам прыбытку на заходнім кірунку: у 2011 годзе нафтавы экспарт сумарна прынёс Беларусі больш за 10 мільярдаў даляраў. Наступны складнік — калійныя ўгнаеньні — далёка ад нафтавага лідэра і займае крыху больш за 8% зьнешняга рынку. Сьледам ідзе пракат чорных мэталаў.

Беларускі дыплямат, журналіст-міжнароднік Міхаіл Бацян пэсымістычна ацэньвае тое, што цяперашні дыпляматычны скандал зможа падштурхнуць Эўразьвяз да ўвядзеньня эканамічных санкцыяў супраць Беларусі:

«Калі казаць зусім проста, то, на жаль, сьветам, усясьветнай эканамічнай гаспадаркай кіруюць грошы. Таму наперадзе ідуць эканамічныя інтарэсы, гэта самае галоўнае. Тая ж Галяндыя — столькі закупляе ў нас прадукцыі! Мабыць, увогуле першае месца ў сьвеце займае па закупах беларускіх нафтапрадуктаў. Вядома ж, сабе на шкоду яны дзейнічаць ня хочуць і ня будуць, вось і ўся лёгіка. Думаю, так яно будзе і надалей».

Паводле маштабу цяперашні канфлікт — бадай, адзін з самых буйных дыпляматычных скандалаў пасьля „Драздоў“ у сярэдзіне 1990-х. Няўжо ён так і застанецца толькі палітычнай акцыяй? Міхаіл Бацян працягвае:

«Напэўна, так, а можа, яшчэ нават і мацнейшы па сваім размаху, бо задзейнічана нашмат больш краінаў. Але прагназаваць нешта складана. Зразумела, што вайны ня будзе, аднак ацэньваць варыянты разьвіцьця падзеяў надзвычай цяжка. У скрайнім выпадку застанемся, як кажуць палякі, на маргінэсе, на ўскрайку. І вельмі шкада, што так адбываецца, вельмі непрыемна. Мне як былому дыплямату, як шчыраму патрыёту сваёй дзяржавы хочацца, каб яна была ў сьвеце ўсё ж паважанай. Таму вельмі шкада за тое, што цяпер адбываецца».

Ад 2008 году Беларусь працуе ва ўмовах кропкавых санкцыяў з боку кіраўніцтва ЗША. Тым ня меней аб’ём узаемнага гандлю са Злучанымі Штатамі, адміністрацыя якіх выступае пасьлядоўнай прыхільніцай увядзеньня шырокамаштабных санкцыяў супраць беларускага рэжыму, ня надта зьмяняецца: і ў 2010-м, і летась ён складаў у сярэднім паўмільярда даляраў.
XS
SM
MD
LG