Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія чыноўнікі лічаць, што Менск не панясе фінансавых стратаў, калі чэмпіянат сьвету па хакеі 2014 году, які мае адбыцца ў беларускай сталіцы, усё ж будзе перанесены ў іншае месца. Пра гэта 29 лютага заявіў начальнік упраўленьня фізычнай культуры, спорту і турызму Менгарвыканкаму Аляксей Пракаповіч на прэсавай канфэрэнцыі, прысьвечанай падрыхтоўцы да першынства.

Паводле Пракаповіча, горад не панясе ніякіх страт, бо будаўніцтва і рэканструкцыя аб’ектаў ужо ўключаныя ў генплян гораду, паведамляе БелаПАН. А карэкціроўкі, якія ўносяцца для падрыхтоўкі арэн, нязначныя. «Бывае, едзеш у транспарце, — кажа Пракаповіч, — і чуеш размовы пэнсіянэраў, маўляў, вось уся краіна працуе і фінансуе гэты чэмпіянат сьвету. Гэтыя перасуды беспадстаўныя, паколькі ўся фінансавая частка задзейнічана ў адпаведнасьці з генплянам».

Начальнік упраўленьня таксама адзначыў, што на чэмпіянат сьвету чакаецца прыбыцьцё каля 20 тысяч турыстаў у Менск. Паводле яго слоў, такую колькасьць гасьцей удасца без праблем разьмясьціць у беларускай сталіцы ў гатэлях і інтэрнатах розных катэгорый. «Мы жалезна можам разьмясьціць 20 тысяч, і яшчэ ў нас ёсьць рэзэрв прыкладна 5 тысяч месцаў», — сказаў Пракаповіч.

Што да прыбытку ад правядзеньня чэмпіянату, то, як сьцьвярджае чыноўнік, падлічыць яго складана. Але ён заўважыў, што такія чэмпіянаты не бываюць стратнымі, за іх змагаюцца ва ўсіх краінах.

27 лютага швэдзкія СМІ са спасылкай на дырэктара Міжнароднай фэдэрацыі хакею (IIHF) па сувязях з грамадзкасьцю Шымана Шэмбэрга распаўсюдзілі інфармацыю аб тым, што майскі кангрэс IIHF зноў абмяркуе пытаньне аб месцы правядзеньня чэмпіянату 2014 года. Старшыня Беларускай фэдэрацыі хакею Яўген Ворсін гэтыя зьвесткі абверг.

28 лютага Шэмбэрг заявіў БелаПАНу пра тое, Міжнародная фэдэрацыя хакею ня можа выключаць магчымасьці перагляду месца правядзеньня першынства.

Разам з тым, Менск не апускае рукі. На бліжэйшы чэмпіянат у Хэльсінкі і Стакгольм (зь якім будзе спалучанае пасяджэньне IIHF) рыхтуецца прэзэнтацыя спартовых арэнаў Менску. Нядаўна ў Фэдэрацыі хакею Беларусі прайшоў конкурс на выбар афіцыйнага турапэратара хакейнага чэмпіянату. Ім стаў «Цэнтркурорт». Найбліжэйшымі днямі таксама будуць выбіраць білетнага апэратара. На прэсавай канфэрэнцыі Аляксей Пракаповіч акрэсьліў таксама шырокія маштабы падрыхтоўкі да чэмпіянату ўлучна з прадпрыемствамі харчаваньня і культуры, моўна падрыхтаванымі гідамі. Яшчэ раней на дзяржаўным узроўні было абвешчана, што замежным турыстам, якія паедуць на мерапрыемствы чэмпіянату, ня будуць патрэбныя візы.

Калі ж раскручаны махавік падрыхтоўкі раптоўна спыніцца, генплян Менску сапраўды, магчыма, пацерпіць найменш. Усё астатняе засмучэньне будзе вымярацца ў маштабе дзяржаўнага бюджэту і прэстыжу.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG