Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У плянах беларускіх парлямэнтароў няма сумесных мерапрыемстваў з рабочай групай па Беларусі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ. Пра гэта сёньня заявіў намесьнік старшыні Палаты прадстаўнікоў Віктар Гумінскі, адказваючы на пытаньне «Свабоды».

«На жаль, пазыцыя, якую заняла кіраўніца рабочай групы па Беларусі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ Ута Цапф, вартая жалю. Яна не зьяўляецца канструктыўнай. Пра гэта мы казалі летась і ў Бялградзе, і асабіста спадарыні Цапф. Ужо на наступны дзень пасьля завяршэньня прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі яна, не разабраўшыся і ня ведаючы сапраўднага становішча, зрабіла даволі рэзкае заключэньне.

Пасьля гэтага яна пераконвала нас, што ёсьць неабходнасьць прыезду ў Менск рабочай групы, каб разабрацца ў сытуацыі. А якая ёсьць неабходнасьць ехаць, калі ўжо была зробленая адпаведная заява?!

Я вымушаны канстатаваць, што праца гэтай групы на сёньняшні дзень зводзіцца да эпізадычных момантаў. Як правіла, гэтая праца ўзнаўляецца толькі падчас сэсіяў Парлямэнцкай асамблеі. За апошні год я, як кіраўнік беларускіх парлямэнтароў у асамблеі, не атрымаў ніводнага ліста ад спадарыні Цапф.

І цяпер у Вене яна не знайшла магчымасьці альбо не палічыла неабходным запрасіць нас на мерапрыемствы, якая праводзіла паміж пасяджэньнямі. А на тых мерапрыемствах яна казала не пра канфрантацыю, а пра ўвядзеньне эканамічных санкцыяў датычна Рэспублікі Беларусь і прыняцьцё захадаў па падвышэньні іх эфэктыўнасьці. І як мы можам ставіцца да супрацоўніцтва з такой групай?»

Апошняе сумеснае мерапрыемства Палаты прадстаўнікоў і рабочай групы плянавалася ў Менску яшчэ ў траўні 2010 году. Але і яно не адбылося.
XS
SM
MD
LG